Як Расійская імперыя першы раз анексавала Крым

У другой палове XVIII стагоддзя Расійская імперыя актыўна далучала землі суседніх дзяржаў. У кіпцюры двухгаловага арла трапіла Рэч Паспалітая, Дунайскія княствы, Каўказ… 8 (19) красавіка 1783 года расійская імператрыца Кацярына ІІ выдала маніфест аб далучэнні Крыма да сваёй імперыі.

00_vokladka_6.jpg

Незалежны Крым: ключавыя падзеі 1774 года

Пасля таго, як адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, погляд расійскай імператрыцы быў кінуты на паўднёвы напрамак імперскіх інтарэсаў. У аб’ектыве быў басейн Чорнага мора.
Яшчэ ў 1768 годзе пачалася чарговая вайна паміж Расійскай і Асманскай імперыямі за ўплыў у чарнаморскім рэгіёне. Падчас гэтай вайны ў 1771 годзе расійская армія ўвайшла ў Крым, і татары — карэннае насельніцтва паўвыспы — былі вымушаныя заключыць так званы саюзны дагавор. Тады ж Расія ў аднабаковым парадку абвясціла Крымскае ханства самастойным дзяржаўным утварэннем.
Гэтая вайна была няўдалай для туркаў, яны яе фактычна прайгралі, што дазволіла Расійскай імперыі весці рэй на мірных перамовах, ставіць свае ўмовы. Згодна з мірным пагадненнем, сярод іншага, было вызначана: Крым становіцца незалежным. Асобным радком вялося пра тое, што ні Асманская Порта, ні Расійская імперыя не ўмешваюцца ў справы Крыма.

Падпісанне міра паміж Расійскай і Асманскай імперыяй

Падпісанне міра паміж Расійскай і Асманскай імперыяй

Фактычна, у 1774 годзе Крымскае ханства было абвешчана незалежнай дзяржавай. І Расійская імперыя ўзяла на сябе абавязацельства вывесці войскі з тэрыторыі Крымскага ханства. Але ж яна гэтага так і не зрабіла.

Імперыя ўмешваецца ва ўнутраныя справы Крыма

Крым — незалежная дзяржава. Але Расія не выпускае паўвыспу з-пад свайго ўплыву. Акрамя таго, што ў Крыме стаяць войскі імперыі, імперыя актыўна ўплывае, а нават і распараджаецца, усімі палітычнымі справамі ханства.
Найперш Расія прызначыла кіраўніком дзяржавы свайго стаўленіка Сахіб-Герая, урэшце скінутага крымскімі татарамі ў 1775 годзе. Зноў імперыя ў справы Крыма ўмяшалася ў 1777 годзе, калі паставіла на трон свайго пратэжэ Шагін-Герая, чым зноў парушыла нормы мірнага дагавора аб неўмяшанні ў справы Крыма.

Шагін-Герай

Шагін-Герай

Стаўленік Кацярыны хоць і хацеў правесці там нейкія рэформы, марыў стварыць чарнаморскую імперыю накшталт Расійскай ці Асманскай, але яго захады не ўвянчаліся поспехам. Крымскія татары не давяралі яму. Расія рабіла ўсё для таго, каб абяскровіць Крымскае ханства. Хан Шагін-Герай трымаўся выключна на штыках рускіх салдат, мясцовыя не маглі змірыцца з гэтым.

Супраціў крымскіх татар

krymskija_tatary_1.jpg

Крымскія татары
За часы фармальнай незалежнасці Крымскага ханства было некалькі татарскіх паўстанняў супраць хана Шагін-Герая. Расія іх душыла.
Апошняе буйное паўстанне адбылося ў 1782 годзе, калі паўстанцы абралі на ханскі трон брата Шагін-Герая. На загад Кацярыны II расійскія войскі задушылі гэтае паўстанне. Калі высветлілася, у чым справа, у 1782 годзе дыван — турэцкі ўрад — прапанаваў Расіі кампраміснае рашэнне — правесці апытанне, каго татары хочуць у ханстве: Шагін-Герая ці яго брата Бохадыр-Герая. Расійская імперыя адмовілася.
Аднак Шагін-Герай быў вымушаны і сам адмовіцца ад трона, таму што ўлада трымалася на замежнай падтрымцы, унутранай падтрымкі не было. У 1782 годзе да паўстання далучылася нават асабістая гвардыя Шагін-Герая.
Хан раздражняў падданых не толькі сваім залежным статусам, але і паводзінамі, стаўленнем да традыцый і каштоўнасцей татар.
Напрыклад, Шагін Герай згаліў бараду — нечуваная дзёрзкасць для крымскіх ханаў, яго папярэднікі ездзілі верхам, а ён перасеў у еўрапейскую карэту, атачыў сябе «нявернымі» дарадцамі — усё гэта не было прынята татарскай элітай.
Пазней, калі Расійскай імперыі стала нявыгадна ўтрымліваць Шагін-Герая, у рэскрыпце Кацярыны II гаварылася: далейшае знаходжанне Шагін-Герая на крымскім троне не ўваходзіць у планы. І недзе на мяжы 1782–1783 гадоў адбылося адрачэнне апошняга крымскага хана.

Адрачэнне Шагін-Герая

Адрачэнне Шагін-Герая


Анексія Крыма 1783 года  

ruskija_vojski_u_krymu__1780_ja.jpg

Рускія войскі ў Крыму, 1780-я

Імперыяй былі зроблены ўсе падрыхтоўчыя работы, каб неўзабаве паглынуць Крымскае ханства, фармальна незалежную дзяржаву.
І неўзабаве, 8 (19) красавіка 1783 года быў абвешчаны маніфест прыняцця Крымскага паўвострава, вострава Тамань і ўсяго Кубанскага краю ў склад Расійскай імперыі.
Гэта не прайшло мірна, таму што адбываліся лакальныя паўстанні прыхільнікаў хана Бахадыр Герая, абранага ў 1782 годзе крымскімі татарамі, якія арганізавалі паўстанне. Аднак вялікага паўстання не было.

Навошта імперыі быў Крым?

vidarysy_kryma.jpg

Відарысы Крыма

Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба глядзець на ўсю палітыку імперыі ў рэгіёне. Яшчэ ў 1775 годзе была ліквідавана Запарожская Сеч: калі скончылася руска-турэцкая вайна, казакі ўжо не былі патрэбныя — яны перашкаджалі каланізацыі ўсяго Паўночнага Прычарнамор’я. А Крымскае ханства засталося апошняй перашкодай для поўнага панавання Расійскай імперыі ў рэгіёне.
Можна таксама згадаць так званы «грэцкі» праект Кацярыны II, які заключаўся ў знішчэнні Асманскай імперыі, выгнанні асманаў з іх еўрапейскіх уладанняў.
Галоўнай стратэгічнай і геапалітычнай мэтай Расіі было адраджэнне Візантыі пад яе пратэктаратам. Узначаліць гэтую дзяржаву павінен быў унук Кацярыны ІІ Канстанцін. Канстанцінопаль і Канстанцін, а гэта Усходняя імперыя пад пратэктаратам Расійскай імперыі. Захоп Крымскага ханства стаў крокам да далейшага заваявання Асманскай імперыі.

Пасля анексіі

vidarysy_kryma__2_.jpg


Расійская імперыя, як і любая імперыя, аб’ядноўвала ў адзіную імперскую мадэль новадалучаныя, толькі што заваяваныя тэрыторыі. Падобнае адбывалася і ў заваяваным Крымскім ханстве.
Першапачаткова існаваў так званы Крымскі земскі ўрад, які ўзначальвалі прадстаўнікі вярхоў былога Крымскага ханства. Але доўжылася гэта менш за год, і ўжо ў 1784 годзе быў абвешчаны маніфест аб стварэнні Таўрыйскай вобласці ў складзе Кацярынаслаўскай губерні. Уся гэтая імперская, дзяржаўная, бюракратычная сістэма была адзінай. Падобнае адбывалася і на іншых тэрыторыях, што знаходзіліся пад уладаннем Расійскай імперыі.