296-ты дзень вайны. Расія спрабуе знішчыць цеплазабеспячэнне найбуйнейшых украінскіх гарадоў

Раніцай 16 снежня грамадзян Украіны папярэдзілі аб ракетных ударах. Мэтай сённяшняй атакі была сістэма цеплазабеспячэння найбуйнейшых гарадоў Украіны, каб зламаць волю ўкраінскага народа да супраціву. Так ахарактарызаваў сітуацыю Антон Герашчанка.

Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Харкаве. 15 чэрвеня 2022. Фота: Суспільне Харків

Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Харкаве. 15 чэрвеня 2022. Фота: Суспільне Харків

Ва ўсіх абласцях Украіны раніцай абвешчана паветраная трывога. Украінцаў папярэджваюць аб ракетах. Расійскія вайскоўцы запусцілі па тэрыторыі Украіны 72 ракеты.

Вайсковы журналіст Андрэй Цапліенка паведаміў, што да дзесяці стратэгічных бамбавікоў-ракетаносцаў Ту-95, якія знаходзіліся ў раёне Каспійскага мора, зрабілі запускі ракет. Кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім папярэдзіў, што першыя ракеты ўжо заходзяць, чакаецца каля 60 штук.

У Кіеве раніцай прагрымелі выбухі, працуе СПА.

Раніцай 16 снежня падчас маштабнай паветранай трывогі ў Кіеве прагрымела некалькі выбухаў. Кіраўнік Кіеўскай АВА паведаміў аб працы СПА над рэгіёнам.

«У вобласці працуе СПА. Вораг актыўна атакуе Украіну. Падвышаная небяспека. Знаходзімся ва ўкрыццях. Нічога не фатаграфуем і не выкладваем у сеціва», — адзначыў ён.

Кіеўскае метро стала найбуйнейшым бамбасховішчам для жыхароў горада. Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што работа метро цяпер цалкам спынена.

Віталь Клічко сказаў, што выбухі адбыліся ў Дзяснянскім раёне сталіцы, на месца выехалі ўсе аварыйныя службы.

Паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, у некалькіх раёнах Кіева было чуваць як мінімум тры выбухі. Пазней Віталь Клічко пацвердзіў яшчэ адзін выбух у Дняпроўскім раёне Кіева.

Харкаў і Палтава засталіся без святла.

З-за масіраванай атакі на Украіну ў пятніцу цалкам абясточаныя Харкаў і Палтава.

Пра гэта паведамляецца ў Telegram мэра Харкава Ігара Церахава. «Харкаў абясточаны, але працуюць усе «Пункты нязломнасці», дзе можна сагрэцца, падзарадзіць тэлефон, там ёсць гарачая гарбата і інтэрнэт», — напісаў ён.

Нагадаем, расійскія войскі другі дзень запар абстрэльваюць Харкаў. Жыхароў папярэджвалі аб магчымых перабоях са святлом.

Без электраэнергіі засталася і Палтава.«Палтава без электраэнергіі. Палтаўцы! Захоўвайце спакой. Пакуль мы застаёмся без электразабеспячэння. Выключыце ўсе электрапрыборы. Паветраная трывога яшчэ працягваецца. Будзьце асцярожныя. Сачыце за наступнымі паведамленнямі», — напісаў мэр Палтавы Аляксандр Мамай.

Расійская армія выпусціла каля 12 ракет па Запарожжы, паведамляе сакратар гарсавета Анатоль Курцеў.

У Жытомірскай і Вінніцкай АВА паведамляюць аб паспяховай працы СПА.

У Крывым Рогу ракета трапіла ў жылы дом. У Офісе прэзідэнта паведамляюць, што пад заваламі могуць быць людзі. Экстранныя службы ўжо працуюць.

Тым часам гарадскі галава Бучы Анатоль Хведарук паведаміў, што сілы СПА збілі ракеты побач з горадам.

Расіяне за мінулыя суткі 30 разоў абстралялі тэрыторыю Херсоншчыны — чатыры чалавекі загінулі, дзевяць паранена, паведаміў кіраўнік АВА Яраслаў Янушэвіч.

За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі арміі РФ у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Стэльмахоўка, Плошчанка, Чырвонапапоўка і Белагораўка Луганскай вобласці і Грыгор'еўка, Выемка, Якаўлеўка, Саледар, Бахмуцкае, Бахмут, Андрэеўка, Курдзюмаўка, Азаранаўка, Дружба, Аляксандрапаль, Новабахмутаўка, Невельскае, Мар'інка, Пабеда і Новаміхайлаўка ў Данецкай вобласці, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) не выключае, што новы расійскі наступ можа пачацца ў студзені або лютым. Прычым атака з тэрыторыі Беларусі «не з'яўляецца непазбежнай», мяркуюць аналітыкі. Пры гэтым яны сумняваюцца ва ўзяцці Кіева, але адзначаюць, што мэты Расіі ва Украіне не змяніліся і застаюцца максімалісцкімі.

У Мінску 19 снежня чакаюць Пуціна, плануюцца перамовы з Лукашэнкам. На парадку дня — «эканамічнае ўзаемадзеянне і пытанні бяспекі, абмяркуюць сумесныя меры рэагавання на ўзніклыя выклікі», паведамляюць расійскія СМІ.


Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю Украіны, якая асуджае расійскія рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў акупаваным Крыме. Дакумент падтрымалі 82 краіны, 80 устрымаліся і 13 выказаліся супраць.

ЗША не бачаць магчымасці для змены правіл ААН дзеля выключэння Расіі з ліку сталых чальцоў Рады бяспекі. Пра гэта заявіла спікер Белага дома Карын Жан-П'ер: «Калі б існаваў спосаб выключыць Расію з Рады Бяспекі ААН, мы б неадкладна прыступілі да гэтага». Па яе словах, адміністрацыя сцвярджае, што не бачыць такой магчымасці і таму сканцэнтравана і надалей прыкладаць намаганні па ізаляцыі Расіі ў міжнародных арганізацыях і па прыцягненні РФ да адказнасці, у тым ліку з дапамогай санкцый.

Сенат ЗША зацвердзіў рэкордны бюджэт Пентагона на 858 мільярдаў долараў. Дакумент прадугледжвае вылучэнне Украіне дадаткова не менш за 800 мільёнаў долараў. Законапраект аб абаронным бюджэце накіраваны на подпіс у Белы дом.

Кіраўнікі дзяржаў ЕС прыйшлі да пагаднення аб нарошчванні далейшай ваеннай падтрымкі Украіны, а таксама збіраюцца скіраваць намаганні для прыцягнення да адказнасці Расіі за ваенныя злачынствы. Пра гэта гаворыцца ў дакуменце, прынятым па выніках саміту. Таксама ЕС пацвердзіў, што канчаткова ўхваліў прадастаўленне Украіне 18 мільярдаў еўра макрафінансавай дапамогі, сродкі будуць паступаць на працягу 2023 года.

Паводле korrespondent.net, украінскай службы РБК, suspilne.media