Трэшачок тыдня. Як Лукашэнка пераварочваў рэчаіснасць на саміце АДКБ і прагаворваўся пра самога сябе

Пра тое, што Лукашэнка слынны майстра размоўнага жанру, беларусы ведаюць ужо амаль 30 гадоў. Як і пра тое, што яго словы ў дзевяці выпадках з дзесяці маюць мала агульнага з рэальнасцю. Аднак апошнім часам «стэндапы» ў выкананні галоўнага беларускага гаваруна выходзяць на новы — касмічны — узровень. Багатае слоўнае вывяржэнне падчас нядаўняга саміта АДКБ у Ерэване — таму наўпроставы доказ. Трэшачок, якім ён ёсць.

weekenpinok_1312x819_1024x639.jpg


Дысклеймер: канечне, Лукашэнка хлусіў і раней, ён заўсёды хлусіць. Калі выпадкова, праз сваё невуцтва — кажучы, напрыклад, пра вершы Васіля Быкава ці дзейнасць Францыска Скарыны ў Піцеры. Калі мэтанакіравана — абвінавачваючы, скажам, Вялікабрытанію ў разні ў Бучы альбо гаворачы пра славутыя «чатыры пазіцыі, з якіх рыхтаваўся напад». Усё гэта так, усё гэта мы ведаем. І ўсё роўна не стамляемся дзівіцца ад палёту фантазіі гэтага чалавека.
У Ерэване Лукашэнка брахаў з асаблівым натхненнем. Наўпрост у вочы кіраўнікам Арменіі, Казахстана, Таджыкістана і Кыргызстана. У каментарах расійскім журналістам. Ляпіў гарбатага так актыўна, што без аніякіх паўтаноў белае называў чорным, а мяккае — цвёрдым.
Эксперты ўжо звярнулі на гэта ўвагу, то не пройдзем міма і мы. Згадаем, што казаў беларускі Мюнхгаўзен у сонечнай сталіцы Арменіі і як да гэтага варта ставіцца.

Толькі Украіна можа спыніць вайну, Крэмль тут ні пры чым

1__1__28.png


Некалькі разоў, і ў выступе за круглым сталом і потым у каментары расійскім прапагандыстам, Лукашэнка прасоўваў наратыў, што прыпыненне баявых дзеянняў ва Украіне цалкам на адказнасці афіцыйнага Кіева. Маўляў, як хочуць міру — то вось вам найкарацейшы да яго шлях. Садзіцеся з Расіяй за стол перамоваў.
«Усё ў руках Украіны. Не таму, што я хачу спіхнуць гэтую тэму на Зяленскага. Сапраўды, усё цяпер у руках Украіны. Калі яны не хочуць гібелі, прытым у велізарнай колькасці, людзей… Цяжка, але трэба спыніцца, бо далей будзе поўнае знішчэнне Украіны», — сказаў Лукашэнка.
На звычайную мову гэта перакладаецца проста: Украіне трэба здацца, капітуляваць — і ні адна ракета больш не паляціць на Кіеў альбо Херсон. Жалезная логіка, што тут скажаш. Асабліва калі памятаць, што як раз УСУ зараз маюць поспехі на фронце, і хай памалу, але вызваляюць свае населеныя пункты ад акупантаў.
Чаму нельга прыпыніць вайну іншым шляхам — наўпроставым вывадам расійскіх войск па загадзе з Масквы — мінскі «міратворац» не ўдакладніў.
Увесь свет ведае, хто распачаў вайну і хто можа яе скончыць. Увесь свет разумее, што ўкраінцы бароняць сябе, сваю зямлю і сваю незалежнасць. Увесь свет бачыць, што нясе Украіне «рускі свет» — гора, смерць, катаванні і разбурэнні. І толькі Лукашэнка мастацкі ўключае дурня і пераварочвае рэчаіснасць з ног на галаву.
Дарэчы, капітуляцыю Украіны можна абсалютна сур’ёзна лічыць блакітнай марай Лукашэнкі. Бо ўва што тады ператворыцца краіна? Правільна: яна стане такой жа прарасійскай, такой жа залежнай ад Масквы тэрыторыяй, што і Беларусь. І адзіны крамлёўскі хаўруснік будзе ўжо не адзіны, і яму будзе вельмі камфортна ў доўгачаканым «славянскім братэрстве» не толькі з Пуціным, але і з якім-небудзь Януковічам. Разам весялей — і сябраваць, і надалей даіць Расію.
Аднак, як ужо бачна, такому сцэнару не быць. Праз тое Лукашэнка і раздражняецца — і вярзе лухту, ужо не зважаючы, што перад ім не толькі «мой родны пул» прапагандыстаў, а і замежная прэса, і лідары шэрагу краін. І так, менавіта госць з Беларусі больш за ўсіх (магчыма, разам узятых) прамаўляў у Ерэване. Расійскі «Коммерсант», які традыцыйна кпіць з саюзнічка, па выніках саміту назваў Лукашэнку «галоўным, хто выгаварыўся».

Ядзерная пагроза сыходзіць ад каго заўгодна, акрамя Расіі

2__5__7.jpg


Таксама ўвесь свет ведае, хто цяпер стварае чалавецтву непасрэдную ядзерную пагрозу. У верасні аб гэтым казаў асабіста Пуцін, маўляў, калі з’явіцца рызыка для тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі, то за намі не заіржавее. І дадаваў: гэта не блеф. На федэральных расійскіх каналах дык увогуле амаль штодзень заклікаюць пераўтварыць калектыўны Захад у ядзерны пыл.
І ўжо колькі месяцаў сусветны палітыкум, экспертная супольнасць і простыя людзі, уключаючы Ілана Маска, асцерагаюцца, каб у Крамлі не націснулі на чырвоную кнопку. Ужо і тэлефанавалі Пуціну, і папярэджвалі, што літаральна прыляціць у адказ…
І толькі Лукашэнка існуе ў паралельнай рэчаіснасці, дзе навокал скачуць ружовыя поні і аксамітныя адзінарогі. У гэтым сусвеце родны і блізкі Уладзімір Уладзіміравіч заслугоўвае Нобелеўская прэміі міру, а ядзернай зброяй бразгаюць выключна заходнія крыважэрныя палітыкі.
«Усё часцей гаворка заходзіць аб магчымасці прымянення ядзернай зброі. Тое, што нельга было ўявіць яшчэ два-тры гады таму. Ядзерная рыторыка асобных заходніх лідараў зашкальвае. Польскае кіраўніцтва дэкларуе гатоўнасць размясціць у сябе ядзерную зброю. Наша цвёрдае перакананне — ядзернаму шантажу не павінна быць месца ў міжнароднай палітыцы!» — размахваў рукамі Лукашэнка на саміце ў Ерэване. І ні паўсловам не абмовіўся, а хто ж, уласна, шантажуе сусветную супольнасць ядзернымі боегалоўкамі.

Марыянетка Зяленскі, а не сам Лукашэнка

3__4__8.jpg


Ну і ўжо традыцыйна, выказваючыся пра вайну, Лукашэнка падкрэсліў несамастойнасць украінскага прэзідэнта Зяленскага. Нахаміў яму таксама звыкла, прыгадаўшы «нямытую кофтачку», а потым зноў заклікаў дамаўляцца з Крамлём.
«Пытанне ў тым, ці дадуць Украіне сесці за стол перамоваў», — пыхліва дадаў, намякаючы на марыянеткавы характар украінскай улады.
Гэта не ўпершыню, калі самы незалежны ў свеце палітык выкрывае лялькаводаў і іх памагатых. Але падобна, што гэтая рыторыка ўсё больш і больш выдае ўласнае самаадчуванне беларускага дыктатара. І чым гучней ён кажа пра залежнасць Зяленскага ад Захаду, тым больш ясна бачны яго асабісты васальны статус на пасылках у Масквы.
Украіна, вядома, залежыць аж Еўропы і ЗША — асабліва ад паставак зброі. Але і зброі, і іншай дапамогі Кіеў патрабуе з пачуццём годнасці і палітычнай самадастатковасці. Кажа, мы баронім не толькі сябе, а і вас. Калі мы падзем, то кашчавая рука Расіі дацягнецца і да ЕС. І падае заяўкі на ўступленне ў Еўрасаюз і НАТА — і не ўсім у Еўрасаюзе і НАТА гэта падабаецца. А ўжо рыторыка… Дастаткова згадаць, якімі словамі, не саромячыся, украінская амбасада ў Германіі называла нямецкі ўрад. І якімі мацюкамі крыў нерашучых заходніх палітыкаў прадстаўнік офіса Зяленскага эпічны Арастовіч.
Украіна патрабуе падтрымкі — зацята, настойліва, на мяжы фола. І гэта цікава параўнаць з паводзінамі Лукашэнкі ў дачыненні да Расіі.
А паводзіны тыя як раз марыянеткавыя. На тым жа саміце беларускі аўтакрат дагаварыўся да таго, што гэта Захад працуе на эскалацыю канфлікту. Бо «планамерна нарошчвае вайсковую прысутнасць» пад прэтэкстам «стрымлівання нібыта агрэсіўных паводзін Расіі». Ну так, хіба расійцы агрэсіўныя? Бамбяць там крыху ўкраінскія гарады, забіваюць крыху дарослых і дзяцей — справа жыццёвая. Як і тое, што расійскія войскі акурат «нарошчваюцца» на беларускіх палігонах, адкуль ужо не аднойчы атакавалі Украіну.
Многія аналітыкі слушна мяркуюць, што Лукашэнка ўжо стаў ледзьве не хатнім сабачкам Пуціна. І брэша менавіта тое, што прэзідэнт РФ хоча чуць, але з пэўных прычын сам сказаць не можа. Нездарма гаспадар Крамля заўсёды паблажліва ківае галавой, калі ягоны верны паслугач транслюе расійскае бачанне нібыта ад свайго імя. І навешвае цэтлікі, якія добра пасуюць яму самому. І танчыць пад крамлёўскую дуду дзеля чарговага крэдыту. І здае маскоўскаму спонсару кавалкі беларускага суверэнітэту дзеля ўласнага палітычнага выжывання.