Украінская выведка: Уступленне Беларусі ў вайну будзе для яе самагубствам
Інфармацыя пра тое, што Беларусь мае намер уступіць у вайну Расіі супраць Украіны распаўсюджваецца, каб выклікаць паніку сярод украінцаў і дэзарыентаваць вайскоўцаў. Пра гэта заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў.
Расія распаўсюджвае такія фэйкі з мэтай пасеяць паніку сярод насельніцтва, асабліва жыхароў памежных раёнаў і дэзарыентаваць сілы абароны, разгрупаваць іх, перакінуць сілы з іншых кірункаў, сказаў Юсаў у эфіры ўкраінскага «FREEДОМ».
Акрамя гэтага, аб'ектам гэтай спецыяльнай псіхалагічнай інфармаперацыі з'яўляецца сама Беларусь і яе жыхары. У прыватнасці, такія заявы дзейнічаюць на нагнятанне сітуацыі. Усё робіцца для таго, каб уцягнуць Беларусь у поўнамаштабную вайну, адзначае Юсаў і заклікае не паддавацца на падобнага роду правакацыі.
«Мы не кажам, што ад рэжыму Лукашэнкі няма пагрозы. Яна ёсць, і Лукашэнка дапамагае Пуціну і зброяй, і боепрыпасамі, і бронетэхнікай. Ён дае сваю паветраную прастору для ўдараў па Украіне, але казаць пра тое, што ў бліжэйшым часе адбудзецца поўнамаштабнае ўварванне і ўцягванне Беларусі ўжо ў наземную аперацыю, сёння мы не можам», — дадаў прадстаўнік ваеннай выведкі Украіны.
Таксама ў выведцы падкрэслілі, што ўступленне Беларусі ў вайну супраць Украіны стане для яе самагубствам.
Нагадаем, што Узброеныя сілы Украіны некалькі разоў запісвалі разнастайныя відэаролікі-звароты да беларускіх войскаў з заклікам не ўцягвацца ў вайну ва Украіне.