Павел Усаў: Прысутнасць у стане бяздзейнасці расійскага кантынгенту стала праблемай для Мінска

Палітолаг у сваім тэлеграм-канале дзеліцца ўражаннямі ад нарады Лукашэнкі з прадстаўнікамі сілавых структур. Ён адзначае, што гэта можна назваць асаблівым відам катавання, але рыторыка адказных асобаў прасочваецца адназначная.

_belarus_zbroja_vojska_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg


Паслухаў нараду ў Лукашэнкі, потым яшчэ 20 хвіліннае «інтэрв'ю» з Хрэніным, так званым міністрам абароны. (Можна назваць гэта асаблівым відам катавання. Такога цяжкага, няскладнага маўлення даўно не чуў. Было відаць, як чалавеку цяжка казаць без звязкі ...ть). Але цяпер важна не як, а што:

1. Лукашэнка паказвае на нарастаючую небяспеку і пагрозы ваеннага ўварвання, якія пакуль яшчэ ўдаецца стрымліваць. Як і Хрэнін, кажа пра ўзмацненне правакацый па ўсіх лініях мяжы, асабліва з Украінай.

2. Хрэнін вяртаецца да вопыту 1941 года, робячы акцэнт на тым, што варожае кіраўніцтва суседніх краін ужо пачало «крыжовы паход на Усход» і вядзе адкрытую падрыхтоўку да вайны (!!!)

3. Хрэнін адзначыў, што мабілізацыйныя мерапрыемствы павінны скончыцца да канца года (падкрэсліўшы, што ніякай мабілізацыі няма). Аднак перадмабілізацыйны этап прайшлі 1 млн., чалавек (!). Гэта з'яўляецца псіхалагічнай ацэнкай гатоўнасці «насельніцтва» да таго, калі што, гэта значыць да вайны.

4. Што я адзначыў, дык гэта поўная адсутнасць нават намёку на дээскалацыю ў рыторыцы Лукашэнкі і ягонага атачэння. Упершыню дыктатар згадаў пра тых, хто заклікае і аб магчымасці нанясення удараў па аб'ектах (ваенных) на тэрыторыі Беларусі і гэта, відавочна, яго вельмі непакоіць. І гэта ўжо наступны ўзровень падрыхтоўкі свядомасці.

Па маіх адчуваннях, улады працягваюць узмацняць псіхалагічнае напружанне перадваеннага стану ў Беларусі, і грамадства хутка ўбудоўваецца ў гэтую новую парадыгму.

Як мне падаецца, найбольш крытычным пунктам для ўсіх могуць стаць пераднавагоднія і навагоднія святы. Расія нарошчвае ўдары і сілы прынамсі на Данбасе. У гэты перыяд на Захадзе пачынаецца мёртвы сезон, практычна 2 тыдні «палітычнага вакууму», рэлаксу і гэтак далей. Будзе адсутнічаць аператыўнае рэагаванне на дзеянні Масквы (Pearl Harbor 2:0).

Псіхалагічна самы зручны момант для нанясення апошняга ўдару ўсімі сродкамі, якія засталіся, у тым ліку і «беларускім рэсурсам», для таго, каб прымусіць Украіну да перамоваў.

У сваю чаргу, доўгатэрміновая прысутнасць у стане бяздзейнасці расійскага кантынгенту становіцца / ужо стала праблемай для Мінска. У якіх умовах яны ўтрымліваюцца (п'янства, гвалт і гэтак далей), застаецца толькі варажыць, і, як бачым, патроху пачынаюць разбягацца са зброяй у руках.

Войска ці трэба як мага хутчэй выкарыстоўваць, альбо ў Беларусі паўторыцца «жах Гюмры», калі расійскі жаўнер расстраляў армянскую сям'ю з 6 чалавек.