За кошт адпускных. Беларускім настаўнікам навязваюць пуцёўкі ў акупаваны Крым

Беларускім настаўнікам прапануюць летам адпачыць у акупаваным Расіяй Крыме. 

Крым летам мінулага года. Фота з сацсетак

Крым летам мінулага года. Фота з сацсетак

Адметнасць сітуацыі ў тым, што зараз на анексаваным паўвостраве неспакойна, ён падвяргаецца атакам украінскіх артылерыі і партызан, турыстычны сезон там можна загадзя лічыць праваленым. Але некаму прыйшла ў галаву ідэя зрабіць гешэфт за кошт настаўнікаў з Беларусі. А што, яны на ўсё пагаджаюцца — што выбары фальсіфікаваць у складзе мясцовых камісій, што адправіцца на курорт пад пагрозай «бавоўны».

Зрэшты, магчыма, усё пакуль не так драматычна. Прынамсі, як распавядае «Н*ша Ніва», пакуль гаворка ідзе толькі пра адну са школ Наваполацка. Там настаўнікаў індывідуальна выклікаюць да дырэктара і настойліва прапануюць набыць пуцёўкі ў Крым.

Прычым, як стала вядома выданню, абяцаюць, што грошы за пуцёўкі потым аднімуць з адпускных і нават кампенсуюць 30% іх кошту.

Такія прапановы настаўнікам адбываюцца на фоне заяў украінцаў аб хуткім контрнаступе, адным з кірункаў якога можа быць і Крым. Інструкцыі, як дзейнічаць у выпадку ваенных дзеянняў, да прапановы не выдаюцца.

Ад самага пачатку акупацыі паўвыспы ля берагавой лініі пачалі расці гатэлі. Іх колькасць дасягнула амаль паўсотні. А гэта каля чатырох тысяч месцаў. Да гэтага трэба дадаць яшчэ афіцыйна зарэгістраваныя 364 аб'екты, у якіх таксама размяшчаюць турыстаў. Да таго ж і колькасць пляжаў вырасла з 260 да 455.

Колькі каштуе пуцёўка ў Крым? Згодна з прэйскурантам на сайтах турагенцтваў, 14 начэй у маі-чэрвені абыдзецца ад 130 да 550 даляраў у залежнасці ад разраду гатэля. Сярэдні кошт пуцёўкі з пераездам, пражываннем у гатэлі з трохразовым харчаваннем будзе складаць прыкладна 230 даляраў.

Для параўнання: толькі пяць дзён у звычайным двухпакаёвым нумары айчыннага адносна таннага санаторыя «Нарач» абыдзецца беларусам у 242 даляры.

Пуцёўкі ў Крым для беларусаў таннейшыя, чым для расіян. Але ці гатовы хтосьці з педагогаў да такіх экстрэмальных прыгод пасярод вайны і напярэдадні яе кульмінацыі?