«Лукашэнка і Пуцін — гэта саюз няўдачнікаў, якія адзін аднаго ненавідзяць, але адзін без аднаго не могуць»

Расійскі апазіцыянер і былы палкоўнік ФСБ Генадзь Гудкоў лічыць, што беларускі кіраўнік ні за што не адправіць сваё войска на вайну ва Украіне і Расія ўжо спыніла патрабаванні пра ўступленне беларускага войска ў вайну.

Малюнак з сайта karikatura.ru

Малюнак з сайта karikatura.ru


— Мы выдатна разумеем: апошняе, што зробіць Лукашэнка — дазволіць сваім сілавікам уцягнуцца ў вайну. Я думаю, ён гэта зробіць толькі пад руляй пісталета, — адзначае Генадзь Гудкоў у эфіры «M*lanka Media».

Апазіцыянер упэўнены, што ў Пуціна няма рычагоў ціску на беларускага кіраўніка.

— Лукашэнка адкрыта іх паслаў, і яны праглынулі. Пуцін жа не дурань, ён разумее, што Лукашэнка разыгрывае перад ім танны спектакль, але што ён можа зрабіць? Я думаю, што яны паставілі ўжо на ім крыж і больш не будуць яго прымушаць пачынаць ваенныя дзеянні.

Але Лукашэнка не пачынае гэтыя дзеянні не таму, што любіць Украіну. Ён яе ненавідзіць, таму што дэмакратыя ўкраінцаў — наўпроставая пагроза існаванню яго ўласнай улады.

І ён разумее, што калі перамеле сваіх сілавікоў, як гэта ўжо зрабіў Пуцін, то застанецца без падтрымкі, і народ яго зрыне.

Народ яго ненавідзіць. Мы ж гэта бачылі і ведаем па 2020 годзе, і гэта нянавісць нікуды не падзелася, — упэўнены расійскі палітык.

Гудкоў лічыць сённяшнюю Беларусь несамастойнай дзяржавай, а кіраўнікоў Расіі і Беларусі — няўдачнікамі, вымушанымі трываць адзін аднаго ў абставінах, якія склаліся.

— Сёння Беларусі як такой няма. Гэта працяг Расійскай імперыі з усімі яе жахамі: крывадушнасцю, падманам, шчытамі і гэтак далей. Верыць такой уладзе нельга ні на секунду, гэта найгрубейшая памылка, яна можа каштаваць свабоды і жыцця, — кажа Гудкоў пра беларускую «камісію па вяртанні». — Уся ўлада Лукашэнкі трымаецца на грашах Пуціна і штыках сілавікоў.

І Пуцін гэта разумее. І ён бы з задавальненнем паслаў Лукашэнку куды далей і перастаў спансіраваць, але!

Лукашэнка і Пуцін — гэта саюз двух няўдачнікаў, якія адзін аднаго люта ненавідзяць, але адзін без аднаго не могуць. Гэта такія палітычныя сіямскія блізняты.

Іх жыццё звязала так, што яны практычна знаходзяцца ў адным целе. І зрынаць іх будуць абодвух разам.