434-ты дзень вайны. Расія рыхтуецца да ўкраінскага контрнаступу, Украіна думае, як вызваляць Крым
Расія здзейсніла чарговы налёт дронамі «Шахед» на тэрыторыю Украіны, але думае пра тое, як падаваць украінскі контрнаступ у падкантрольных СМІ. Украіна наносіць удары ў адказ і думае пра больш глабальныя задачы.
Зводкі з фронту
Па звестках Генштаба УСУ, на працягу 2 траўня сілы абароны Украіны адбілі больш за 30 нападаў праціўніка на 4 напрамках. «Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — здзейсніў больш за 30 нападаў. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка, нашы салдаты трымаюць абарону», — гаворыцца ў ранішняй зводцы УСУ.
За мінулыя суткі праціўнік нанёс 3 ракетныя, 39 авіяцыйных удараў і здзейсніў 63 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. Пацярпелі мірныя жыхары, разбураны і пашкоджаны прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.
Верагоднасць нанясення ворагам ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай.
Атака расійскіх дронаў па Украіне 3 мая
У ноч на 3 траўня расійскія акупанты запусцілі 26 дронаў-камікадзэ па тэрыторыі Украіны. Атака БПЛА ажыццяўлялася з Азоўскага мора і з аэрадрома ў Бранскай вобласці.
«Знішчаны 21 ударны дрон з 26. Атакавалі, вядома, з двух кірункаў яшчэ да паўночы. Традыцыйна атакуюць з аэрадрома «Сешча» Бранскай вобласці, на поўнач ад нашай краіны, а таксама з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора. Менавіта адтуль праціўнік таксама часта наносіць удары», — паведаміў спікер камандавання паветраных сіл УСУ палкоўнік Юрый Ігнат.
Апроч таго, за мінулыя суткі 2 траўня расійцы 106 разоў абстралялі Херсонскую вобласць, выпусціўшы 485 снарадаў з цяжкай артылерыі, «Градаў», танкаў і авіяцыі, патрапіўшы ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці. Херсон абстраляны 9 разоў. Чатыры чалавекі загінулі, сямёра (з іх адно дзіця) атрымалі раненні.
Украіна наносіць удар у адказ
У Бранскай вобласці Расіі заявілі пра начную атаку беспілотнікаў на ваенны аэрадром. У гэтым расійцы абвінавацілі Украіну. «Беспілотнікі УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Бранскай вобласці ў ноч на 3 траўня», гаворыцца ў паведамленні расійскага Telegram-канала «Baza».
Паводле звестак расійцаў, нібыта ў «атацы» ўдзельнічала 5 БПЛА. З іх 2 былі знішчаны са стралковай зброі, а яшчэ 2 выбухнулі на тэрыторыі аэрадрома. Яшчэ адзін беспілотнік не знойдзены. Паказана, што ў выніку гэтага невялікія пашкоджанні атрымаў транспартны самалёт Ан-124. Расійцы сцвярджаюць, што ён «не эксплуатаваўся».
У пасёлку Вална Краснадарскага краю РФ (Тамань), непадалёк ад Крымскага моста, загарэлася нафтабаза, паведаміў губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў. Палае рэзервуар з нафтапрадуктамі. Пажару прысвоены вышэйшы ранг складанасці. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяр і пацярпелых няма.
Як змякчыць контрнаступ УСУ
Інстытут вывучэння вайны (ISW) зазначае, што расійскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва рыхтуе інфармацыйную прастору, маючы намер знізіць узрушэнне расійцаў ад патэнцыйных поспехаў Сіл абароны Украіны на фоне чаканняў пачатку контрнаступлення УСУ.
Аб атрыманні такой інструкцыі заяўляла расійскае апазіцыйнае выданне «Медуза» 2 траўня. У ёй, як паведамляецца, дзяржаўным СМІ прадпісваецца «не зніжаць чаканняў у дачыненні да абвешчанага ўкраінскага контрнаступлення», не заяўляць, што Украіна не гатова да контрнаступлення, замест гэтага трактаваць магчымасць наступу УСУ як данасць.
У інструкцыі падкрэсліваецца, што расійская прэса павінна засяродзіцца на дапамозе Захаду ў галіне бяспекі і падтрымцы Украіны.
«Крэмль рыхтуецца (калі не чакае) да ўкраінскіх поспехаў і плануе змякчыць дэмаралізацыю ў расійскай інфармацыйнай прасторы», — распавядаюць эксперты ISW.
Аналітыкі дадалі, што гэта стала важнай расійскай адаптацыяй з часу папярэдніх контрнаступленняў УСУ ў Херсонскай і Харкаўскай абласцях, якія «выклікалі драматычныя ўзрушэнні і дэмаралізацыю як у расійскіх Узброеных сілах, так і ў расійскай інфармацыйнай прасторы, якія Крэмль, імаверна, імкнецца змякчыць».
Сакратар Рады бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў пракаментаваў словы міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава аб тым, што Украіна верне акупаваны Расіяй Крым «без бою». Паводле Сакратара РНБА, Украіна будзе вызваляць Крым «такім чынам, які палічыць неабходным».
«Мне складана казаць, без бою яны (расійцы) будуць нешта аддаваць… Магу адзінае сказаць, што пры неабходнасці мы будзем вызваляць такім чынам, які будзем лічыць неабходным на час прыняцця тых ці іншых рашэнняў. Калі будзе патрэба ў тым, каб мы там выкарыстоўвалі трохі іншыя сродкі, яны абавязкова будуць выкарыстоўвацца», — заявіў ён.
«І ні ў каго мы пытацца з гэтай нагоды дазволу не збіраемся. Гэта наша зямля, і наша задача — яе вызваліць», — падкрэсліў Данілаў.
Гэта азначае, што Украіна думае пра вызваленне Крыма сур’ёзна.
Паводле ўкраінскай прэсы