«Святам пад назвай «Дзень Перамогі» будзе іншая дата»
Старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў згадвае, якімі былі травеньскія святы ў яго сям'і, якімі яны ёсць цяпер і якое значэнне будуць мець у будучыні.
Майго прадзеда расстралялі 9 мая 1944 года. Гестапа схапілі (ён дапамагаў партызанам) і расстралялі. У нас не асабліва пра гэта гаварылі. Ды і 9 мая асабліва не святкавалі. Хоць «травеньскіх», куды кагалам залічвалі і «Першамай», і, калі пашанцуе, Радаўніцу, безумоўна, чакалі. Таму што прыходзіла пара садзіць бульбу. У адной бабулі, у другой, на дачы. Гэта значыць, травеньскія святы ў нас былі не як святы, а як вялікія выхадныя, за якія трэба шмат паспець. У той жа час я ведаю сем'і, якія ставіліся да 9 мая сапраўды хутчэй як да свята. Вось, на жаль, не ведаю, якія ў грамадстве долі тых, хто так ці гэтак ставіцца да 9 траўня. Але для большасці беларусаў гэта значны дзень календара.
Яно і не дзіўна, уся афіцыйная гістарыяграфія будуецца вакол Вялікай Айчыннай, уся прадукцыя «Беларусьфільма» (яна ж «Партызанфільм»), ладная частка літаратуры... Ну і плюс рассыпаныя па ўсёй Беларусі паўсядзённыя напаміны, звычайныя і дзейсныя — назвы вуліц і праспектаў, бюсты і памятныя дошкі на сценах дамоў, помнікі і магілы Невядомаму салдату ў гарадах і вёсках.
І абавязковы марш у Дзень Перамогі з трансляцыяй па тэлевізары. Нават у перыяд пандэміі каронавіруса, калі ўсе вакол уводзілі каранцін. А што рабіць? Як ні круці, дамінуючы культурны фрэйм, тут не да здароўя ветэранаў. Калі не праводзіць парад, калі ён знікне з беларускага афіцыёзу, то што застанецца? «Славянскі базар» і «Дажынкі»?
Тое, наколькі глыбока наратыў Вялікай Айчыннай вызначае сучаснае мысленне беларуса, паказаў 2020 год. Памятаеце, як хутка амапаўцы, УВшнікі і іншы губазік сталі «эсэсаўцамі» і «фашыстамі», а СІЗА і ІЧУ — «гестапа»? Практычна імгненна. І люстраное — ад уладаў, здольных толькі на другаснасць: «Гэта не мы фашысты! Гэта Вы фашысты!» Зрэшты, пасля «Дзяцей хлусні» старэйшага Азаронка гэта было прадказальна. Таксама як і больш пазнейшае прызнанне лозунга «Жыве Беларусь!» нацысцкім.
Хоць трэба прызнаць, што нейкая крэатыўнасць ва ўладаў усё ж ёсць. Павялічыць колькасць беларускіх страт з чвэрці насельніцтва, як у свой час нас вучылі ў школе, да траціны; выпусціць закон аб генацыдзе беларускага народа ў ваенныя і пасляваенныя гады; прызнаць беларускім народам усіх савецкіх грамадзян, якія жылі на тэрыторыі БССР — для ўсяго гэтага патрэбны крэатыў. Другасны, рэтраверсіўны, ненацыянальны, віктымны, але свой, асаблівы — і так, крэатыў. Ну і, вядома, «антыфашысцкі». Як кангрэс, які збіраюцца ў Мінску ў жніўні праводзіць. Другі, па ініцыятыве расійскага Міністэрства абароны. Першы летась у Маскве праводзілі.
Я часам думаю, як так атрымалася, што ў нас «Ніколі больш!», а ў Расіі — «Можам паўтарыць!»? Ці толькі таму, што ў свой час Лукашэнка захацеў трошкі адбудавацца ад расійскага «победобесия», асабліва пасля 2014 года, і замест георгіеўскіх стужачак прыдумаў яблыневы цвет? Ці працуе розны, хай і не заўсёды да канца прагавораны, сямейны досвед перажывання той вайны? Ці ў нас нездарма Дзень Перамогі так блізка да Радаўніцы і нам проста бліжэй мемарыяльны, а не мілітарны складнік гэтага дня? Ці расійскі імперыялізм у прынцыпе немагчыма выкараніць? Ці ўсё разам? Не знаходжу пакуль адказу.
З іншага боку, на ўзроўні рэжыму розніцы вялікай і няма, як выявілася. Той, што «Можам паўтарыць!», гатовы выразаць усіх украінцаў, якія аказаліся няправільнымі нейкімі, не рускімі ўкраінцамі. Другі, які з боку «Больш ніколі!», — амаль (пакуль амаль) тое самае, толькі адносна няправільных беларусаў, якія не захацелі быць савецкімі. Выбачаюся за аналогію, але гэта як Гітлер і Сталін: адзін знішчаў іншых, а другі — сваіх. І, што характэрна, кожны з іх (і Лукашэнка, і Пуцін) змагаецца супраць фашыстаў, нацыстаў і іншых здраднікаў і адшчапенцаў.
Таму я не ведаю, што ў будучыні будзе з тым Днём Перамогі, які 9 траўня. Нават сёння яго святкаванне — у тым выглядзе, як яно робіцца, — з'яўляецца цынічным. Зрэшты, думаю, як значны дзень 9 мая застанецца, але ў яго будзе іншая назва.
А святам пад назвай «Дзень Перамогі» будзе іншая дата, якая стане значнай не толькі ва Украіне.