Ці выставіць Гаага ордэр на арышт Лукашэнкі, як гэта зроблена адносна Пуціна?
З пункту гледжання юрыстаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, злачынства навідавоку. Прынамсі, у гэтым перакананы Павел Латушка.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне збірае дакументы, якія сведчаць пра датычнасць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.
Сабраныя доказы лідар НАУ Павел Латушка мае намер перадаць пракурору Гаагскага трыбунала. Хто дакладна датычны да вывазу ўкраінскіх дзяцей і якія доказы ёсць у НАУ? Пра гэта ў эфіры «Св*боды Premium» расказвае Павел Латушка.
Паводле Латушкі, у гэту справу заблытаны пралукашэнкаўскі дзеяч і паралімпіец Аляксей Талай. Некалькі разоў ён выязджаў у часова акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі, каб арганізаваць выезд украінскіх дзяцей у Беларусь. Пазней было апублікавана рашэнне так званай Саюзнай дзяржавы, каб арганізаваць прыезд у Мінскую вобласць 1050 дзяцей. Гэты выезд, як гаварылася ў рашэнні, адбываўся па даручэнні Пуціна і Лукашэнкі.
«Пазней былі паведамленні ад БелТА, што дзяцей вывозілі ў дзіцячы лагер «Дуброва» ў Салігорскім раёне. Гэты праект ажыццяўляўся, як там гаварылася, пры падтрымцы генеральнага дырэктара «Беларуськалію» спадара Івана Галаватага, які з’яўляецца хросным бацькам сына Лукашэнкі Мікалая. Мы маем інфармацыю, што 700 дзяцей ужо знаходзіліся на тэрыторыі Мінскай вобласці, а 350 ужо прыбылі і будуць прыбываць на працягу красавіка-траўня гэтага года», — кажа Латушка.
Палітык спасылаецца на старшыню прафсаюза хімічнай прамысловасці Дзмітрыя Швайбу, які таксама паведамляў, што дзеці знаходзяцца на тэрыторыі Салігорскага раёна і што для іх нават арганізаваны адукацыйны працэс, што іх нават гатовы ў будучым прыняць на працу ў «Беларуськалій».
«Але калі мы паглядзім, што гэтым дзецям ад 6 да 15 гадоў, гэта дзеці-сіроты або тыя, хто страціў кармільца, гэта азначае, што дазвол на іх выезд можа выдаць толькі ўпаўнаважаны орган грамадзянства гэтых дзяцей. Такім органам з’яўляецца Украіна. Тым больш украінская амбудсмен па правах дзіцяці ўжо заяўляла, што ў іх ёсць звесткі наконт вывазу ўкраінскіх дзяцей як на тэрыторыю Расіі, так і Беларусі. Гаворка ішла пра 16 тысяч дзяцей. Пра гэта заяўляў і генпракурор Украіны», — тлумачыць Латушка.
Кіраўнік НАУ мяркуе, што ў гэтай справе магла быць парушана Чацвёртая Жэнеўская канвенцыя, бо дзяцей нельга вывезці па іх уласнай волі, а Украіна згоды на гэта не давала. Нейтральнай краінай Беларусь не з’яўляецца. Таму такі вываз можа быць прызнаны нелегальным.
У адпаведнасці са згаданай канвенцыяй адказнасць кладзецца на дзяржаву. На думку Латушкі, парушаны таксама мог быць Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда, які кажа, што незаконная дэпартацыя дзяцей падчас вайны — гэта злачынства.
Частку дакументаў, якія пацвярджаюць вываз дзяцей, Павел Латушка ўжо сабраў. Усе гэтыя дакументы ён збіраецца перадаць пракурору суда ў Гаазе, які можа даць прававую ацэнку матэрыялам.
З пункту гледжання юрыстаў НАУ, злачынства навідавоку, перакананы Павел Латушка. Ён лічыць, што магчыма выставіць ордэр на арышт Лукашэнкі, як гэта было ўжо зроблена адносна Уладзіміра Пуціна.