«Ёсць указ Пуціна». Грамадзяніну Беларусі, які працуе ў Расіі на заводзе, выдалі позву ў войска РФ
Беларусу, які працуе на заводзе ў Чалябінску, позву ўручылі ў армію непасрэдна на працы і пагражалі звальненнем, калі не пойдзе ў ваенкамат. У яго няма не толькі расійскага грамадзянства, але нават віду на жыхарства. І ён такі не адзін!
Пра гэта праекту расійскіх незалежных журналістаў «ASTRA» распавёў сам работнік, які працуе на чалябінскім цукровым заводзе.
— Нас, 7 работнікаў, у панядзелак выклікаў брыгадзір і завёў да сябе ў кабінет, пасля гэтага ўручыў кожнаму па позве. Я грамадзянін Беларусі, іншыя мужыкі ў асноўным з Узбекістана.
Мы нават не чакалі, што такое можа быць, бо мы не маем нават віду на жыхарства ў Расіі, я ўжо не кажу пра грамадзянства і да таго падобнае. Позвы ў нас на заўтра. Мне пагражаюць звальненнем, а хлопцы іншыя амаль усе ўжо звольніліся і паехалі дадому, а я не магу звольніцца, у мяне ёсць шмат прычын.
Брыгадзір кажа, што, маўляў, ёсць указ Пуціна і бяруць у войска нават не грамадзян РФ. Мне кажуць, тыпу на вайну цябе не адправяць, толькі даныя ўдакладняць і ўсё, але я ўсё роўна баюся», — распавёў «ASTRA» Аляксандр.