Ці сапраўды Крэмль задумаў прыбраць Лукашэнку і знайсці яму замену?

Прыбраць Лукашэнку — значыць, стварыць палітычны крызіс, які немагчыма кантраляваць звонку. Валерый Карбалевіч разважае, ці выгадна РФ цяпер нейтралізаваць Лукашэнку.

_smutak_bol_reczaisnasc_vajna_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

За два гады памянялі кіраўнікоў усіх сілавых структур. Усіх! І ні разу не ўзнікла ўнутранага процістаяння. Чаму цяпер мусіць быць інакш?

Смерць Уладзіміра Макея ажывіла актыўнасць не толькі шарагоўцаў, але і аналітыкаў. Тым больш напярэдадні з’явілася канспіралагічная версія, што Масква разглядае ў якасці магчымых пераемнікаў двух беларускіх сілавікоў.

Увогуле, тэма Крэмля і Лукашэнкі вечная: яна то ўзнікае, то зноў заціхае на працягу доўгіх гадоў; усё залежыць ад інтарэсаў, якія пераследуюць аўтары чарговай інсайдарскай інфармацыі пра беларуска-расійскае абвастрэнне.

Ці існуюць рэальныя падставы, каб усур’ёз паверыць у намер Крамля замяніць Лукашэнку на больш лаяльнага і пракрамлёўскага кіраўніка?

«СНплюс» пагутарыла з палітычным аглядальнікам Валерыем Карбалевічам.

— Ці ёсць падставы казаць, што Крэмль рыхтуе замену Лукашэнку?

— Я скептычна стаўлюся да ўсялякіх канспіралагічных версій. У палітыцы звычайна самае простае і самае яўнае тлумачэнне і з’яўляецца самым блізкім да рэальнасці. Натуральна выглядае смерць чалавека ва ўзросце, немаладога чалавека, якім і быў Уладзімір Макей.

Я лічу, што любыя спробы неяк нейтралізаваць Лукашэнку для Расіі вельмі нявыгадныя. Лукашэнка — адзіны саюзнік Расіі, і цяпер біць па адзіным саюзніку, справабаваць яго замяніць — гэта самае дурное, што магло б прыйсці Крамлю ў галаву.

Больш за тое, галоўны стрыжань персаналісцкага рэжыму — гэта сам уладар, якім з’яўляецца Лукашэнка. Калі выняць з сістэмы стрыжань, яна пойдзе ўразнос, сістэма сутыкнецца з палітычным крызісам. Адсюль прыбраць Лукашэнку — значыць, стварыць палітычны крызіс уласнымі рукамі. Прычым крызіс, які немагчыма цалкам, ад пачатку да канца, кантраляваць звонку, таму што ў працэсе могуць узнікнуць новыя ігракі, якія возьмуць ініцыятыву ў свае рукі. То-бок вынікі такога крызісу могуць аказацца процілеглымі планаваным.

Таму я вельмі сумняваюся, што Крэмль задумаў прыбраць Лукашэнку і знайсці яму замену.

— Чаму трагічнае здарэнне выклікала такую лавіну рэакцый?

— Смерць сапраўды нечаканая, сапраўды раптоўная. Але гэта не адзіная прычына розгаласу.

Па-першае, паводзіны беларускай улады, якая ўпарта не хоча называць сапраўдныя прычыны надзвычайнага выпадку.

Па-другое, развітацца са сваім беларускім калегам не прыехаў кіраўнік МЗС Расіі Лаўроў, хаця аддаць апошнюю даніну саюзніку выглядала б лагічным.

Дый увогуле ў закрытых грамадствах нечаканы сыход з жыцця самага вядомага ў замежжы пасля Лукашэнкі палітыка выклікае лагічныя пытанні.

Менавіта па гэтых прычынах і з’явілася столькі канспіралагічных версій.

— Ці можа ўсё гэта выклікаць бурленне ўнутры сістэмы? Акрамя, канешне, «падкавёрнай» барацьбы за вольнае месца.

— Не. У персаналісцкіх рэжымах такое не можа выклікаць унутраных канфліктаў ці сутыкненняў. Хаця ў алігархічных рэжымах сыход палітыка мог бы выклікаць процістаянне паміж рознымі групоўкамі.

Заўважце: за два гады Лукашэнка памяняў кіраўнікоў усіх сілавых структур. Усіх! І ні разу не ўзнікла ўнутранага процістаяння. Чаму цяпер мусіць быць інакш?

— Ці залежыць далейшы курс як унутранай, так і знешняй палітыкі ад пераемніка на пасадзе кіраўніка МЗС? Зараз, напрыклад, адбылося рэзкае пагаршэнне з правамі чалавека, з правамі палітзняволеных. Ці гэта проста супадзенне?

— Праблеме з правамі чалавека ў Беларусі ўжо больш за два гады, яна вельмі вострая, не сыходзіць з парадку дня і ўсё пашыраецца на новыя групы беларускага грамадства. Аднак сувязі з ужо названай сітуацыяй я не бачу ніякай.

А палітыку ў беларускай дзяржаве вызначае толькі адзін чалавек. Усе астатнія, у тым ліку чыноўнікі і міністры — гэта інструменты, сродкі ў ягоных руках. Змена прозвішча міністра ніякім чынам не паўплывае на знешнюю палітыку.

 «СНплюс»