Хроніка рэпрэсій 25 красавіка: Аляксандра Герасіменя цяпер — у «Спісе экстрэмістаў»
Новыя палітвязні, папаўненне «Спісу экстрэмістаў», прызначана дата суда над знакамітым мастаком.
Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна дадалі ў «Спіс экстрэмістаў»
21 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі яшчэ 23 прозвішчы — цяпер у ім 2735 чалавек.
Акрамя іншых, у спіс дадалі завочна асуджаных Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна, старшыню БКДП Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтарку Ірыну Бут-Гусаім, а таксама фігуранта «справы Зельцэра» Арцёма Задруцкага.
Знакамітага мастака Генадзя Драздова абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці»
Мастака і былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» затрымалі ў сярэдзіне жніўня. Суд прызначыў яму 15 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў. Адразу паведамлялася, што супраць Генадзя распачата крымінальная справа за «актыўны ўдзел у акцыях пратэсту» ў 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Цяпер стала вядома, што яго таксама вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 арт. 361-4 КК).
Суд над ім адбудзецца 2 траўня ў Мінгарсудзе. Справу будзе разглядаць суддзя Яўген Пісарэвіч.
З-за адміністрацыйнага прысуду па «палітычным» артыкуле быў звольнены журналіст дзяржаўнага выдання
Андрэй Расафонаў працаваў у раённай газеце «Драгічынскі веснік». На сайце выдання можна знайсці яго артыкулы ад 2015 года — і да 2 снежня 2022-га. Але вось ужо паўгода дзяржаўная раёнка не публікуе матэрыялаў карэспандэнта.
Па інфармацыі праваабаронцаў, Расафонава звольнілі з дзяржгазеты праз суд па арт.19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Правапарушэнне знайшлі, калі журналіста выклікалі ў мясцовы ваенкамат для зверкі даных. Там у яго запатрабаваў тэлефон супрацоўнік КДБ і праглядзеў яго змесціва — журналіста адразу затрымалі. У РАУС Расафонаў быў змешчаны ў ІЧУ на трое сутак да суда. Па рашэнні суда Андрэй быў пакараны штрафам у 10 базавых велічынь з канфіскацыяй тэлефона. Пасля гэтага Расафонаў быў звольнены з раёнкі «па згодзе бакоў». Яго ўзялі адміністратарам у краму «Остров чистоты», але ж папрацаваць там атрымалася нядоўга: пасля званка з адпаведнай установы ён быў ізноў звольнены.
Палітвязень Яўген Разнічэнка выйшаў на волю
За кратамі ён знаходзіўся больш за 2 гады і 10 месяцаў.
Яўген — фігурант «справы Ціханоўскага», асуджаны за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня 2020 года ў Гродне. Яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Суд прызначыў яму 3,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Беларусі яшчэ тры новыя палітвязні
Аляксей Камароўскі — асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі па арт. 364 КК («Гвалт або пагроза яго прымянення ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»), арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў») за спробу пазбегнуць гвалту з боку супрацоўнікаў МУС 10 жніўня 2020 года шляхам манеўравання на аўтамабілі, якое было расцэнена як пагроза супрацоўніку МУС;
Ілля Шакіраў — асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі па арт. 364 КК за пагрозы ў адрас кіраўніка ГУБАЗіК МУС;
Барыс Протасаў — асуджаны па арт. 364 і ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за ўдзел у мірным сходзе і перакрыцці падчас мірнай дэманстрацыі дарогі аўтамабілю супрацоўнікаў МУС, расцэненыя імі як пагроза прымянення гвалту.
Былога беларускага палітвязня Івана Красоўскага не будуць дэпартаваць з Украіны
«Рашэнне — апеляцыйную скаргу задаволіць! Заяву аб адмене рашэння пра прымусовае вяртанне — задаволіць!»
Нагадаем, Іван быў затрыманы ў першыя дні пасля выбараў — на той момант 18-гадовага хлопца жорстка збілі сілавікі, пасля чаго ён трапіў у бальніцу і доўгі час перасоўваўся на інвалідным вазку.
У лютым 2021 года Івана асудзілі да трох гадоў «хіміі», ён з'ехаў з Беларусі. Вядома, што хлопец яшчэ ў 2021 годзе падаваўся на «бежанства» ва Украіне. Пазней з'явілася інфармацыя, што Красоўскага будуць дэпартаваць з Украіны.
Былога супрацоўніка МТС судзілі па справе «Чорнай кнігі Беларусі»
У Брэсцкім абласным судзе 23 сакавіка распачаўся суд над Андрэем Цыпаком. Былога супрацоўніка МТС з Брэста затрымалі на пачатку лістапада 2022 года. У «пакаяльным» відэа ён казаў, што ў 2020-2021 гадах працаваў у МТС, меў доступ да даных. Паводле сілавікоў, Андрэй перадаў у «Чорную кнігу Беларусі» даныя некалькіх дзяржаўных службовых асоб і пракурораў.
Былы сукамернік Цыпака распавёў праваабаронцам, што падчас затрымання Андрэя моцна збілі.