Смерць Макея як сацыяльна-эканамічны фактар

Раптоўная смерць Уладзіміра Макея стала самай медыйнай тэмай тыдня. Не кожны дзень у нас паміраюць міністры, прычым — міністры дзейныя. Падаецца, яе абсмакталі ўжо з усіх бакоў. Варта толькі дадаць пару рысачак.

1069629725_0_0_1280_720_2072x0_60_0_0_cb7aa53db5d9ea8dea6fd2babfb2d9e5.jpg


Па-першае, Макей памёр ва ўзросце 64 гадоў. І можна было б сказаць, што «заўчасна», але гэтая смерць, насамрэч — як прысуд усёй сістэме «беларускай мадэлі». Справа ў тым, што толькі ў гэтым годзе ў нас завяршылася «рэформа» пенсійнай сістэмы, згодна з якой мы дасягнулі пенсійнага ўзросту для мужчын у 63 гады, а жанчын — 58 гадоў. Канешне, павышэнне пенсійнага ўзросту — гэта ніякая не рэформа, але тым не менш — цэлы міністр аддаў канцы праз год пасля ўмоўнага «выхаду на заслужаны адпачынак».

І гэта — міністр, з усёй яго прывілеяванай сістэмай медыцыны, неблагімі заробкамі і, адпаведна, харчаваннем ды курортамі-адпачынкамі. Як тады дажываюць да пенсіі ўмоўныя рабацягі з умоўных заводаў, дзе і ўмовы працы зусім іншыя, і медычнае абслугоўванне з міністэрскім непараўнальнае, і заробкі не такія, каб дазволіць сабе тое, што мог дазволіць міністр?

А ў нас задумваюцца, каб падняць пенсійны ўзрост яшчэ вышэй. Падаецца, у гэтым выпадку пенсіі плаціць будзе проста няма каму.

Нельга не пагадзіцца з тым, што з нашай сістэмай сацыяльнай абароны і налічэння пенсій, якая засталася ад Савецкага Саюза, далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту непазбежнае. Таму што інакш пенсій проста не будзе. Аднак хто «сядзеў» на гэтай сістэме трыццаць гадоў ды ніяк яе не рэфармаваў? Правядзі мы рэформу некалі раней — і мы б пра яе ўжо забыліся. Але «сацыяльная дзяржава» прывяла да таго, што ў нас нават міністры ледзь-ледзь перажываюць пенсійны ўзрост.

Па-другое, пасля смерці Макея (ці, можа, так супала?) заўважана горшае стаўленне да палітвязняў. Марыя Калеснікава трапіла ў шпіталь на аперацыю, Мікалай Статкевіч — у санчастку з пнеўманіяй. Пры гэтым да іх не дапускаюць адвакатаў, а родным не паведамляюць пра дыягназы і захады па лячэнні. Гэтыя факты настолькі відавочныя, што нават Белы Дом, што знаходзіцца на другім канцы зямнога шара, зрабіў адпаведную заяву, у якой усклаў адказнасць за здароўе і стан палітвязняў на рэжым і Лукашэнку.

Ёсць падставы меркаваць, што Макей ці не ўвесь час сваёй дыпламатычнай кар’еры быў галоўным у ланцужку па «гандлі палітвязнямі». Такая далікатная, перш за ўсё для еўрапейцаў, тэма засталася без «куратара». Для еўрапейцаў — таму што там многае залежыць ад грамадскага меркавання. І калі б грамадства ў ЕС дазналася, што яго чыноўнікі вядуць перамовы кшталту «вы адпускаеце частку палітвязняў, мы здымаем частку санкцый», наўрад ці гэтыя чыноўнікі доўга заставаліся б на сваіх пасадах.

Шмат хто з экспертаў казаў, што «агледзіны» пераемніка Макея ў замежжы будуць доўгімі. Але, улічваючы вышэйназваную акалічнасць, яны будуць яшчэ даўжэйшымі. Макей нейкім чынам гарантаваў канфідэнцыйнасць такіх перамоў, і, што больш важна, вытрымліваў яе. Ці можна будзе чакаць таго ж ад макееўскага «зменшчыка», альбо ён адразу ж заявіць пра «перамогу нашай дыпламатыі» ці проста ад нястрыманасці языка заваліць усе працэсы? Асабліва, калі абіраць яго будуць, кіруючыся не прынцыпамі карысці, функцыянальнасці і прафесійных якасцей, а фактарам персанальнай адданасці Лукашэнку?

Мажліва, нехта вырашыў, што палітвязні як тавар са смерцю Макея ўжо не ўяўляюць такой каштоўнасці, бо ўжо няма «прадаўца». Адсюль і пагаршэнне іх умоў…

Што да пляскання языком, дык у нас любяць гэтую справу — да немагчымасці.

Выступаючы ў парламенце, прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ў наступным годзе ўрад мае намер разганяць ВУП нарошчваннем інвестыцый. «Галоўнымі крыніцамі росту эканомікі павінны стаць інвестыцыі ў асноўны капітал, якія вырастуць да ўзроўню 20% ад ВУП. Гэта шмат. Другая крыніца — гэта экспарт. Адкуль, дакладней куды мы плануем інвеставаць. Першы напрамак — гэта жыллё і інфраструктура да яго. За кошт усіх крыніц фінансавання будзе пабудавана больш за 5 млн кв. м. жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай — 1,3 млн», — сказаў Галоўчанка.

Як жыллё адносіцца да «экспарту» — незразумела. Да таго ж, на 2022 год было запланавана будаўніцтва 4 млн кв. м. жылля, а па выніках дзесяці месяцаў увод жылля ў эксплуатацыю скараціўся на 6,2% і склаў 3,16 млн кв. м., а зіма — наўрад ці час для будавання.

«Задача ўрада — захаваць станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы да канца года і максімальна іх развіць у 2023 годзе», — заявіў прэм’ер.

Напэўна, ён не ведае, што беларуская эканоміка па выніках дзесяці месяцаў скарацілася на 4,7%, беларускі экспарт у кастрычніку — на 5,5% да мінулага года. На наступны год урад плануе павялічыць ВУП на 3,8%, пры гэтым, напрыклад, Еўразійскі банк развіцця ў базавым сцэнары прагназуе рост беларускай эканомікі толькі на 0,3%. А бюджэт на 2023 год распрацаваны з дэфіцытам у 3,17 млрд рублёў.

Як заўсёды, Галоўчанка не патлумачыў, адкуль ён будзе браць грошы на маштабныя праекты, пра якія ён распавядаў. Ён увогуле не патлумачыў нічога: ні пра грошы, ні пра тое, дзе будзе браць працоўных на тыя ж будоўлі (а, як распавядалі адмыслоўцы, скарачэнне занятых у будаўніцтве супастаўна з адтокам з Беларусі ІТ-шнікаў), ні пра тое, адкуль возьмуцца інвестыцыі ва ўмовах санкцый, і асабліва другасных санкцый…


Карацей, Галоўчанка, як і ўсе нашы ўрадаўцы, трапіў у «пастку прапаганды». Яна заключаецца ў тым, што спачатку прапаганда пераконвае, што ўсё добра, а потым асобы, адказныя за прыняцце рашэнняў, самі пачынаюць верыць у тое, што ўсё добра. І з-за адсутнасці аб’ектыўнай інфармацыі прымаюць памылковыя рашэнні, якія прыводзяць да яшчэ большых памылак.

А тое, што Галоўчанка кажа пра «станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы», калі ВУП і экспарт працягваюць падзенне і мы завальваем нават скарэктаваныя прагнозныя паказчыкі гэтага года… Памятаеце, як Лукашэнка казаў, што «нам хаця б выйсці на нулявы ВУП», калі ў прагнозе ўрада на гэты год быў пазначаны рост у 2,9%? Вось нават «нулявы ВУП» мы завалілі, а паводле Галоўчанкі ў нас — «станоўчыя тэндэнцыі».

Праўда, адно суцяшае. За правал прагнозаў у нас моцна не пытаюць. У любым выпадку вінаватымі акажуцца знешнія абставіны: санкцыі, вайна ва Украіне, засуха, прыход нечаканай пасля восені зімы… І ніхто не спытае, а чаму на краіну наклалі санкцыі і з-за чаго вайна паміж суседнімі дзяржавамі так моцна па нас ударыла? То-бок што было першапрычынай тых знешніх абставін, якія не далі нам выканаць прагнозныя паказчыкі… А таму маляваць гэтыя прагнозы можна якія заўгодна.