«Калі Беларусь будзе сыходзіць пад Расію, МЗС ёй будзе непатрэбнае»
Палітолаг Андрэй Ягораў — пра магчымага пераемніка Макея і далейшы лёс знешняй палітыкі Беларусі.
Палітолаг «Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі» Андрэй Ягораў у інтэрв'ю «Филину» выказаў сваё меркаванне пра ролю Уладзіміра Макея ў знешняй і ўнутранай палітыцы Беларусі і наконт магчымых кандыдатур на роль пераемніка ў знешнепалітычным ведамстве.
— З прызначэннем кіраўніка МЗС стане зразумела, на што цяпер будзе рабіць стаўку кіраўніцтва нашай краіны. Вядома, у цяперашніх рэаліях Лукашэнка больш не можа рабіць адназначную стаўку на Захад, які яго выратуе. Але ці разлічвае ён па-ранейшаму на гульню з Захадам, ці працягне шукаць спробы кантактаў, дыялогу з мэтай зніжэння санкцыйнага ціску? — задаецца пытаннем Ягораў. — Альбо ўлады згодныя, што краіна цалкам сыходзіць пад Расію, закрываючы заходні вектар і працягваючы ў сваёй палітыцы гэтую агрэсіўную рыторыку.
Калі яны выбіраюць першую стратэгію, патрэбны чалавек з разуменнем таго, як функцыянуе палітык на Захадзе і з прымальным тварам для Захаду, таму якога-небудзь Савіных (Андрэй Савіных, дэпутат. — Заўв. рэд.), напрыклад, туды не паставіш.
Патрэбны не тое каб празаходні чалавек, а хаця б той, на каго заходнія палітыкі змогуць глядзець без агіды і хто зможа гаварыць з імі на іх мове, у прамым і пераносным сэнсе, гэта значыць чалавек з заходняй адукацыяй, які ведае мовы, які прайшоў нейкія стажыроўкі. Вось Алейнік (Сяргей Алейнік, першы намеснік міністра замежных спраў. — Заўв. рэд.), думаю, мог бы сюды ўпісацца. Ці хтосьці прыкладна такі ж.
Калі беларускія ўлады не збіраюцца імкнуцца да паляпшэння адносін з Захадам, тады няма розніцы, каго паставіць на пасаду кіраўніка МЗС. Таму што тады і сам МЗС наогул непатрэбны ў гэтым месцы.
МЗС — гэта замежная палітыка, а калі Беларусь будзе сыходзіць пад Расію і ўсё больш апускацца ў канфлікт Расіі з Украінай, тады і замежная палітыка будзе перасякацца з расійскай. Ніхто не будзе лічыцца з Беларуссю як з асобным гульцом.
Адносна таго, ці ёсць шанцы ў Віктара Лукашэнкі заняць пасаду міністра замежных спраў, палітолаг адказвае адмоўна.
— Я думаю, што ні пры якіх абставінах у яго няма гэтых шанцаў. Вылучэнне Віктара Лукашэнкі на гэтыя пазіцыі будзе занадта нагадваць прыватызацыю дзяржавы сямейным кланам.
А гэта стратэгічна непрымальна для тых, хто ўтрымлівае ўладу. Таму што яны хочуць кіраваць далей і думаюць, як. А такога роду рашэнні пагаршаюць іх становішча — і з рацыянальных меркаванняў не павінны прымацца.