«Аднаго білі галавой аб сцяну». У СІЗА-1 людзі ў балаклавах збівалі вязняў
Да праваабаронцаў звярнуўся былы вязень сталічнага следчага ізалятара № 1, які стаў сведкам узмоцненай праверкі на «Валадарцы». Праверку ладзіла ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці, працэс суправаджаўся жорсткімі ператрусамі ў камерах і збіццём зняволеных.
Атрыманую інфармацыю праваабаронцам пацвердзіў яшчэ адзін былы вязень. Адбылося гэта ў пачатку сакавіка гэтага года. Раней такая практыка ў СІЗА-1 не выкарыстоўвалася.
Паводле былога вязня, 1 сакавіка ў некаторых камерах СІЗА-1
прайшлі ператрусы («шмоны») «у пошуках забароненых рэчаў».
Іх праводзілі людзі ў чорных балаклавах без апазнавальных знакаў. Паводле яшчэ
аднаго былога вязня, было каля чатырох супрацоўнікаў, меркавана, АМАПа.
Камандаваў гэтым усім маёр Уладзімір Рабецкі. Былы вязень распавядае, што ўвесь
час ім усіх палохаюць, але асабіста яго пабачылі толькі падчас гэтай праверкі.
«Шмон» пачаўся з залёту ў камеру некалькіх чалавек
у чорных балаклавах — толькі адтуліны для вачэй былі і больш нічога. Яны былі
без апазнавальных знакаў і без званняў.
Паведамляецца, што пры гэтым зняволеных збівалі.
«Білі тых, хто аказаўся бліжэй да супрацоўнікаў.
Крычалі, каб мы апусцілі галовы ўніз і не глядзелі на іх, абражалі нецэнзурнай
лаянкай. Потым загадалі хутка ўзяць рэчы і бягом па адным на прадол
(калідор). Калі беглі, то нам таксама адвешвалі кухталёў. На прадоле загадалі
стаць тварам да сцяны, апусціць галовы ўніз і не глядзець па баках. Калі
бачылі, што наскі былі прыціснуты не ўшчыльную да сцяны, то білі па спіне.
Пакуль аглядалі вязняў, аднаго з іх білі галавой аб сцяну», — распавядае сведка.
Пасля гэтага, як распавядае былы вязень, іх заводзілі ў
асобны пакой, дзе праводзілі асабістыя агляды і агляды рэчаў.
«На ўсе пытанні трэба было адказваць «Да,
гражданин начальник». Калі адказ не падабаўся, то білі. На «шмоне» пазабіралі рэчы на склад — некаторым не было нават у чым
хадзіць на шпацыр», — адзначае былы вязень.
Паводле яго слоў, трымалі ўсіх тварамі да сцяны
на калідоры ізалятара каля дзвюх гадзін.
«Потым па адным пад крыкі заганялі назад у камеру.
Зайшлі і пытаюцца: «Есть ли жалобы на обыск?» Мы хорам адказваем: «Нет, гражданин начальник». А куды скардзіцца? Начальніку УДВП ці ў
пракуратуру? Усё адно — ніхто не будзе разбірацца», — тлумачыць суразмоўца праваабаронцаў.
Раней, як адзначае былы вязень, такіх ператрусаў са збіццём
не было. Гэта яму пацвердзілі вязні, якія ўжо працяглы час утрымліваюцца ў
СІЗА. Паводле яго звестак, афіцыйна шукалі лязо — станкі для галення. Па загадзе
Рабецкага раней у вязняў СІЗА-1 іх забралі «з мэтай прадухілення
суіцыдаў».
«Іх потым выдавалі раніцай да 8:00, каб пагаліцца, а
астатні час яны віселі каля дзвярэй звонку камеры. Але праблема тут у тым, што калі
прасілі станкі, то маглі даць не твой, а ў СІЗА ёсць людзі з ВІЧ і гепатытам. Людзі баяцца карыстацца станкамі, бо
невядома, хто іх браў да гэтага», — кажа былы вязень.