Генадзь Коршунаў: Пернікі скончыліся. Ва ўлады для народа — толькі пуга

Генадзь Коршунаў працягвае даследаваць узроўні рэпрэсіўнай сістэмы, якая складваецца ў Беларусі. Ён адзначае, што рэпрэсіі не спыняюцца. Пернікаў ва ўлады не засталося — крызіс і санкцыі. З даступных інструментаў стымулявання лаяльнасці рэжыму застаецца толькі «пуга».

kurapaty_akrescina_logo.jpg

Доктар навук, сацыёлаг Генадзь Коршунаў працягвае аналіз рэпрэсіўнага ціску рэжыму як маштабнай сістэмы на беларускае грамадства.

Варта згадаць некалькі базавых узроўняў, якія складаюць звычайна ўтоеную або малапрыкметную частку гэтай сістэмы ціску ўлады на грамадства:

  • а) прапаганда, што дэгуманізуе праціўнікаў рэжыму,
  • б) сачэнне за беларусамі, якое ўжо выходзіць на інстытуцыянальны ўзровень,
  • в) працяг дазачысткі незалежных структур грамадзянскай супольнасці,
  • г) «чыстка кадраў» на дзяржаўных прадпрыемствах і ў арганізацыях,  
  • д) ужо дзеючая ў краіне забарона на некаторыя прафесіі.

Цяпер — уласна пра ўзровень затрыманняў. Як кажуць праваабаронцы, цалкам ацаніць маштаб затрыманняў цяпер немагчыма, даступная нам інфармацыя відавочна няпоўная. Але і па ёй можна ўбачыць, што ў затрыманнях ёсць два асноўныя напрамкі: сістэматычны і рэактыўны.

Калі мы гаворым пра рэактыўныя затрыманні, то тут маецца на ўвазе рэакцыя сілавікоў, якая стала ўжо практычна аўтаматычнай, на любую экстраардынарную сітуацыю: уключыць «рэжым хапуна» — гэта значыць хапаць усіх, хто хоць бы тэарэтычна можа мець дачыненне да гэтай сітуацыі.

Тут у якасці тыпавога можна разглядаць кейс з ПВК «Родан», калі сілавікі без разбору дзясяткамі затрымлівалі маладых людзей, часцяком непаўналетніх, якія проста збіраліся і нічога не рабілі.

Яшчэ раз: людзі сабраліся ў адным месцы і нічога супрацьпраўнага не рабілі — прыехалі сілавікі і зладзілі «хапун». Проста таму, што тэхніка адпрацаваная, думаць не трэба, ніхто ні ў чым разбірацца не будзе. Ды яшчэ і пахваляць — зрэагавалі, прадухілілі, пакаралі. Малайцы!

З сістэматычнымі затрыманнямі складаней. Тут тактыка хапуноў трансфармуецца ў практыку калектыўных затрыманняў (затрыманні сямейных пар, калег, сяброў, суседзяў і г. д. — падрабязней пра гэта можна паглядзець, напрыклад, раздзел «Улада і грамадства» ў любым выпуску Беларускага трэкера перамен). Гэта практыка затрыманняў дапаўняецца адпрацоўкай розных спісаў патэнцыйна нелаяльных грамадзян (напрыклад, тых украінцаў, якія працуюць у дзяржаўных структурах у Беларусі).

Падставай для сістэматычных затрыманняў, верагодна, з'яўляецца кампенсацыя «траўмы 2020 года» — неаднаразова агучанае прадстаўнікамі ўлад жаданне адпомсціць усім, хто ў 2020 годзе асмеліўся тым ці іншым спосабам выказаць сваё меркаванне адносна сфальсіфікаваных вынікаў выбараў, улад і / або асабіста Лукашэнкі.

Дадатковай матывацыі надае разуменне таго, што ва ўлад сёння фактычна няма магчымасцей прапанаваць грамадству нейкія доўгачасовыя «пернікі».

«Неўступленне» ў расійска-ўкраінскую вайну, забарона росту коштаў і капеечныя паніжэнні цэн на бензін маюць толькі сітуацыйную значнасць. Адсюль выснова — з даступных інструментаў стымулявання лаяльнасці рэжыму застаецца толькі «пуга». І выкарыстоўваюць яе нават прэвентыўна.

Плюс да гэтага не варта забываць, што паміж рознымі сілавымі ведамствамі, хутчэй за ўсё, існуе своеасаблівае сацыялістычнае спаборніцтва ў «гульні з птушачкамі»: хто больш экстрэмісцкіх ячэек выкрые, хто мацней пакарае, хто больш выслужыцца (той і ёсць галоўная апора рэжыму, зразумела). І ў гэтым «спаборніцтве» ўдзельнічаюць не толькі міліцыя, ГУБАЗіК і КДБ. Сюды ж варта аднесці і КДК, і пракуратуру, і падатковую. Таму што ад сілавікоў патрэбна не проста лаяльнасць, але заўзятае служэнне рэжыму.


У сухім астатку мы маем пастаянны рост колькасці палітычных зняволеных (нават з улікам таго, што вызваляюцца тыя, хто адбыў свае тэрміны), закашмараны бізнес і атмасферу нявызначанасці, страху сярод тых, хто не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

Наступны ўзровень — гэта тое, што творыць рэжым у месцах пазбаўлення волі, пачынаючы ад СІЗА і заканчваючы турмамі і «хіміяй».

Безумоўна, гэта тэма асобнага даследавання, якім павінны займацца праваабаронцы і спецыялізаваныя міжнародныя структуры, каб у будучыні вінаватыя ў рэпрэсіўным безграніччы панеслі заслужанае пакаранне. Уласна, гэта праца вядзецца.

Так, напрыклад, «В*сна» робіць штомесячныя справаздачы па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, дзе ў тым ліку фіксуюцца факты катаванняў, забароненага абыходжання са зняволенымі. Акрамя таго, нядаўна выйшаў даклад Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі аб тым, што адбывалася на Акрэсціна адразу ж пасля выбараў 2020 года.

Калі меркаваць па шматлікіх інтэрв'ю былых палітвязняў, з тых часоў напал рэпрэсій трохі зменшыўся, але менавіта што «трохі». На самай справе ўсё працягваецца — і збіццё, і адмовы ў шпіталізацыі, і пазбаўленне сну, і іншыя праявы таго, што інакш, як катаваннямі, назваць складана. Да катавальных практык варта дадаць такія варыянты ціску на палітычных зняволеных, як абмежаванне права на перапіску, перыядычныя заключэнні ў карцар на доўгія тэрміны, завядзенне дадатковых крымінальных спраў і новыя суды, і новыя тэрміны, якія аддаляюць выхад на волю.

Зрэшты, выхад на «волю» не выводзіць чалавека з-пад увагі рэжыму. Факт наяўнасці судзімасці па «палітычным» артыкуле пераводзіць яго ў лік тых, хто знаходзіцца пад каўпаком сілавікоў.

Калі былы палітвязень вызваляецца, ён набывае мноства абавязацельстваў і абмежаванняў. Да ліку такіх належаць неабходнасць рэгулярна адзначацца ў міліцыі, гатоўнасць да прыходу той жа міліцыі ў любы час сутак, бяссілле перад «аглядамі»-ператрусамі, выклікі на «прафілактычныя гутаркі», забарона на кантакты з «экстрэмістамі», страх за родных і блізкіх, боязь падставіць сяброў і знаёмых... Спіс можна працягнуць, але сутнасць у тым, што «былых» палітвязняў не бывае (нават калі афіцыйна яны і не былі такімі прызнаны). На іх ціснулі, ціснуць і будуць ціснуць — рэжым не можа інакш, яму патрэбны ворагі.

Сістэма рэпрэсій, кантролю і ціску на грамадства з боку рэжыму Лукашэнкі пакуль яшчэ далёкая ад той жа сталінскай. Аднак аналіз дынамікі сітуацыі паказвае, што вектар руху сістэмы ідзе менавіта ў той бок — у бок пабудовы шматузроўневай сістэмы ўсебаковага падаўлення праціўнікаў рэжыму.