Расія лічыць Крым уразлівым?
Выведка Брытаніі лічыць, што РФ прызнала ўразлівасць Крыма і цяпер запускае беспілотнікі не адтуль, а з Астрахані.
Ваеннае кіраўніцтва Расіі занепакоенае ўразлівасцю акупаванага Крыма, таму перанесла месца запуску іранскіх беспілотнікаў у Краснадарскі край. Пра гэта паведамляе Мінабароны Вялікабрытаніі 17 снежня, адзначае korrespondent.net.
"У апошнія дні актывізавалася кампанія Расіі па дальнабойнасці ўдараў па крытычна важнай нацыянальнай інфраструктуры Украіны. Хваля ўдараў у асноўным складалася з крылатых ракет паветранага і марскога запуску, але амаль напэўна ў іх таксама ўдзельнічалі прадастаўленыя Іранам беспілотнікі, якія запускаліся з Краснадарскага краю Расіі. Раней гэтыя БПЛА запускаліся ў асноўным з тэрыторыі акупаванага Крыма", — гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначылі ў выведцы Брытаніі, змяненне месца запуску, верагодна, звязана з непакоем Расіі адносна ўразлівасці Крыма, а таксама са зручнасцю папаўнення запасаў з верагоднага пункта прыбыцця зброі ў Расію — Астрахані.
Варта таксама згадаць, што паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны, рускія войскі ў Крыме рыхтуюцца да высадкі ўкраінскага дэсанту.
Сёння ўкраінская выведка паведаміла, што Расія атрымала новую партыю іранскіх дронаў, адзначае ВВС.
Пра гэта распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі ўкраінскага Міністэрства абароны Андрэй Юсаў. Ён заявіў, што войска РФ атрымала новую партыю іранскіх дронаў "Шахед-136" для ўдараў па Украіне.
Паводле яго слоў, Іранскія беспілотнікі не выкарыстоўваліся падчас пятнічнага масіраванага ўдару па ўкраінскай інфраструктуры, аднак расійскія вайскоўцы іх зноў атрымалі.
"Гэта новая партыя, мы не каментуем цяпер колькасць, але бачым, што, напрыклад, падчас учорашніх масіраваных ракетных удараў "Шахед-136" не выкарыстоўваліся, — сказаў Юсаў у эфіры ўкраінскага тэлебачання, — піша агенцтва Інтэрфакс Україна. — Так, гэта новая партыя, але партыя ў параўнанні з пачатковым масавым выкарыстаннем Shahed-136, відавочна, меншая".
Расія прымяняе іранскія дроны-камікадзэ з сярэдзіны кастрычніка, у асноўным — для удараў па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры. На працягу некалькіх тыдняў армія РФ іх не выкарыстала, аднак некаторы час таму яны зноў былі зафіксаваныя над Украінай.
Расія спачатку адмаўляла, што атрымлівала беспілотнікі ад Ірана, аднак затым прызнала іх пастаўкі — праўда, пры гэтым сцвярджала, што апараты былі дастаўленыя яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай.