«Рускі дом у Гомелі» плануе павезці ў Крым беларускіх школьнікаў у час, калі УСУ рыхтуе контрнаступленне
Нікога не бянтэжыць ні вайна, ні парушэнне міжнароднага заканадаўства, ні, мяркуючы па ўсім, бяспека дзяцей — усіх вязуць у «Артэк».
У канцы красавіка ў філіяле «Рассупрацоўніцтва» ў Гомелі з аншлагам (сагналі каля сотні школьнікаў) адбылася прэзентацыя ўсерасійскага конкурсу «Вялікі перапынак». Ён быў анансаваны для замежных удзельнікаў, гэта значыць, у тым ліку, для беларускіх школьнікаў.
Рэкламная аб’ява ад «Рускага дома ў Гомелі» паведамляла: «Бясплатную паездку ў “Артэк” — самы круты лагер Расіі — атрымаюць гомельскія школьнікі, якія прадэманструюць поспехі ў анлайн-конкурсе».
Спецыяльна для правядзення прапаганды гэтага конкурсу ў Гомель прыехала нават менеджарка па працы з удзельнікамі аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі (АНО) «Вялікі перапынак» Дар’я Кавешнікава, піша «Штодзень».
Для агітацыі конкурсу запрасілі і гомельскую школьніцу Марыю. Дзяўчына распавяла, што яна прызёрка мінулага года і ўжо пабывала ў «Артэку». Прозвішча дзяўчыны ніхто не называў, хоць вылічыць яго зусім не складана. Па этычных меркаваннях мы не будзем выдаваць асабістыя даныя школьніцы. Па-першае, яна непаўналетняя, па-другое, мы ўсе ведаем, што візіт у Крым з боку Расіі ва Украіне пераследуецца па законе.
Але вядома, што дзяўчына — вучаніца 11 класа. І на мерапрыемстве яна з гонарам распавядала, што летась пабывала ў Крыме па праграме «Добры дзень, Расія».
Таксама школьніца расказала, што пра расійскі конкурс яна даведалася з анлайн-рассылкі, якую зрабіла яе ж класная кіраўніца. На жаль, для беларускіх школ гэта норма. Падчас агітацыі конкурсу дзяўчына паведаміла, што па выніках візіту ў Крым пасля заканчэння школы яна збіраецца вучыцца не ў беларускай, а ў расійскай ВНУ.
«Штодзень» уважліва пачытаў, што гэта за конкурс.
Да прыкладу: «Рабі дабро!» (пра валанцёрства), «Памятай!» (гістарычная памяць), «Служы Айчыне!» (дзяржаўная абарона і бяспека), «Стварай будучыню!» (навука і тэхналогіі), «Раскажы пра галоўнае!» (журналістыка і новыя медыя) …Усяго 12 кірункаў, якія маюць мала агульнага з Беларуссю.
Пры гэтым арганізатары асобна падкрэсліваюць, што ў дадзеным выпадку паспяховасць не важная, і «ніхто ні разу не спытае пра адзнакі». Ацэньваецца нібыта не акадэмічная паспяховасць, а «навыкі, якія спатрэбяцца дзецям і падлеткам у сучасным свеце».
Галоўным падарункам для пераможцаў будзе «магчымасць прайсці навучанне на бюджэтнай аснове ў расійскіх ВНУ і ўбачыць унікальныя месцы Расіі, а таксама больш даведацца пра гісторыю і культуру нашай краіны (маецца на ўвазе ўсе тая ж Расія — Рэд.)».
Вішанькай на торце ва ўсёй гэтай гісторыі стала мерапрыемства, якое праз тыдзень правялі ўжо дарослыя людзі. Дабілі прапагандай «Артэка», але анансуючы ўжо новы конкурс — «Людзі Артэка».
Прывядзём цытату з афіцыйнага тэлеграм-канала «Рускага дома ў Гомелі» з нагоды гэтага мерапрыемства: «Сапраўдныя жывыя эмоцыі ад галоўнага дзіцячага цэнтра Расіі перадалі школьнікам людзі «Артэка» — Жанна Жадзейка і Раіса Карнаушэнка. У далёкія 1980-я гамяльчанкі правялі незабыўныя гады на беразе Чорнага мора: працавалі важатымі, адпачывалі, прасоўвалі ідэі савецкай Піянерыі. Шчаслівы і бесклапотны час пакінуў глыбокі след у памяці».
«Артэк» быў створаны ў 20-х гадах XX стагоддзя як лагер-санаторый. У 1991 годзе «Артэк» атрымаў статус Міжнароднага дзіцячага цэнтра. А ў 1998 годзе ЮНЕСКА прызнала летнік «Праектам XXI стагоддзя». Пасля таго, як Расія анексавала Крым у 2014 годзе супрацоўнікі «Артэка» афіцыйна пераехалі з Крыма ў Букавель.
Украінскія СМІ адзначаюць, што «Артэк» у Крыме часта выкарыстоўвае дзяцей у мэтах прапаганды. Напрыклад, у красавіку дзяцей у крымскім «Артэку» вывелі на прапагандысцкую акцыю, падчас якой выдалі 160-метровую георгіеўскую стужку з подпісамі міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, начальніка генеральнага штаба расійскай арміі Валерыя Герасімава.