Валер Кавалеўскі — аб смерці Макея: бясслаўны і бясплённы сыход
Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Валер Кавалеўскі: «Я ведаў Макея асабіста і маю станоўчы досвед супрацоўніцтва з ім з часоў дыпламатычнай службы. Па-чалавечы спачуваю яго блізкім, гэта цяжкая страта чалавека, які памёр у такім узросце».
Далей беларускі палітык і паплечнік Святланы Ціханоўскай працягнуў:
«Але, як грамадзяніну Беларусі, мне яшчэ больш шкада страчанай гістарычнай магчымасці, калі грамадства чакала ад Макея, што ён знойдзе смеласць перайсці на бок народа. Аднак ён застаўся служыць бесчалавечнаму, антыбеларускаму рэжыму, спрычыніўся да злачынстваў супраць чалавечнасці, да агрэсіі супраць Украіны.
Да 2020 года ён быў адным з нямногіх, з кім заходняя дыпламатыя была гатова весці перамовы, хто дамогся пэўных дасягненняў у знешняй палітыцы, як кіраўнік МЗС. Але яго бясслаўны і бясплённы сыход паказаў, як можна памыліцца, калі адкладаць правільныя справы і рашэнні на пазней».
Думаю, заўчасная смерць Уладзіміра Макея нагадае іншым беларускім чыноўнікам, якія разумеюць бесчалавечную сутнасць і бесперспектыўнасць рэжыму, што час на рашэнні і дзеянні — абмежаваны».