«Ратавацца ад абломкаў, якія падаюць на галаву, прыйдзецца раней, чым украінцы захочуць мірнага ўрэгулявання»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай для яго іранічнай манеры піша пра эвалюцыю палітычных прагнозаў аднаго добра вядомага нам майстра гэтай справы. І эвалюцыя гэтая вельмі заўважная.

acknowledge_4939027_1280.jpg


Учора майстар палітычных прагнозаў зрабіў новы прагноз адносна вайны ва Украіне. Ну, ты ў курсе: у яго і Парашэнка — прэзідэнт Украіны, і Трамп руліць ЗША. А ў гэты раз ён сказаў, што калі пакінуць украінцаў без цяпла, святла, вады і інтэрнэту, праз год-два яны разлюбяць прэзідэнта Зяленскага і спагоняць за мірныя перамовы.

Гэта значыць, за восем месяцаў вайны ўяўленні аб аб'ектыўнай рэальнасці зрабілі вялікі крок у бок набліжэння да гэтай самай аб'ектыўнай рэальнасці. Пасля ўзяцця Кіева за тры дні, пасля планаў дэнацыфікацыі ўсёй краіны, пасля «Расія ўсё роўна пераможа» і «Расія не можа прайграць» стратэгічныя разлікі хаўруснікаў цяпер палягаюць у тым, што ўкраінцы калі-небудзь стануць менш любіць прэзідэнта Зяленскага.

Вось з дэнацыфікацыяй і дэмілітарызацыяй усёй Украіны не задалося, так хочацца хоць што-небудзь ад яе адгрызці метадам мірнага ўрэгулявання. І дзеля дасягнення гэтай вялікай мэты старэйшаму саюзніку не шкада, вядома, ніякіх ракетных запасаў. Не кажучы ўжо пра такую смешную штуку, як рэпутацыя. Варта было Еўрапарламенту прагаласаваць за тэрарыстычны статус Расіі, і Расія адразу зняпраўдзіла гэтыя інсінуацыі новым масіраваным абстрэлам украінскіх гарадоў.

Хоць майстар прагнозаў, па-мойму, і сам разумее, што калі ён кажа пра год-два, то выдае жаданае за сапраўднае. Што няма ў саюзнікаў ні года, ні тым больш двух. Што калі спадзявацца на год-два, то ратавацца ад абломкаў, якія падаюць на галаву  прыйдзецца раней, чым украінцы захочуць мірнага ўрэгулявання па расійскіх рэцэптах. Ужо нават партнёры па калектыўнай бяспецы заўважылі нетрываласць канструкцыі і імкнуцца адсунуцца далей, каб выпадкова не прыціснула.

Таму старэйшы саюзнік не шкадуе ракет, а малодшы — вербальных інтэрвенцый. У каго што ёсць. То буркуе голубам міру, то пагражае знішчэннем Украіны і абяцае здрыгануць не толькі Еўропу. Таму што толькі замарожванне вайны на расійскіх умовах абяцае саюзнікам умоўна-бяспечную будучыню.

І я, вядома, моцна асцерагаюся, што аднымі толькі вербальнымі інтэрвенцыямі малодшы саюзнік можа не абмежавацца. Таму што чым далей, тым больш падаецца, што губляць яму агулам ужо і няма чаго. І калі гэта разумеем мы з табой, то ўжо ён — і пагатоў.

Пераклад «НЧ»