Карбалевіч: Лукашэнка адчувае, што галоўная небяспека — па-за межамі краіны

Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах плюс» разважае пра тое, як прапагандысцкі наратыў рэжыму трансфармуецца ў рэальную палітыку.

Илюстрацыйнае фота: ТАСС

Илюстрацыйнае фота: ТАСС


«Цвёрдасць пазіцыі, якую не ў сілах змяніць ход прайграванай бітвы, — характэрная прыкмета кіруючай меншасці грамадства, якое распадаецца».


Арнольд Тойнбі


Увесь мінулы тыдзень беларускае палітычнае кіраўніцтва прысвяціла знешняй палітыцы. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка здзейсніў візіт у Іран, Сірыю і Расію.
Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічаў у саміце АДКБ у Ерэване і двойчы каментаваў міжнародныя падзеі. Яму відавочна цесна ў вузкіх рамках беларускай палітыкі. Яго прыцягвае шырокая міжнародная арэна, ён прэтэндуе на статус палітыка сусветнага ўзроўню. І чым больш ён аказваецца ў міжнароднай ізаляцыі, тым часцей спрабуе неяк звярнуць на сябе ўвагу.
З іншага боку, Лукашэнка інстынктыўна адчувае, што галоўная небяспека яго кіраванню сёння зыходзіць з-за межаў краіны. Унутры ён «навёў парадак», здушыў усялякую альтэрнатыву. Але нечакана з'явілася знешняя пагроза. Лукашэнка бачыць небяспеку ў выпадку паразы Расіі ў вайне ва Украіне і ўсе магчымыя наступствы гэтага для ўласнага палітычнага выжывання. «Не дай бог абрынецца Расія, то пад гэтымі абломкамі наша месца», — кажа ён. Дыягназ дастаткова дакладны.
Рэакцыя на гэтую пагрозу даволі супярэчлівая. Па-першае, гэта дэманстрацыя аптымізму, веры ў перамогу Расіі, надзея на тое, што ўкраінскі народ не вытрымае 1-2 гады вайны і прымусіць прэзідэнта Зяленскага шукаць міру.
Па-другое, агрэсіўная рыторыка на адрас Захаду і дэманстрацыя падтрымкі Расіі, ва ўсялякім разе ў вербальнай форме. І тут разгарнуўся цікавы сюжэт.
23 лістапада, выступаючы на саміце АДКБ у Ерэване, Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў тых палітыкаў, якія пагражаюць прымяніць ядзерную зброю:
«Наша цвёрдае перакананне — ядзернаму шантажу не павінна быць месца ў міжнароднай палітыцы!».
А потым пасля заканчэння саміту ён выйшаў да журналістаў і стаў пагражаць Захаду ядзернай зброяй: «Слухай, ты нават не ўяўляеш, як мы можам адказаць. Каму трэба, кажу. Тут мы не будзем абмяркоўваць праблему бруднай або чыстай атамнай бомбы. Гэта больш не абмяркоўваецца. Мы адкажам, што не толькі Еўропа будзе дрыжаць. І гэта не толькі мы, гэта нашы дамоўленасці з Расіяй, гэта нашы з ёй сумесныя Узброеныя сілы».
З Лукашэнкам такое здараецца часта, калі, чытаючы тэкст, напісаны спічрайтэрамі, ён кажа адно, а потым, падчас свабоднай імправізацыі, выкладае іншае, абсалютна супрацьлеглае, але тое, што насамрэч думае. Ствараецца ўражанне, што пагроза Еўропе бруднай атамнай бомбай — гэта спосаб псіхалагічнай абароны перад небяспекай паразы Расіі ў вайне.
Праўда, для парадку ён прадставіў свой шантаж як адказ, «калі раптам на нас хтосьці нападзе». Аднак яго заявы пра пагрозу нападу з боку Захаду сталі ўжо абавязковым рытуалам, на які мала хто ў палітычным свеце звяртае ўвагу. А вось на ядзерны шантаж якраз звярнулі ўвагу і правільна прачыталі.
Апошнім часам Крэмль прыглушыў сваю рыторыку аб выкарыстанні ядзернай зброі. Бо, па-першае, сутыкнуўся з асуджэннем ядзернага шантажу з боку вядучых краін Азіі: Кітая, Індыі. Па-другое, ЗША папулярна патлумачылі, якім будзе іх адказ на прымяненне Расіяй зброі масавага паражэння.
І вось цяпер выходзіць на памост Лукашэнка і кажа тое, што не хоча гаварыць Пуцін, выконваючы функцыю прэс-сакратара расійскага прэзідэнта. Роля шантажыста дастаткова арганічная для беларускага кіраўніка. Яму ў сэнсе рэпутацыі ўжо губляць няма чаго.
Важна адзначыць, што ў гэты дзень Лукашэнка некалькі разоў выконваў ролю ўнутранага голасу Пуціна. Успомнім, што ў апошні час расійскія афіцыйныя асобы шмат гаварылі пра гатоўнасць да перамоў з Украінай. І вось ў размове з журналістамі гэтую тэму падхапіў Лукашэнка. І зноў сказаў тое, што не хоча гаварыць Пуцін. Лукашэнка заклікаў сусветную грамадскасць прымусіць Кіеў да перамоў, абвясціўшы, што ў адваротным выпадку «далей будзе поўнае знішчэнне Украіны».
У гэтай псіхалагічнай атацы на Уладзіміра Зяленскага таксама выяўляецца інстынкт самазахавання беларускага рэжыму. Але праблема ў тым, што адбылася поўная дэвальвацыя лукашэнкаўскай рыторыкі на ўкраінскую і наогул еўрапейскую аўдыторыю. З пачаткам вайны Украіна і Еўропа зусім не ўспрымаюць словы Лукашэнкі. Таму яны — голас таго, хто крычыць у пустыні.
Але вернемся, уласна, да самога саміту АДКБ. Ён выявіў крызіс гэтай арганізацыі. Дарэчы, выступаючы ў Ерэване, Лукашэнка быў вымушаны прызнаць, што з гэтым саюзам нешта не так.
«Невыпадкова сёлета мы правялі чатыры сустрэчы — як у фармаце відэаканферэнцыі, так і вочна. І пакуль падстаў для аптымізму, на жаль, у нас няшмат».
Адзначым, што па выніках саміту Арменія адмовілася падпісаць два дакументы.
Аднак ёсць адна праблема ў пазіцыянаванні Лукашэнкі ў рамках АДКБ. Ён тлумачыць крызісныя з'явы ў дзейнасці АДКБ інтрыгамі, змовамі, злавеснымі дзеяннямі Захаду. Лукашэнка заяўляе:
«Мы пра гэта неаднаразова казалі, што грамадствы ўнутры нашых краін спрабуюць разгойдваць — якраз па перыметры Расійскай Федэрацыі. Спачатку палыхнула Украіна, у 2020 годзе спрабавалі разбурыць Беларусь. Мы праз гэта прайшлі — беларусы. У студзені гэтага года — Казахстан (добра, што там кіраўніцтва Казахстана справілася з гэтым канфліктам). Канфлікт Арменіі і Азербайджана... ім не патрэбныя стабільнасць і мір у нашым рэгіёне, а патрэбна кіраваная імі разруха... Нас сутыкаюць ілбамі».
Іншымі словамі, Лукашэнка тлумачыць усе праблемы і канфлікты на постсавецкай прасторы ўмяшаннем Захаду. І заклікаў лідараў краін-удзельніц гэтай арганізацыі згуртавацца на антызаходняй аснове. Гэта значыць, ён спрабуе перавесці прапагандысцкі наратыў, прымітыўную канспіралогію, якая прапаведуецца беларускімі і расійскімі тэлеканаламі, у рэальную палітыку і засноўваць на ёй нейкія дзеянні. Лукашэнка імкнецца навязаць іншым лідарам АДКБ паралельную карціну свету. І здзіўляецца, чаму яны не рэагуюць.
Доўгае жыццё ў сваім ілюзорным свеце накладвае свой адбітак на светапогляд. І чалавек пачынае блытаць прапаганду і рэальную палітыку. Таму нават не спрабуе паглыбіцца ў рэальныя прычыны крызісу АДКБ. А галоўная з іх складаецца ў паслабленні геапалітычнага статусу Расіі, што, у сваю чаргу, стала наступствам яе імперскай палітыкі.