Без бою? Якія планы мае кіраўніцтва Украіны па вяртанні Крыма

Дык якія ж сюрпрызы рыхтуюць УСУ для для расійскай арміі і як могуць вызваліць Крым, разбіраўся ўкраінскі Кореспондент.net.

Крымскі мост пасля падрыву. Фота: прэс-служба СБУ

Крымскі мост пасля падрыву. Фота: прэс-служба СБУ

На працягу апошняга тыдня ўкраінскія ўлады намякаюць, што Узброеныя Сілы Украіны (УСУ) арганізуюць такія ўмовы, што расіяне будуць самі бегчы з паўвострава.

Пасля апошніх падзей у Крыме колькасць жадаючых пакінуць паўвостраў значна павялічылася. Гэта пацвярджаюць як мясцовыя жыхары ў сацсетках, так і ўкраінскія вайскоўцы. У Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны Украіны кажуць, што гэта правільная рэакцыя акупантаў і настойліва раяць расіянам пакідаць паўвостраў, пакуль такая опцыя ўсё яшчэ ёсць.

Дык якія ж сюрпрызы рыхтуюць УСУ для для расійскай арміі і як могуць вызваліць Крым?

«РФ трэба адрэзаць ад Крыма»

Расія павінна ажыццявіць так званы «жэст добрай волі» з Крыма — і для гэтага УСУ ўжо прымаюць «адпаведныя меры», паведаміў прадстаўнік ГУР Андрэй Чарняк. Пра гэта ён сказаў, рэагуючы на ідэю былога камандуючага арміяй ЗША ў Еўропе Бэна Ходжэса ізаляваць акупаваны паўвостраў ад РФ.

«Безумоўна, ворага трэба адрэзаць ад Крыма — зрабіць так, каб Расія не змагла выкарыстоўваць часова акупаваны паўвостраў у вайсковых мэтах і, урэшце, ажыццявіла так званы крымскі жэст добрай волі», — сказаў Чарняк.

Паводле яго слоў, нядаўнія выбухі і пажары на тэрыторыі паўвострава не з'яўляюцца выпадковасцю.

«Кіламетровыя заторы на незаконна збудаваным мосце з Керчы ў Расію — гэта правільная рэакцыя. ГУР МА Украіны настойліва рэкамендуе пакінуць акупаваны Крым, пакуль такая опцыя яшчэ ёсць», — раіць Чарняк.


«Вяртанне без бою»

Нягледзячы на тое, што цяпер рускія ўлады спрабуюць ператварыць Крым у крэпасць, Украіна бачыць вызваленне паўвострава «вайскова-палітычным» метадам, а не выключна «вайсковым контрнаступленнем». Пра гэта выданню The Atlantic паведаміў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

«Як толькі яны (Узброеныя Сілы Украіны. — рэд.) перакрыюць аўтамабільныя, чыгуначныя і водныя шляхі да паўвострава і атакуюць вайсковую інфраструктуру беспілотнікамі, можна меркаваць, што многія жыхары Расіі, асабліва нядаўнія імігранты, пераканаюцца, што ім лепш жыць дзесьці ў іншым месцы», — піша Atlantic і дадае, што некаторыя акупанты ўжо збеглі пасля выбухаў у Крыме.

«Крым мы возьмем без бою», — цытуе выданне Аляксея Рэзнікава.

Адзначаецца, што існуюць дэталёвыя планы па дэакупацыі Крыма. Прадстаўніца прэзідэнта Украіны ў Крыме Таміла Ташава з групай экспертаў працуе над стратэгіяй аднаўлення ўлады на паўвостраве.


«Вы ўбачыце, як рускія будуць бегчы»

Пра падобны сцэнар вызвалення акупаванага Крыма ў суботу распавядаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Кіраўнік Украіны прагназуе, што расіяне будуць бегчы з паўвострава хутчэй, чым з часова акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей.

«Мы дакладна дэакупуем Крым. Гэта будзе лягчэй, чым тое, што адбываецца цяпер... калі мы дойдзем да адміністратыўнай мяжы з Крымам, вы ўбачыце, як расіяне будуць бегчы... яны зараз акопы капаюць там, перакапалі ўвесь пляж...», — сказаў ён у інтэрв'ю замежным СМІ.

Прэзідэнт Украіны нагадаў, што Крэмль і акупацыйныя ўлады Крыма «прамывалі мазгі» мясцоваму насельніцтву — абяцалі мільярдныя інвестыцыі ў паўвостраў, а замест гэтага на працягу дзесяці гадоў толькі мілітарызавалі яго і кідалі людзей у турму.

«Яны будуць бегчы з Крыма, будуць бегчы хутчэй, чым з Данбаса. Яны нават сабе не ўяўляюць..., што як толькі мы дойдзем да першага сяла ў Крыме, вы ўбачыце, як людзі ў Крыме выйдуць на вуліцы і будуць таксама гнаць гэтую «ўладу» з Крыма. Так яно і будзе», — дадаў Зяленскі.