Перамагчы Цмока. Як пазбавіць Расею права вета ў Радзе Бясьпекі ААН?

У юрыспрудэнцыі выкарыстоўваецца права «ня сьведчаньня супраць сябе». Падобным жа карыстаюцца краіны ў Радзе Бясьпекі, калі нешта пагражае ім самім. Права вета сёньня выкарыстоўвае дзяржава, якая разьвязала крывавую бойню. Ці ёсьць у міжнароднай супольнасьці інструмэнты, каб абыйсьці права вета?

Падпісаньне Дэклярацыі Аб'яднаных Нацый 1942

Падпісаньне Дэклярацыі Аб'яднаных Нацый 1942

Як усё пачыналася?

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў узьнікла ў 1945 годзе, а арганізацыя, якую часта называюць папярэдніцай — Ліга Нацыяў — скончыла сваё жыцьцё ў 1946-м. Акрамя храналягічных ёсьць і сэнсавыя несупадзеньні. Пасьля сканчэньня Першай Сусьветнай, калі была заснаваная Ліга Нацыяў, у 1920 годзе ў яе склад увайшлі 63 дзяржавы. За 26 гадоў існаваньня ў ЛН ніколі не ўваходзілі ЗША (хаця і падпісалі Статут арганізацыі, але ніколі яго так і не ратыфікавалі). 

Са складу выходзілі Нямеччына (прысутнічала толькі ў 1926 — 1933 гадах), Японія (1933 год), Італія (1937 год), СССР (браў удзел толькі ў 1934 — 1939 гадах) і вялікая колькасьць іншых дзяржаваў. Таму казаць аб якой-кольвек агульна-сусьветнай працы не выпадае. Нават той факт, што афіцыйна Ліга Нацыяў правяла сваё апошняе паседжаньне 20 красавіка 1946-га, калі ўжо ўва ўсю працавала ААН, выклікае іранічную ўсьмешку што да яе гістарычнай ролі.

Першае паседжаньне Лігі Нацый 1920 год

Першае паседжаньне Лігі Нацый 1920 год

Насуперак першаму кому сусьветныя дзяржавы выношвалі новы плян урэгуляваньня спрэчак на Зямлі. Той плятформай і стала Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў. Назву прапанаваў прэзідэнт ЗША Франклін Рузвэльт яшчэ ў сьнежні 1941-га як аб’яднаньне антыгітлераўскіх хаўрусьнікаў. 1 студзеня 1942 года была падпісаная адпаведная «Дэклярацыя Аб’яднаных нацыяў». Яе падпісалі прадстаўнікі 26 дзяржаваў-удзельніцаў кааліцыі, уключна з «вялікай чацьвёркай» (Вялікая Брытанія, ЗША, СССР і Кітай). На працягу 1942 — 1945 гадоў да дэклярацыі дадаткова далучылася 21 дзяржава.

1942_declaration_by_the_united_nations____nara___514106.jpg

Статут арганізацыі быў зацьверджаны на Сан-Францысцкай канферэнцыі, што адбывалася з 25 красавіка па 26 чэрвеня 1945 году.

А зараз істотная інфармацыя, да якой мы зьвернемся пазьней: у канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі 50 дзяржаваў, што будуць запісаныя як «дзяржавы-заснавальніцы». Сярод гэтых 50-ці былі СССР, Беларуская ССР, Украінская ССР. Менавіта ў такім выглядзе. Асобна СССР, і асобна Беларусь з Украінай. Як бачым, асобна РСФСР не было.

Беларусь становіцца адной з дзяржаваў-заснавальніцаў ААН

Беларусь становіцца адной з дзяржаваў-заснавальніцаў ААН

Згодна з разьдзелам XVIII Статута ААН, любая яго зьмена можа быць зьдзейсненая толькі пасьля ратыфікацыі дзвюма трацінамі чальцоў ААН, уключаючы ўсіх пастаянных сябраў Рады Бясьпекі ААН, якімі, згодна з артыкулам 23 Статута ААН, зьяўляюцца Кітайская Рэспубліка, Францыя, Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Злучанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі і Злучаныя Штаты Амэрыкі.

У Статут уносіліся папраўкі тры разы: у 1963, 1965 і 1973 гадах.

З 1945 па 1971 год у Радзе Бясьпекі ААН сталым чальцом была Кітайская Рэспубліка (тая дзяржава, якая сёньня атаесамляецца з Тайванем), у 1971-м адбылося адкліканьне Кітайскай Рэспублікі і наданьне месца ў ААН і Радзе Бясьпекі камуністычнай Кітайскай Народнай Рэспубліцы са сталіцай у Пэкіне.

un_fight_for_freedom_leslie_ragan_1943_poster.jpg

Рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН №2758 была прынятая ў адказ на Рэзалюцыю Генэральнай Асамблеі ААН №1668, якая патрабавала, каб любыя зьмены ў прадстаўніцтве Кітая ў ААН вызначаліся дзвюма трацінамі галасоў са спасылкай на артыкул 18 Статута ААН. Такім чынам Рэзалюцыя, прынятая 25 кастрычніка 1971 года, прызнавала Кітайскую Народную Рэспубліку (КНР) «адзіным законным прадстаўніком Кітая ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў» і адхіляла «прадстаўнікоў Чан Кайшы» (маецца на ўвазе Кітайская Рэспубліка) ад ААН.

Тут мы бачым законную форму замены аднаго «непахіснага» і «сталага» сябра Рады Бясьпекі ААН на іншага.

Усяго, як вядома, у Раду Бясьпекі ААН уваходзіць 5 сталых чальцоў і 10 нясталых (абіраюцца Генэральнай Асамблеяй ААН на рэгіянальнай аснове тэрмінам на два гады. Немагчыма быць пераабраным адразу пасьля таго, як вы занялі месца).

Права ці праблема вета

raseja_veta.webp

Рада Бясьпекі не прымала ніякіх рэзалюцый па большасьці буйных канфліктаў часоў халоднай вайны, у тым ліку па ўварваньні краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію, па вайне ў В'етнаме і савецка-афганскай вайне. Прычына гэтаму — вета.

За ўсю гісторыю ААН права вета выкарыстоўвалася 16 разоў Францыяй, 17 разоў Кітаем (як першым, так і камуністычным прадстаўніком), 29 разоў Вялікай Брытаніяй, 82 разы ЗША, ну а лідэр вядомы — 121 раз Расея (і СССР да яе). Быў адзін працяглы пэрыяд без гэтай ганебнай практыкі — з сярэдзіны 1990-га па сярэдзіну 1993-га ніводнага разу права вета не было выкарастанае.

У першыя дні існаваньня Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў Савецкі Саюз быў адказны за амаль усе правы вета. Праз свае частыя вета савецкі амбасадар, міністар замежных справаў Андрэй Грамыка (нашчадак даўняга шляхетнага роду з Рэчыцкага павету ВКЛ) атрымаў мянушку містэр Не, а Вячаслаў Молатаў быў вядомы як містэр Вета.

Андрэй Грамыка (другі зьлева)

Андрэй Грамыка (другі зьлева)

У верасьні 2014 году Францыя выступіла з ініцыятывай добраахвотнай і калектыўнай адмовы сталых сябраў Рады Бясьпекі ад выкарыстаньня права вета ў тых сітуацыях, калі гаворка ідзе пра такія масавыя злачынствы, як генацыд, злачынствы супраць чалавечнасьці ці ваенныя злачынствы, якія ўчыняюцца ў масавых маштабах. ЗША і Расея выступілі супраць.

united_nations_security_council.jpg

Для прыкладу падамо вытрымку з выступу расейскага прадстаўніка РБ у ААН у 2014 годзе, якая пазначаная ў пратаколе непрыняцьця рэзалюцыі (у сувязі з правам вета Расеі) адносна Ўкраіны.

«Мы не аспрэчваем прынцып тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаваў. Ён, безумоўна, вельмі істотны. Зразумела і тое, што рэалізацыя права на самавызначэньне ў выглядзе аддзяленьня ад існуючай дзяржавы — гэта неардынарная мера, якая ўжываецца тады, калі далейшае сумеснае існаваньне ў рамках адной дзяржавы становіцца немагчымым. Прычым, як паказвае практыка ажыцьцяўленьня права народаў на самавызначэньне, у большасьці выпадкаў яно рэалізоўваецца бяз згоды цэнтральных уладаў дзяржаваў. 

У дачыненьні да Крыма такі выпадак, відавочна, узьнік у выніку прававога вакууму, які зьявіўся ў выніку неканстытуцыйнага ўзброенага дзяржаўнага перавароту, які быў зьдзейсьнены ў Кіеве нацыянал-радыкаламі ў лютым 2014 году, як і наўпроставых пагрозаў з боку апошніх навесьці «свой парадак» на тэрыторыі ўсёй Украіны».

Статут ААН ня мае прапісанай працэдуры выключэньня пастаяннага сябра Рады Бясьпекі са свайго складу.

Існуе некалькі магчымасьцяў. Разгледзім іх

Артыкул 27.3 Статуту ААН адкрывае шлях да пазбаўленьня Расеі права голасу ў пытаньнях, зьвязаных з вайной ва Ўкраіне. Згодна з гэтым артыкулам, пастаянны чалец Рады Бясьпекі ААН, які зьяўляецца бокам у спрэчцы, павінен устрымацца ад галасаваньня па пытаньнях, якія тычацца спрэчкі.

Апошні раз краіна адмаўлялася галасаваць паводле артыкула 27.3 у 1960 годзе, гэта значыць 62 гады таму. Аднак працяглае невыкарыстаньне артыкулу не азначае немагчымасьці вяртаньня да такой практыкі. Неабходна, каб на гэта была палітычная воля. Іншыя краіны ўжо двойчы апелявалі да таго, што Расея павінна ўстрымацца ад галасаваньня паводле артыкула 27.3, але зрабілі гэта ўжо пасьля адпаведных галасаваньняў (тут прынцып лепш позна, чым ніколі — ня дзейнічае). Неабходна забясьпечыць выкарыстаньне артыкула 27.3 напярэдадні галасаваньня.

Што да іншага пункта — неабходнасьці юрыдычна даказаць наяўнасьць «спрэчкі» паміж Украінай і Расеяй — гэта стала адной з прычынаў таго, што Ўкраіна працяглы час не ініцыявала выкарыстаньне артыкула 27.3. Аднак на сёньня ў Міжнародным судзе ААН на разглядзе пазовы супраць Расеі, дзе яна пазначана баком у спрэчцы, таму гэты складаны асьпект падаецца ўжо не такім цяжкім.

Наступны варыянт — замарозка ўдзелу Расеі ў Радзе Бясьпекі

У гісторыі ААН было некалькі выпадкаў, калі прадстаўнікі некалькіх палітычных сілаў альбо рэжымаў адначасова прэтэндавалі на тое, каб прадстаўляць сваю дзяржаву: Афганістан-2021 (Талібан супраць зрынутага ўраду), Мьянма-2021 (хунта супраць ураду нацыянальнага адзінства), Камбоджа-1997 (партыі розных прэм'ер-міністараў).

Кожны раз Генэральная асамблея ААН павінна была вызначыць, які бок зьяўляецца законным і можа прадстаўляць сваю дзяржаву.

Аднак былі выпадкі, калі ГА пазбаўляла паўнамоцтваў дзяржаву, у якой ва ўладзе быў толькі адзін легітымны рэжым. Напрыклад, у выніку асуджэньня палітыкі апартэіду ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ў пачатку 1970-х гадоў ГА некалькі гадоў запар адмаўлялася прымаць даверчыя граматы паўднёваафрыканскай дэлегацыі, каб такім чынам не дазволіць дзяржаве ўдзельнічаць у працы Асамблеі. Быў створаны прэцэдэнт, які Ўкраіна можа выкарыстаць, каб апэляваць да абуральных парушэньняў Расеяй міжнароднага права.

Сярод рызыкаў гэтага сцэнару — адсутнасьць належнай падтрымкі з боку дзяржаваў-сябраў ААН. Патэнцыйны выхад Расеі з ААН у выпадку замарожваньня яе сяброўства можа прывесьці да паўтарэньня гісторыі Лігі Нацыяў.

Самы рэвалюцыйны шлях — выключэньне Расеі з Рады Бясьпекі ў прынцыпе

Сёньня гэтая ідэя публічна дэкляруецца ўкраінскім бокам, у прыватнасьці — пастаянным прадстаўніком Украіны пры ААН Сяргеем Кісьліцай. Калі чытаць строга літару Статуту ААН, то Расеі няма ў Радзе Бясьпекі ААН, СССР зьяўляецца сталым сябрам Рады Бясьпекі ААН па сёньня. Нагадаем, апошнія зьмены ў Статут ААН былі ўнесеныя ў 1973 годзе.

Асноўная ідэя заключаецца ў тым, што Расея стала правапераемнікам СССР у ААН і Радзе Бясьпекі на падставе вуснай дамоўленасьці, без усялякага працэдурнага рашэньня або рэзалюцыі. Такім чынам, можна сказаць, што ўдзел і голас Расеі ў Радзе Бясьпекі ААН незаконныя.

Ці так гэта? Па ўсталяванай практыцы новыя краіны, якія ўзьніклі пасьля распаду нейкай краіны на некалькі новых або пасьля аб'яднаньня некалькіх краінаў у адну, занава ўваходзілі ў ААН, за што галасавала Генэральная Асамблея. У свой час праз гэтую працэдуру прайшлі Індыя, Пакістан, Бангладэш, Чэхія і Славакія, краіны былой Югаславіі, Руанда, Бурундзі і іншыя.

Пасьля распаду СССР гэтая фармальная працэдура далучэньня павінна была прайсьці для Расейскай Фэдэрацыі. Так супала, што ў сьнежні 1991 году менавіта СССР мела старшынства ў Радзе Бясьпекі. 24 сьнежня падчас апошняга ў годзе паседжаньня Рады Бясьпекі ўсе заходнія дыпляматы ўжо гатовыя былі адзначаць Раство. Напрыканцы гэтага паседжаньня прадстаўнік СССР Варанцоў інфармуе іншых сябраў Рады Бясьпекі, што ў сакратарыят ААН паступіў ліст прэзідэнта РСФСР Барыса Ельцына аб тым, што Расея мае намер быць краінай-прадаўжальніцай СССР у ААН і ў Радзе Бясьпекі. Пры падтрымцы краінаў СНД. Аднак на момант адпраўкі ліста нарматыўнага пацьверджаньня такой падтрымкі не існавала.

1991_elcyn.webp

Некаторыя (!) краіны СНД сапраўды вырашылі падтрымаць правапераемства Расейскай Фэдэрацыі ў ААН — у дзень падпісаньня ўласнай Алма-Ацінскай дэклярацыі, якая пацьвердзіла спын існаваньня СССР і вызначыла прынцыпы ўзаемаадносінаў паміж краінамі СНД. Аднак Грузія, Літва, Латвія, Эстонія не былі падпісантамі дэклярацыі, а Ўкраіна ў выніку так і не ратыфікавала Статуту СНД. Такім чынам траціна былых рэспублікаў СССР не выказаліся за правапераемніцтва Расейскай Фэдэрацыі ў Радзе Бясьпекі ААН.

Больш за тое, на ўзроўні ААН не было прынята ніводнага афіцыйнага дакумэнта.

Прыклад Югаславіі. Новая Югаславія жадала абвесьціць сябе правапераемніцай Югаслаўскай фэдэрацыі — роўна гэтак жа, як зрабіла Расея. Яе запыт разглядалі ў Радзе Бясьпекі ААН у студзені 1992 году, гэта значыць праз некалькі тыдняў пасьля таго, як амбасадар Расеі абвесьціў, што сядае на месца амбасадара Саюза. І тады ўсе чальцы Рады Бясьпекі, а разам зь імі і Расея, адказалі: «Не, вы ня можаце проста абвесьціць сябе правапераемніцай, прайдзіце ўсю працэдуру». Урэшце Бялград, хаця і не ахвотна, але быў вымушаны гэта зрабіць, а Югаславія стала сябрам ААН толькі ў 2000 годзе.

Расея таксама павінна была прайсьці гэтую працэдуру, а ўжо потым уздымаць пытаньне аб Радзе Бясьпекі.

Чаму гэта не адбылося напрыканцы 1991 году? Адказ дастаткова просты. Краіны Захаду задавалі сабе пытаньне: што рабіць з ядзерным патэнцыялам СССР? Хто будзе за ўсё адказваць? Хто гэта будзе кантраляваць? І тут зьяўляецца Расея і кажа: мы за ўсё адказваем. Мы гарантуем, што ядзерная зброя застанецца ў нас, што звычайныя ўзбраеньні ня будуць распрададзеныя тэрарыстычным групоўкам. Гэтага, відаць, хапіла. Але ў юрыдычным пляне гэта незаконна.

«Калі б Расея была правапераемнікам СССР, яна не магла б у парадку аўтаматычнай правапераемнасьці, як Украіна і Беларусь, «успадкаваць» месца ў ААН, бо РСФСР не была сябрам ААН. Расею давялося б прымаць у сябры ААН і, акрамя таго, неабходна было б уносіць папраўку ў Статут ААН, якая прадугледжвае, што Расея, новы суб'ект міжнароднага права, павінна заняць месца СССР у Радзе Бясьпекі», — сьцьвярджае Сяргей Чарнічэнка — чалец Сталага Трацейскага суда ў Гаазе ў сваёй навуковай працы.

24 сьнежня 1991 году дзяржаўнага ўтварэньня з найменьнем «Расейская Фэдэрацыя» не існавала, паколькі Закон РСФСР аб зьмене найменьня зьявіўся толькі 25 сьнежня 1991-га, а зьмены ў Канстытуцыю РСФСР былі прынятыя толькі ў ліпені 1992-га. Тады што такое прапіхнулі ў ААН 24 сьнежня 1991 году?

Для рэалізацыі пляну выключэньня Расеі з Рады Бясьпекі можна ініцыяваць рэзалюцыю Генасамблеі ААН з просьбай да Міжнароднага суда ААН даць кансультатыўнае заключэньне аб тым, ці законна Расея знаходзіцца ў Радзе Бясьпекі. Такая рэзалюцыя магла б адбыцца, калі б за яе прагаласавалі больш за 100 краін-сябраў ААН. Тады гэта будзе мець вагу і можа быць разгледжана Міжнародным судом ААН.

У выпадку выключэньня Расеі паўстане пытаньне аб тым, ці варта выконваць сотні рашэньняў і рэзалюцыяў, за якія прагаласавала гэтая краіна.

Дарэчы, адносна Беларусі на афіцыйным сайце ААН у разьдзеле «Краіны-чальцы арганізацыі» пазначана наступнае: дата прыняцьця ў ААН: 24.10.1945. 19 верасьня 1991 году Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка праінфармавала ААН аб зьмене яе назову на Беларусь.

Пра Расею падобнага запісу, вядома, не знойдзеце

Зусім нядаўна пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфільд абвесьціла, што Вашынгтон падтрымлівае рэформу Рады Бясьпекі  — а менавіта пашырэньне геаграфічнага прадстаўніцтва яе сябраў і выкарыстаньне права вета. «Расея парушыла нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць, парушыла правы чалавека і разьвязала адкрытую вайну замест дамовы аб міры. Пастаянны чалец Рады Бясьпекі ААН нанёс удар па самай аснове Статуту ААН, — падкрэсьліла дыпляматка. — Мы павялічым намаганьні па рэформе Рады Бясьпекі. Размова ідзе і аб зьмене правілаў вынясеньня вета, згодна зь якімі пастаянныя сябры будуць тлумачыць іх Генэральнай Асамблеі». 

Напрыканцы прывядзём вытрымку з выступу Ўладзімера Зяленскага 27 верасьня 2022 году на Радзе Бясьпекі ААН.

74_big.jpg

«Рада Бясьпекі ААН — гэта інстытут, які працуе па добра вядомых і пэўных правілах, па рэглямэнце, якога пакуль прытрымліваюцца нават прадстаўнікі Расеі. Яны пакуль не выкарыстоўваюць у гэтай зале зброю замест словаў і пакуль не выбіваюць фатэль у суседзяў па Радзе Бясьпекі. Але напэўна ніхто ўжо ня зьдзівіцца, калі і гэтая заля будзе пераўтвораная прадстаўнікамі Расеі ў зону гвалту.

Статутам ААН Расея ўжо пагарджае. Любыя правілы гэтага сьвету Расея ўжо парушае. Так што гэта толькі пытаньне часу, калі яна разбурыць і гэты апошні міжнародны інстытут, які яшчэ можа дзейнічаць. Можа!

Менавіта да дзеяньняў я заклікаю вас зараз. Хто заўгодна ў сьвеце зараз назаве сотні прыкладаў таго, як Расея парушае міжнародны правапарадак і разбурае масіў міжнароднага права. Увесь час правакуе эскаляцыю і ўвесь час адказвае на любыя прапановы гутарак новай жорсткасьцю на полі бою, яшчэ большымі крызісамі і пагрозамі для Ўкраіны і сьвету. І гэта — відавочныя рэчы.

Ёсьць толькі адзін шлях, каб усё гэта спыніць. Першае. Поўная ізаляцыя Расеі ў адказ на ўсё тое, што яна робіць. Не можа заставацца сталым сябрам Рады Бясьпекі ААН з правам вета дзяржава, якая зараз рэалізуе генацыдную палітыку, утрымлівае сьвет за крок ад радыяцыйнай катастрофы і яшчэ пры гэтым пагражае ядзернымі ўдарамі. Расея павінна быць выключаная з усіх міжнародных арганізацыяў. Калі такое выключэньне ўскладнена працэдурай, яе ўдзел павінен быць прыпынены».

Разам з тым выклікае пытаньне той факт, што дзяржава, якая цывілізацыйным сьветам на гэты момант прызнаная «дзяржавай-тэрарыстам» альбо «рэжымам-тэрарыстам», уваходзіць у Раду Бясьпекі ААН, валодае правам вырашаць найістотныя пытаньні і блякаваць правам вета любыя захады супраць сябе. 

Неабходна рашуча зьмяніць гэты стан рэчаў. Засталося зразумець як.