Прапагандыст Тур папрасіў чыноўнікаў на нарадах у Лукашэнкі не «кімарыць» і не маляваць «какі-малякі»

Прапагандыст АНТ Ігар Тур у сваёй аўтарскай праграме ад 28 лістапада папрасіў чыноўнікаў на нарадах у Лукашэнкі «быць сабранымі» і не «кімарыць на галёрцы», каб не псаваць карцінку.

chinovniki_soveshchanie_lukashenko_tur_2022_1.jpg

Як адзначае «Л*стэрка», тэму паводзін чыноўнікаў на адказных мерапрыемствах Тур падняў у заключнай частцы сваёй праграмы, у блоку, прысвечаным паездцы Аляксандра Лукашэнкі ў Гомельскую вобласць. Ён паказаў рэакцыю залы на выступленне старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко: хтосьці пазяхаў, хтосьці спаў, хтосьці ўсімі сіламі спрабаваў не заснуць, іншыя рабілі выгляд, што ўважліва слухаюць.

— У мяне, чыста візуальна, не склалася адчування, што ўсе ў зале прама адчуваюць нерв размовы. І ўжо тым больш не ўсе ў гэтай зале ўстаноўкі прымуць і сумленна выканаюць, — сказаў Тур і ўключыў запіс прамовы Лукашэнкі, які сказаў «нахрэн вы нам патрэбныя сто гадоў» і запатрабаваў «даваць вынік», прыстрашыўшы, што «шкуру сарве».

Затым Тур звярнуўся да чыноўнікаў. Ён сказаў, што працуе ў пуле Лукашэнкі і «робіць відэарэпартажы» кожны раз, калі той з імі сустракаецца.

— Я б вельмі хацеў папрасіць вас на сустрэчах з кіраўніком дзяржавы, ды і на любых нарадах, дзе ёсць тэлекамеры, усё ж такі заўсёды знаходзіць у сабе сілы і быць сабранымі. Таму што калі вы выпадкова закімарыце на галёрцы, сядзіце ў тэлефонах, проста сядзіце з адсутным позіркам і думаеце пра штосьці сваё ці малюеце ў нататніку «какі-малякі», то потым я, як і ўсе мае калегі з пула, на мантажы спрабую выразаць гэтыя фрагменты. І ў цэлым — непрыгожа. І вы потым будзеце крыўдзіцца, што вас непрыгожа паказалі, і вашы кіраўнікі крыўдзяцца, што іх супрацоўнікаў непрыгожа паказалі па тэлевізары. І я, замест таго, каб рабіць сваю працу, марную час на тых, хто не змог сабрацца на пару гадзін. Гэта адзінкавыя выпадкі, вядома, але ўсё ж, — сказаў Тур.