Ціхары, бусікі і Лукашэнка на пустых вуліцах. Як у Мінску развітваліся з Макеем
У Мінску праходзіць развітанне з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, які раптоўна памёр 26 лістапада па невядомай прычыне. Да 12 гадзін дня чарга трапіць у Дом афіцэраў усё яшчэ была вялікай. У руках людзей можна было заўважыць у асноўным наменклатурныя чырвоныя гваздзікі, піша «Салідарнасць» са спасылкай на відавочцаў.
Вядома, што раніцай з Макеем развітаўся Аляксандр Лукашэнка. Яго фота і відэа на пустых вуліцах у цэнтры Мінска і пасля ў пустой зале апублікавалі прапагандысты.
Меры бяспекі ў гэты час у раёне мінскага Дома афіцэраў былі беспрэцэдэнтныя. Уся плошча ўзмоцнена «ціхарамі», у Купалаўскім скверыку і ля метро размясціліся характэрныя бусікі.
Каля Дома прафсаюзаў відавочцы заўважылі стаянку з машынамі з дыпламатычнымі
нумарамі.
Характэрна, што раней стала вядома, што на развітанне з
калегам не прыедзе расійскі міністр Сяргей Лаўроў. Што выклікала некаторае
здзіўленне і розныя здагадкі.
«Нараджэнне, жыццё і смерць кіраўнікоў у дыктатарскіх краінах пакрытыя цемрай. Іншы раз прама калейдаскоп версій — успомніце сыход з жыцця таварыша Сталіна. Атруцілі? Не аказалі ў патрэбны момант меддапамогі? Сам памёр? — піша Тэлеграм-канал «СерпомПо». — Працягнуліся дзівацтвы і вакол раптоўна памерлага Уладзіміра Макея, лукашэнкаўскага міністра замежных спраў».
Адносна Лаўрова ў расійскім МЗС паведамілі, што на пахаванне Макея адправіцца намеснік кіраўніка ведамства Андрэй Рудэнка. «Інфармацыю пацвярджаю. Ён будзе прадстаўляць міністэрства», — суха паведаміла прэс-сакратар МЗС РФ Захарава.
Але чаму не міністр Лаўроў? Што азначае гэты дэмарш з
паніжэннем статусу прадстаўніцтва? Тым больш што Лаўроў павінен быў бы
сустрэцца з Макеем сёння, не сыдзі апошні з жыцця.
Гаворка ж ідзе пра міністра замежных спраў найбліжэйшага
хаўрусніка. Чаму не праводзіць? Але... Лаўроў чамусьці не едзе. Відаць, вельмі
заняты. Або іншыя прычыны. Нейкая, як казаў Ельцын, «загагуліна» стрымлівае.
«Св*бода» тым часам заўважыла, што на развітанні з Макеем адсутнічалі яго старэйшыя дзеці Віталь і Марына. Віталь Макей раней працаваў разам з бацькам у апараце МЗС, але пасля падзей 2020 года звольніўся з дзяржслужбы.
Вядома, што пахаваны Уладзімір Макей будзе на Усходніх могілках.