А хіба так можна? Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў калоніі, але пакінулі пад хатнім арыштам

Мінскі абласны суд агучыў вырак па так званай «справе Nexta». Ян Рудзік і Сцяпан Пуціла завочна прысуджаны да 19 і 20 гадоў пазбаўлення волі. Раман Пратасевіч атрымаў 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

protasevich2_03.jpg


Як піша «Sputnik», Пратасевіч — адзіны з фігурантаў справы, хто прысутнічаў на вынясенні рашэння: прыехаў у суд з торбай, бо абвінавачанне прасіла ўзяць яго пад варту пасля вынясення вердыкту.

Але Пратасевіча пад варту чамусьці не ўзялі — суд пакінуў яму ранейшую меру стрымання, хатні арышт. І гэта нешта зусім новае ў практыцы прысудаў, прычым не толькі палітычных, але і агульнакрымінальных. Зазвычай, калі чалавек прысуджаецца да пазбаўлення волі, ён адразу змяшчаецца як мінімум у следчы ізалятар — да падачы апеляцыі ці да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Нагадаем, пракурор запрасіў Пратасевічу 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў. Пратасевіч у апошнім слове папрасіў суд не прызначаць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.

Першапачаткова Пратасевіч абвінавачваўся па 7 артыкулах, у тым ліку ў распальванні варожасці, арганізацыі масавых беспарадкаў, закліках да захопу ўлады, стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем. Па гэтых абвінавачаннях ён цалкам прызнаў віну. Падчас працэсу яму выставілі больш цяжкае абвінавачанне —кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем у сувязі з працай на канал «Б*ларусь галаўнога м*згу». Ён часткова не прызнаў яго, а таксама не прызнаў у поўным аб'ёме пазоў на 30 млн рублёў.

23 траўня 2021 года ў выніку гвалтоўнай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі «Ryanair», які ляцеў па маршруце Афіны — Вільня, у Нацыянальным аэрапорце Мінска Пратасевіч быў затрыманы прадстаўнікамі спецслужбаў. Разам з ім была затрымана Соф'я Сапега, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Цяпер палітзняволеная адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.

Пасля затрымання Пратасевіча некаторы час утрымлівалі ў СІЗА КДБ. Праз два тыдні ён ужо з'явіўся ў эфіры праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» на «АНТ». Тады ён пералічыў людзей, якія былі з ім у адным тэлеграм-чаце «Хата», у якім нібыта «прымаліся ўсе асноўныя рашэнні аб тым, дзе пройдзе наступная акцыя, і дзе абмяркоўваліся ўсе актуальныя падзеі». У чэрвені 2021 года ён быў пераведзены пад хатні арышт.

Пасля таго, як яму змянілі меру стрымання і выпусцілі з СІЗА, ён актыўна даваў інтэрв'ю дзяржаўным журналістам. У прапагандысцкім фільме «Одно уголовное дело» сцвярджаецца, што Пуціла, Рудзік і Пратасевіч рыхтавалі ў Беларусі «масавыя беспарадкі» і кіравалі беларусамі падчас пратэстаў у 2020 годзе. Пратасевіч у фільме даваў каментары наконт сваёй дзейнасці ў камандзе «N*xta» і дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы, калі па ўсёй Беларусі праходзілі акцыі пратэсту. Пры гэтым у яго спыталі, ці адчувае ён сваю віну за тое, што здарылася 28 верасня 2021 года, калі загінулі супрацоўнік КДБ і Андрэй Зельцэр у выніку перастрэлкі. Ён адказаў, што «ніхто не думаў, што такое магчыма».