Не толькі ІТшнікі. Беларусь масава губляе будаўнікоў

Шмат ужо было напісана пра тое, як Беларусь губляе ІТшнікаў, колькасць якіх за няпоўны год ужо скарацілася на 13 тысяч чалавек. Аказваецца, што не толькі ІТ-сфера губляе работнікаў. Прынамсі, у будаўніцтве адток кадраў параўнальны.

original_221120221511.jpg


Тэлеграм-канал «Нашы грошы» адзначае, што прыток і адток рабочых рук у будаўнічай галіне яскрава характарызуе агульную эканамічную абстаноўку ў краіне.

Ад колькасці занятых у будаўнічай сферы залежыць тое, колькі ў краіне будуецца новага жылля. І далей: колькасць новабудоўляў і даступнасць крэдытаў наўпрост карэлюе з цэнамі на нерухомасць.

Ад таго, як шмат кватэр будзе набыта, залежыць рост попыту на новую мэблю, бытавую тэхніку, розныя аздобныя паслугі. Новабудоўлі ўплываюць на з'яўленне ў раёне новых крам, сэрвісаў і паслуг. Гэта толькі невялікі пералік прычынна-выніковых сувязяў.

Але калі пастарацца максімальна абагульніць, то можна сказаць, што будаўніцтва — гэта пра доўгатэрміновыя пазітыўныя чаканні. Бізнес заказвае будаўніцтва новых крам і офісаў, калі плануе развівацца. Людзі купляюць кватэры, разлічваючы пражыць у іх не адно дзесяцігоддзе, нараджаць дзяцей і пабудаваць шчаслівую будучыню.

Ацэньваць маштабы змяненняў у будаўнічай сферы можна па розных крытэрах: колькасці метраў уведзенага ў эксплуатацыю жылля, збудаваных аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры або камерцыйных аб'ектаў. Усе гэтыя паказчыкі звязаныя з важным параметрам — колькі людзей працуе ў сферы. Бо ў будаўніцтве заўсёды задзейнічана вельмі шмат ручной кваліфікаванай працы.

Калі паглядзець на графік, становіцца зразумела, што прысуд беларускай будаўнічай галіне быў падпісаны ў жніўні 2020-га года.

photo_2022_11_22_14_14_33.jpg


Да гэтага часу ў будаўніцтве праходзілі розныя працэсы: частка людзей прыходзіла, частка сыходзіла, але досыць доўгі час назіраўся невялікі, але рост. Гэта можна было звязаць з рознымі фактарамі: надыходзіў росквіт IT і дзясяткі тысяч забяспечаных айцішнікаў спяшаліся пабудаваць сабе жыллё, адужэлая нацыянальная валюта ўсяляла ў беларусаў асцярожную ўпэўненасць у заўтрашнім дні, пачаў аднаўляцца давер да банкаўскай сістэмы, будаваліся гандлёвыя цэнтры, рэстараны, гатэлі…

З жніўня 2020-га і да сённяшняга дня няма ні аднаго месяца, у якім бы ў будоўлю прыйшло больш людзей, чым сышло. Суцэльны «мінус». Прычым адток гэты вымяраецца не дзясяткамі і сотнямі чалавек, гаворка ідзе пра тысячы. Рэкордным стаў лістапад 2020-га, калі колькасць занятых у галіне скарацілася на 2504 чалавекі, і кастрычнік 2021-га, калі сышло 2118 чалавек.

У канцы восені прысутнічае цыклічнае паскарэнне адтоку кадраў, і можна цалкам справядліва выказаць здагадку, што яно адбудзецца і ў гэтым годзе. Па ўжо апублікаванай статыстыцы, у 2022 годзе толькі да верасня з будаўніцтва сышло 8816 чалавек, а гэта значыць, што ўжо да снежня гэтая лічба перасягне за дзесяцітысячны рубеж.

Шмат гэта ці мала? На піку ўздыму галіны, у 2010 годзе, у будаўніцтве было занята 412,6 тысяч чалавек. Да 2021 года гэтая лічба скарацілася да 272 тысяч. За 11 гадоў — мінус траціна рабочых рук. А за 2022 год сфера страціць яшчэ 3-4% спецыялістаў.

Важна разумець пры гэтым, што будаўніцтва —гэта дзяржаўная галіна ў кубе. Таму што дзяржава выступае тут як у ролі асноўнага заказчыка, так і ў ролі галоўнага выканаўцы, і самага строгага рэгулятара. Атрымліваецца, скінуць віну на кагосьці іншага ніяк не атрымаецца, працэс, па сутнасці, цалкам герметычны.

У чым прычына таго, што адбылося? Як мы казалі раней, высокія тэмпы будаўніцтва пры здаровай эканоміцы — прыкмета доўгатэрміновых пазітыўных чаканняў. Дык вось, у жніўні 2020-га ў Беларусі пазітыўныя чаканні скончыліся.

З гэтага часу большасць насельніцтва, бізнесу жывуць сённяшнім днём, або, калі хочаце — выжываюць. Многія пакідаюць краіну, часта — не плануючы вяртацца.

Атрымліваецца, што будаўнічая галіна перажывае глыбокі крызіс таму, што беларусы перасталі верыць у сваю будучыню пры бягучай сітуацыі ў краіне.