Вадзім Мажэйка: Чуткі пра таемнае атручэнне Макея і нашто яны Крамлю?

Палітолаг Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў разважае пра плёткі з нагоды смерці Макея і пра іншую шкодную канспіралогію.

pljotki.png


Апошнія дні пра расійскі след у смерці Макея пытаюць усе, ад журналістаў з розных краін да замежнікаў, якія цікавяцца Беларуссю. Дзякуй богу, хоць дыпламаты пыталіся толькі пра магчымых пераемнікаў, а не пра канспіралагічныя тэорыі.

Факт №1: ніякіх доказаў атручвання Макея няма. Ёсць толькі чуткі ў ананімных расійскіх тэлеграм-каналах, прымаць якія за праўду не дазваляе хаця б мінімальны ўзровень інфармацыйнай гігіены.

Вядома, улады правалілі камунікацыю па смерці Макея ў цэлым, і да гэтага часу афіцыйна не названа прычына. Ёсць толькі сліў «Н*шай Н*ве» пра інфаркт (які выглядае цалкам пераканаўча для мужчыны 64 гадоў на нервовай працы).

Зрэшты, што б ні сказаў Мінск, веры гэтаму будзе няшмат. Але чыйсьці камунікацыйны правал і недавер да рэжыму — не падстава ўпадаць у канспіралогію.

Факт №2: матыў удзелу Расіі вельмі сумніўны. Саміту АБСЕ, куды павінен быў днямі ехаць Макей, пасля яго смерці пачалі надаваць вялікае значэнне, лічыць ледзь не прарывам беларускай дыпламатыі на Захад. Хоць у верасні Макей лётаў на Генасамблею ААН у Нью-Ёрк, ледзь не перасекся там з дэлегацыяй Ціханоўскай — і гэта не прывяло ні да прэвентыўных атручванняў, ні да далейшага дыпламатычнага прарыву. Да таго ж замест Макея на саміт АБСЕ паедзе беларускамоўны дыпламат Дапкюнас — то-та шчасця ў Маскве.

Да таго ж няма прыкладаў, каб Крэмль труціў не сваіх былых агентаў ці апазіцыянераў, а замежных палітыкаў.

Факт №3: распаўсюджванне такой канспіралогіі ўзмацняе Крэмль. Што здарылася з Макеем, мы ўжо ніколі на 100 працэнтаў дакладна не даведаемся, а асадак застанецца. І праяўляецца ён ва ўзмацненні ўпэўненасці, што Крэмль моцны і страшны, можа атруціць усіх, хто пайшоў супраць яго, нават міністра іншай краіны. Бойцеся і не выступайце супраць Крамля!

У такой перспектыве зразумела, чаму прарасійскія ананімныя тэлеграм-каналы распаўсюджваюць канспіралагічныя чуткі пра забойства Макея, спланаванае Патрушавым на загад Пуціна: трэба паказаць іх сілу хоць неяк, калі ўжо не атрымліваецца на фронце.

Калі вы перад сабой такой мэты не ставіце — не распаўсюджвайце такую прарасійскую канспіралогію.