Фрыдман: Ці здольны Крэмль зрынуць Лукашэнку? Мне здаецца, малаверагодна

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у сваім телеграм-канале заўважыў, што пасля саміту АДКБ у Ерэване распаўсюджваюцца чуткі, што Крэмль хоча пазбавіцца ад Лукашэнкі. І ўжо нават знайшоў яму замену — Станіслава Зася, які пакідае пасаду генеральнага сакратара АДКБ, або дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча.

pu_lu_karik1.png


Думку пра замену Лукашэнкі выказаў у сваім тэлеграм-канале прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, экс-саўладальнік кампаніі «ЮКАС» Леанід Неўзлін. Ён напісаў: «Паводле інфармацыі крыніц, блізкіх да Крамля, Уладзімір Пуцін цяпер прапрацоўвае план замены прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на іншую лаяльную Расіі фігуру. Неабходнасць замены Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь звязана з пагаршэннем яго фізічнага і псіхалагічнага здароўя».

«Салідарнасць» пацікавілася ў Аляксандра Фрыдмана, ці мае Крэмль магчымасці рэальна зрынуць кіраўніка Беларусі.

— Тут трэба разглядаць, якім чынам гэта можна зрабіць. Нават у той версіі, якая там апісана, не ідзе гаворкі пра тое, каб адзін са згаданых перамог на выбарах. Там наогул не абмяркоўваецца механізм, якім чынам рэжым Лукашэнкі можа быць зменены. Можна ўявіць што заўгодна: Лукашэнка сыходзіць добраахвотна, адбываецца дзяржаўны пераварот, дзейнічае нейкая змова, калі Лукашэнку адхіляюць ад улады…

Што тычыцца рэалізацыі ўсяго гэтага — вельмі складана ацаніць яе паспяховасць. Гэта ўсё на ўзроўні спекуляцый: Масква хоча паказаць, што ў стане вырашыць любую праблему і прывесці да ўлады любога чалавека, якога захоча.

Пры гэтым, звяртае ўвагу эксперт, можна паглядзець гісторыю падзей на постсавецкай прасторы за апошнія 20 гадоў і ўбачыць, што з гэтым у Расіі пакуль не вельмі атрымліваецца.

— Тым асобам, якія лічацца марыянеткамі Масквы, не ўдаецца нейкім чынам захаваць сваю ўладу. Таму я не стаў бы пераацэньваць іх рэальныя рычагі. Напрыклад, ва Украіне Януковіч сышоў, а Медведчука да ўлады прывесці не змаглі. Таксама сітуацыя ў Малдове, дзе з дапамогай пратэстаў Масква спрабуе прывесці да ўлады сваіх людзей.

Калі мы паглядзім на сённяшнюю беларускую бюракратыю і сілавыя структуры, то хто зможа здзейсніць гэты пераварот: войска, КДБ, міліцыя? Ад гэтых сілавых структур пакуль няма абсалютна ніякіх сігналаў, інсайдарскай інфармацыі, што там можа нешта такое рыхтавацца.

Трэба ўлічваць: любыя перавароты, асабліва паспяховыя, публічна не рыхтуюцца. Таму цалкам можна ўявіць, што нейкія беларускія сілавікі маюць сувязі з Масквой. Згаданыя Зась і Вальфовіч з Масквой, безумоўна, звязаны, у іх і біяграфіі адпаведныя.

Але іншае пытанне, ці магчыма на самай справе падрыхтаваць якую-небудзь змову ў Беларусі, каб зрынуць Лукашэнку, ці Лукашэнка сапраўды ўсё кантралюе?

754551966900236.jpeg


Палітычны аглядальнік лічыць: пакуль што ўсё кажа пра тое, што Лукашэнка кантралюе сітуацыю. Пры гэтым цяпер існуе вельмі непрыемны для яго фактар: расійская ваенная прысутнасць у Беларусі, войскі, якія падпарадкоўваюцца не яго загадам, а Пуціна.

— Дзякуючы расійскай групоўцы Расія ў тым ліку стварае яшчэ большыя рычагі для ўплыву. Але ці здольныя яны вось так вось проста ўзяць і зрынуць Лукашэнку? Мне здаецца, гэта малаверагодна.

Фрыдман мяркуе, што заявы аб магчымым зняцці Лукашэнкі Масквой могуць мець некалькі прычын.

— Такімі дзеяннямі яны могуць неяк паўплываць на Лукашэнку. Ён па сваёй натуры канспіролаг. Яго свет — гэта свет інтрыг і змоў.

Тое, што хтосьці можа паспрабаваць яго скінуць, Лукашэнка вельмі добра можа сабе ўявіць. І калі ён чуе такія тэорыі, я думаю, ён пачынае нервавацца. Так што яму гэтая навіна сама па сабе будзе непрыемная.

Па-другое, можна ўявіць, што гэта ўкід з беларускага боку, бо ідзе канкурэнцыя ў беларускіх сілавых органах. І таму спецыяльна названы гэтыя два чалавекі, каб аслабіць іх уплыў. І калі пра ўплыў Зася можна спрачацца, то Вальфовіч з'яўляецца адной з ключавых фігур у сілавым блоку. Магчыма, проста пляцецца ўнутраная інтрыга супраць Вальфовіча з мэтай аслабіць яго пазіцыі.

Вядома, я не ўяўляю, што ў бліжэйшы час адбудзецца нешта накшталт адстаўкі Вальфовіча або што ён публічна патрапіць у апалу. Але будзе цікава паглядзець, ці адрэагуе наогул Лукашэнка на гэта. Таму што раней ён не мог стрымлівацца і на падобнае рэагаваў.

Таксама аглядальнік адзначае, што звяржэнне Лукашэнкі Крамлём можа ажыццявіцца ў выпадку, калі той пачне «брыкацца» і пярэчыць Крамлю.

— Цяпер Масква прыціснута да сценкі, і яна без тармазоў. У Пуціна ідзе барацьба за выжыванне. Альбо ён у вайне супраць Украіны неяк выйграе, захоўваючы сваю ўладу, альбо для Расіі ўсё можа скончыцца зусім сумна.

У такой сітуацыі не да прыстойнасцей, калі Лукашэнка пачне неяк брыкацца. Ім усё ж такі вельмі складана маніпуляваць, ён свае інтарэсы заўсёды кладзе ў аснову: гэта не класічная марыянетка, якая выконвае загады. У цяжкіх сітуацыях ён для Масквы ненадзейны і складаны.

І калі ў сітуацыі, калі ў Масквы ўсё гарыць пад нагамі, Лукашэнка пачне брыкацца, то Масква здольная на ўсё.

На пытанне, што будзе азначаць для Беларусі рэалізацыя патэнцыйнага плана па звяржэнні Масквой Лукашэнкі, Фрыдман адказвае так:

— Вядома, рэжым Лукашэнкі прарасійскі, але Лукашэнка самастойна вызначае ўнутраную палітыку, і ў яго больш самастойнасці, чым у звычайнага расійскага губернатара. Калі ім удасца нейкім чынам паставіць на месца Лукашэнкі свайго чалавека, ён будзе выконваць усё, што яму дыктуе Расія. Гэта будзе азначаць, што зніклі апошнія рэшткі беларускай незалежнасці і самастойнасці.

Пераклад «НЧ»