Па загадзе Лукашэнкі ён выбіў бы зэдлік з-пад любога. Чаму нельга блытаць Макея і ролю Макея

У ацэнках Уладзіміра Макея, які раптам памёр 26 лістапада, прагрэсіўнае грамадства зрабіла тыповую памылку. Пачало ўзважваць не самога лукашэнкаўскага службоўцу, а ягоную ролю ў беларускай палітыцы апошніх гадоў. 

ria_6693001_preview.jpg


Так, часам гэта рэчы роднасныя, вельмі блізкія. Але ў дадзеным канкрэтным выпадку Жаглоў і Высоцкі — усё ж два розныя чалавекі. І вось чаму.

Зараз кажуць, што Макей-чыноўнік быў супярэчлівай фігурай. З аднаго боку — дагледжаны дыпламат, усталёўваў кантакты з Захадам, мог загаварыць па-беларуску, насіў вышыванку. Ды што там — мадэратар беларускай лібералізацыі, якую цяпер з настальгіяй згадваюць у эмігранцкіх асяродках.
З іншага боку, гэта быў верны служка сістэмы. І калі пасля 2020 года сістэма перастроілася на тэрор супраць свайго народа, то і міністр замежных спраў упісаўся ў працэсы, зняўшы тую самую вышыванку. Яго знакамітае выказванне, што ў выпадку ўзмацнення санкцый грамадзянская супольнасць у Беларусі будзе знішчаная, ёсць праява самага звычайнага фашызму. Ну так, быў ліберал — стаў фашыст.
Насамрэч ніякай супярэчнасці тут няма. Такая роля была ў Макея. Роля — напісаная галоўным рэжысёрам. У першай частцы герой станоўчы і дапамагае бабулі перайсці вуліцу. У другой — у яго вырастаюць іклы і чырванеюць вочы. У серыялах такое здараецца спрэс і побач. Спытайце ў Дэйнэрыс Таргарыен.
Адметнасць тут толькі ў тым, як доўга Макей служыў у гэтым пагарэлым тэатры. І вось тут ужо мы падыходзім да ацэнкі не ролі, а самога артыста. Яго талентаў і маральных якасцяў.
Пра галоўны крытэр прыёму ў трупу Лукашэнкі яшчэ ў 90-я распавядаў Юрый Захаранка. «Ты мусіш выканаць мой любы загад». Захаранка той касцінг не прайшоў. Мы ведаем, што з ім было далей.
Макей уступны іспыт не проста вытрымаў — ён адпавядаў яму два дзясяткі гадоў, знаходзячыся літаральна поруч са сваім мастацкім кіраўніком. Рэдкае доўгажыхарства пад лукашэнкаўскімі сафітамі. У вядомай п’есе Шварца пра дракона гэта называлася быць першым вучнем.
Макей-чалавек — гэта субстрат без якасцяў. Сутнасць, гатовая прыняць любую форму. Функцыя, здольная зрабіць усё, што запатрабуе ад яго начальства.
Быць сістэмным лібералам з лёгкім ухілам у БЧБ — няма праблем. Быць «рускамірцам» на баку крамлёўскай агрэсіі — няма пытанняў. Узасос сябраваць з Захадам? Пляжыць Захад апошнімі словамі? Заўсёды гатовы, дайце толькі загад. З аднолькавым поспехам Макей умеў прыкінуцца як дэмакратам, так і шлангам. Было б толькі гэта прапісана ў сцэнары. Быў бы толькі патрэбны рэквізіт у грымёрцы.
Лукашэнку з ім вельмі пашанцавала. Рэдкі падначалены вылучаецца такой адданасцю. У гэтым Макей быў падобны ўлюбёнаму беламу шпіцу. Па вялікім рахунку, тое было ягонай адзінай якасцю, за якой стаяла адзіная воля — быць запатрабаваным ва ўладзе. Страх незапатрабаванасці — спрадвечная боязь усіх артыстаў.
Да пэўнага часу яму шанцавала з ролямі, адкуль і пайшоў імідж чыноўніка з чалавечым тварам. Пасля 2020-га з рэпертуарам стала складаней, і шмат хто не змог трываць. Многія дыпламаты сышлі — уключна з сынам спадара міністра, бо стала нясцерпна. Макей застаўся і пачаў бараніць рэжым не горш, чым Карпянкоў з Балабам. Каб ацаніць ягоны ўнёсак у агульную справу, дастаткова перачытаць-пераслухаць адыёзныя прэс-рэлізы МЗС за апошнія два гады. Некаторым пазайздросціць эталонная хабалка ад расійскай дыпламатыі Марыя Захарава.
Некаторыя мяркуюць, што пераўтварэнне ў адмоўнага персанажа ўсё ж каштавала Макею моцных маральных пакутаў. Праз што ён нібыта і парваў сэрца, і ў выніку памёр на 65-м годзе жыцця. Цалкам марныя рэфлексіі.
Па-першае, мы ўжо не даведаемся, ці тузалі сумневы міністра ў вырашальным 2020-м. Па-другое, на яго шляху было шмат ростаняў, і ён заўсёды без бачных ваганняў крочыў услед за Лукашэнкам. Па-трэцяе, за чалавека заўсёды найперш гавораць справы, а не думкі. А сваю справу Макей ведаў добра. І ў гэтым сэнсе ён нічым не адрозніваўся ад амапаўца з дручком альбо садыста-вертухая на прадоле.

makey_diplomat_prijem_zhurnalisty.jpg


Зрэшты, калі ён нават і перажываў, то гэта нічога не мяняе. На вядомым здымку ў атачэнні незалежных журналістак Макей сапраўды выглядае больш шчаслівым, чым пасля 2020-га, калі тых журналістак у ліку тысяч беларусаў кінулі за краты. Аднак быкаўскі Рыбак таксама пераймаўся, што не перашкодзіла яму выбіць зэдлік з-пад Сотнікава.
Калі б роля патрабавала ад Макея зрабіць тое ж самае, няма падставаў думаць, што ён бы гэтага не зрабіў.