Сяргей Лаўроў пакідае запіс у кнізе спачуванняў. Фота: ТАСС
«У памяць пра міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, які заўчасна пайшоў з жыцця, мы з падвоенай энергіяй будзем умацоўваць Саюзную дзяржаву, АДКБ, ЕАЭС і СНД», — напісаў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў у кнізе спачуванняў з нагоды смерці свайго беларускага калегі.
Расійскі міністр з прычыны заўчаснай смерці Уладзіміра Макея нават
адмяніў сваю паездку ў Мінск і цяпер наведаў беларускую амбасаду, дзе заявіў, што
«мы (відаць, маюцца на ўвазе беларускія і расійскія чыноўнікі. —
Заўв. рэд.)
павінны вынесці ўрокі з гэтай трагічнай смерці» і
«берагчы адно аднаго, сваіх саюзнікаў, сяброў і блізкіх».
Як звязаны адна з адной смерць беларускага дыпламата і Саюзная дзяржава, Лаўроў не патлумачыў.
Нагадаем, 26 лістапада
стала вядома пра смерць міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. У СМІ тут жа з'явіліся
версіі пра ненатуральныя прычыны сыходу з жыцця вернага паплечніка Лукашэнкі і пра «расійскі след» у гэтай смерці. У сувязі з нечаканай смерцю Макея Сяргей Лаўроў адмяніў запланаваны візіт у Беларусь і накіраваў тэлеграму жонцы нябожчыка. 29 лістапада з былым кіраўніком беларускага МЗС
развіталіся ў Доме афіцэраў. Хто зойме яго пасаду — пакуль невядома.