Смерць Макея. Беларуская ўлада будзе дзейнічаць зыходзячы з прэзумпцыі змовы

Калі чалавек жыве ў плане Далеса, то яго не прымусіш паверыць у выпадковае супадзенне. І не важна, ці верым у выпадковасць смерці Макея мы, важна, у што верыць беларуская ўлада. Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай для яго іранічнай манеры разважае пра тэорыю змовы.

tytanik_rb.jpg

Я зусім не веру ў канспіралогію. Мне неяк бліжэй прынцыпы добрага брата Білі з Акама. Калі раптам запахла серай, то, перш чым арганізоўваць вытворчасць святой вады ў прамысловых маштабах, трэба спачатку праверыць прастору вакол сябе на прадмет уцечак жыллёва-камунальнага характару. Так ужо ўладкаваны свет, што людзі ў ім — смяротныя, а многія з людзей — нават раптам смяротныя.

Але не важна, веру я ў якую-небудзь канспіралогію або не. Важна, што сёй-той верыць наогул у любую канспіралогію. Ён у ёй, у гэтай канспіралогіі, можна сказаць, жыве. І не адзін, а разам з блізкімі і далёкімі паплечнікамі. Свет змоў, сакрэтных планаў і паходу амерыканцаў на Кітай праз Сібір — гэта ўсё для беларускай улады самае натуральнае асяроддзе пражывання.

А калі чалавек жыве ў плане Далеса, то яго не прымусіш паверыць у выпадковае супадзенне. Якое ўжо тут супадзенне, калі іх напярэдадні адразу з двух бакоў папярэдзілі пра сакрэтныя планы старэйшага саюзніка? Учора папярэдзілі — а сёння Міністэрства засталося без міністра? Ніякае гэта не супадзенне! Беларускія чыноўнікі занадта добра разбіраюцца ў змовах, каб паверыць у такую выпадковасць. Вось нават калі б не было столькі ахвочых расказаць ім свае канспіралагічныя тэорыі, усё роўна яны б не паверылі ў супадзенне і натуральны ход рэчаў.


Не важна, у што верым мы з табой. Не вельмі важна нават, што там адбылося насамрэч. Важна, што беларуская ўлада, хутчэй за ўсё, будзе думаць і дзейнічаць зыходзячы з прэзумпцыі змовы. Гэта значыць, услых пра змову яна, вядома, казаць не стане. Але будуць мець на ўвазе. Тут усё пытанне ў тым, каго яны ў сваёй галаве запішуць у змоўшчыкі.

А ў беларускай знешняй палітыцы ад змены міністра замежных спраў нічога, вядома, не зменіцца. Беларуская замежная палітыка знаходзіцца цяпер у такім стане, што сапсаваць яе ўжо ніяк немагчыма. З міністрам або без міністра. Насамрэч, для беларускай знешняй палітыкі не толькі міністр, але нават і МЗС як асобнае міністэрства — неапраўданая раскоша і лішнія бюджэтныя выдаткі. У сваім бягучым стане гэтая знешняя палітыка магла б выдатна абысціся пасольствам у Расіі і Дэпартаментам знешніх пакаранняў пры МУС.