Святлана Ціханоўская — пра прысуд Пратасевічу: «Без нашых каштоўнасцей мы рызыкуем стаць падобнымі да помслівага рэжыму»
Дэмакратычная лідарка Беларусі, каментуючы сённяшні прысуд рэдактарам ТГ-канала «Nexta», заклікала беларусаў не губляць сваіх каштоўнасцей і заставацца людзьмі.

Святлана Ціханоўская. Фота: Прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская заявіла, што прысуд былому галоўнаму рэдактару Telegram-канала «Nexta» Раману Пратасевічу, вынесены сёння ў Мінску, з'яўляецца праверкай для ўсіх беларусаў. Яна нагадала пра каштоўнасці дэмакратычнага руху, які выступае супраць вынясення прысудаў па палітычных матывах, катаванняў і ператварэння чалавечага жыцця ў прадмет гандлю. У сваёй заяве Ціханоўская таксама заклікала вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі:
«Гэты прысуд — гэта яшчэ і праверка для ўсіх нас. Бо каштоўнасці, на якіх будуецца дэмакратычны рух, такія:
- Ніхто не павінен быць асуджаны па палітычных матывах.
- Ніхто не павінен праходзіць праз катаванні.
- Нічыё жыццё не павінна быць прадметам гандлю.
Таму сёння я прашу кожнага беларуса і кожную беларуску: паглядзіце на сябе, ці засталіся вы верныя сваім каштоўнасцям? Бо без іх мы рызыкуем стаць падобнымі да помслівага, бесчалавечнага рэжыму. Я прашу вас, заставайцеся людзьмі.

Мы выступаем за дэмакратыю і за тое, што ўсе роўныя перад законам. Мы выступаем не за помсту, а за справядлівасць. Таму кожны, хто зараз здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, павінен паўстаць перад судом. Але гэта мусіць быць незалежны і прафесійны суд.
А на гэты і любы іншы прысуд можна адказаць толькі адно: усе беларусы, якія пераследуюцца па палітычна матываваных справах, павінны выйсці на волю. З многімі з іх у нас няма сувязі некалькі месяцаў. Ад нас усё яшчэ хаваюць інфармацыю пра стан Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і сотняў іншых палітвязняў. Да кожнага з іх павінны дапусціць адвакатаў і сваякоў.
Свабоду кожнаму і кожнай».
Нагадаем, што Мінскі абласны суд прызнаў Рамана Пратасевіча вінаватым ва ўчыненні цэлага шэрагу злачынстваў і прысудзіў яго да 8 гадоў пазбаўлення волі. Выступаючы раней з абвінавачаннем, пракуратура прасіла суд улічыць, што былы галоўны рэдактар «Nexta» выканаў умовы дасудовай здзелкі, таму ў якасці пакарання па шэрагу артыкулаў яму не можа быць прызначана больш за палову максімальнага тэрміну, а яшчэ па шэрагу артыкулаў — не больш за дзве траціны тэрміну. У адпаведнасці з гэтым абвінавачанне запатрабавала прысудзіць яго да 10 гадоў зняволення. Між тым заснавальнік «Nextа» Сцяпан Пуціла прысуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі, а былы рэдактар Telegram-канала Ян Рудзік — да 19 гадоў. Яны знаходзяцца за мяжой, і іх судзілі завочна.

Першапачаткова Пратасевіч абвінавачваўся па 7 артыкулах, у тым ліку ў «распальванні варожасці», «арганізацыі масавых беспарадкаў», «закліках да захопу ўлады», «стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем». Па гэтых абвінавачаннях ён цалкам прызнаў віну. Падчас працэсу яму выставілі больш цяжкае абвінавачанне — «кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем» — у сувязі з працай на канал «Б*ларусь галаўнога м*згу». Ён часткова не прызнаў яго, а таксама не прызнаў у поўным аб'ёме пазоў на 30 млн рублёў.
Пратасевіч — адзіны з фігурантаў справы, хто прысутнічаў на вынясенні рашэння суду.