Хронікі рэпрэсій за 3 траўня

«Няправільныя колеры», «экстрэмісцкія ТГ-каналы», «лайкі» і рэпосты — вось за што затрымліваюць сёння ў Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У Мінскім абласным судзе 3 мая абвясцілі прысуд па «справе "Nеxta"». Раману Пратасевічу далі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Як пішуць СМІ, ён прысутнічаў на абвяшчэнні прысуду, прычым прыехаў у суд з торбай — абвінавачанне прасіла ўзяць яго пад варту пасля вынясення вердыкту. Але Пратасевіча не ўзялі пад варту ў зале суда, суд пакінуў ранейшую меру стрымання — хатні арышт. 

У Гродне на працоўным месцы затрымалі вакаліста кавер-бэнда «Fair Play» Аляксандра Гайваронскага.  Паводле звестак праваабаронцаў, пры затрыманні да яго ўжылі сілу. На відэа, апублікаваным сілавікамі, музыка прызнаецца, што выступаў у адзенні «забароненых колераў». У пацвярджэнне гэтаму паказалі фота, дзе Гайваронскі зняты ў цішотцы з гербам «Пагоня». Таксама музыку абвінавачваюць у падпісцы на забароненыя рэжымам рэсурсы.

Непаўналетняга прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі. Суд Пінскага раёна і горада Пінска вынес прысуд у дачыненні да 17-гадовага Кірыла Граноўскага паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза Лукашэнкі»). Суддзя Андрэй Бычыла прысудзіў хлопца да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Падрабязнасці справы невядомыя. Праваабаронцы толькі даведаліся, што тэлефон у хлопца канфіскаваны «як сродак здзяйснення злачынства».

У Гродне ліквідуюць «Мотаклуб НАСАРОГ» — яны не падтрымалі праўладныя прабегі. У траўні праз Гродзенскі абласны суд ліквідуюць яшчэ тры спартыўныя грамадскія аб'яднанні. Сярод іх, акрамя мотаклуба, таксама «Футбол для ўсіх» і «Валейбольны клуб "АКВА"». Мотаклуб як нефармальная суполка існаваў з 2003 года. Як грамадскае аб'яднанне яго зарэгістравалі ў 2017 годзе. На 1 студзеня 2022 года ў ім было 19 чалавек. У 2021 годзе ўдзельнікі клуба «Насарог», як і многіх іншых клубаў, праігнаравалі адкрыццё сезона. Тады ў калонах з байкерамі ехаў АМАП.

У Магілёве затрымалі маці трохгадовага дзіцяці. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з затрыманай жыхаркай Магілёва, якой пагражаюць крымінальным пераследам. Падставай для затрымання стала тое, што жанчына, знаходзячыся ў дэкрэце, была падпісана на «экстрэмісцкія» чаты і каналы, дзе перыядычна пакідала каментары. Пры гэтым на відэа затрыманая кажа, што не разумее, за што яе затрымалі, бо нічога супрацьзаконнага яна не рабіла.

Стала вядома пра затрыманне людзей у Брэсце. Першым з іх у ТГ-каналах сілавікоў паказваецца Максім Хлябец. На відэа мужчына кажа, што супрацоўнічаў з «Брэсцкай газетай», у 2020 годзе пісаў пра выбары. А затрыманы, паводле відэа, за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Адзначым, што сілавікі апублікавалі старое «пакаяльнае відэа» журналіста. Максім Хлябец на волі. Таксама ў відэа паказваюцца трое жыхароў Брэста і вобласці. Адзін кажа, што затрыманы за каментар пра Лукашэнку, другі — за каментар пра Лукашэнку і беларускіх вайскоўцаў. Трэці кажа, што распаўсюдзіў «экстрэмісцкія матэрыялы». Як высветлілі праваабаронцы, адзін з затрыманых — Уладзімір Каляда з вёскі Альшаны Столінскага раёна, быў затрыманы яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. 24 сакавіка адбыўся суд за тое, што ў «Аднакласніках» ён паставіў «клас» публікацыі ад «Официальная страница Хартия 97%». Суддзя Насеня вынес рашэнне: штраф памерам 740 рублёў з канфіскацыяй тэлефона.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Radio 97 Чат», «Кастусь Чат», «Ветэраны першай роты», «Сход Беларусь Chat», «Вольная Территория (чат)»;
  • Старонка ў «Аднакласніках» «UDF - Новости Беларуси».

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1495 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1759 чалавек. Сярод іх — 187 жанчын і 7 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.