Запыт на спакой. Ці ўсё так дрэнна?
«66% апытаных схільныя давяраць дзеючай уладзе» — гэта фраза з апытання Беларускага трэкера перамен крыху ўзарвала дэмакратычнае грамадства. Некаторыя нават абвінавацілі сацыёлагаў ва «ўбудове ў прапагандысцкую парадыгму рэжыму». Але ці так насамрэч?
Запыт на спакой
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў выступіў з тлумачэннямі, што выбарка да трэкера перамен не рэпрэзентуе грамадства, а рэпрэзентуе толькі анлайн-панэль. Таму гаворкі пра 66% беларусаў, што давяраюць уладзе, быць не можа. Тым не менш, «асадачак застаўся».
Але цяпер такія часы, што лічбы сацыёлагаў трэба шматкроць праводзіць праз пэўныя фільтры. І раней даследчыкі грамадскай думкі казалі пра «фактар страху», які скажае вынікі даследаванняў. «Фактар страху», нагадаю, гэта калі чалавек, які думае адно, у апытаннях адказвае іншае, каб пазбегнуць негатыўных для сябе наступстваў. То-бок такая «ўнутраная партызанка» і «дуля ў кішэні».
Наколькі гэты фактар значны па сённяшніх часах, можна зразумець з самога трэкера перамен. У даследаванні адзначаецца, што заўзятыя праціўнікі ўлады часцей кідалі запаўненне анкеты альбо давалі больш «палавіністыя» адказы, калі думалі, што арганізацыя, якая праводзіць апытанне, звязана з дзяржавай. Значная колькасць рэспандэнтаў спынілі праходжанне апытання, убачыўшы пытанне пра ўхваленне дзейнасці Лукашэнкі і ўрада Беларусі. Схільныя не давяраць дзеючай уладзе, мажліва, давалі адказы, якія класіфікуюць частку з іх, як схільных да даверу ўладзе.
І наадварот: для 4-5% рэспандэнтаў, схільных давяраць рэжыму, удзел у апытанні з'яўляецца палітычным выказваннем — калі такія рэспандэнты думаюць, што іх апытвае недзяржаўная арганізацыя. Іх адказы становяцца больш «прарэжымнымі», бо недзяржаўная апытанка ўспрымаецца як «варожая».
Карацей, хлеб у сацыёлагаў цяжкі, ім не пазайздросціш. Але падсумоўваючы вынікі анлайн-панэлі, сацыёлагі напісалі, што «захаванне трэнду на ўмацаванне даверу да структур рэжыму … аўтар раздзела інтэрпрэтуе хутчэй як падтрымку «нейтральнага» статусу і спакою на фоне праблем суседзяў». А турбулентнасць апошніх гадоў, вайна ва Украіне, працяглая сітуацыя нявызначанасці ў беларускім грамадстве — усё гэта ў сукупнасці ўзмацняе запыт на спакой.
Сыход ва «ўнутраны пухір»
Імаверна, сацыёлагі ўсё ж маюць рацыю. Я гэта бачу па стасунках з калегамі, частка якіх у апошнія гады падсела на антыдэпрэсанты, а ў некаторых нават дыягнаставалі сапраўднае ПТСР і потым працяглы час лячылі.
Адной знаёмай я адправіў спасылку на канал «Новага Часу» ў Вайберы з заклікам далучацца. Яна не далучылася, патлумачыўшы гэта тым, што ўвогуле абмежавала паступленне навін, бо ў апошні час і так вельмі багата негатыву. І «змрочныя» навіны яна стараецца не «спажываць», бо ёй яе душэўнае здароўе даражэйшае.
Да чаго прыводзіць ігнараванне аб’ектыўнай рэальнасці, мы бачым па беларускай прапагандзе. Менавіта яна прыхоўвае тое, што «баліць», а калі схаваць гэта ўжо немагчыма, то вінаватым у «хваробе» аказваецца хто-небудзь звонку, кшталту НАТА і «падступнага Захаду». Напрыклад, яна ўвесь год сцвярджала, як мы гераічна перамагаем заходнія санкцыі, а ў выніку краіна прыйшла да шалёнай інфляцыі, мінус амаль 5% ВУП і тэхнічнага дэфолту па еўрааблігацыях.
Тым не менш, сыход ва «ўнутраны пухір», у тую самую «ўнутраную партызанку» — гэта цяпер цалкам вытлумачальная рэч. І гэта таксама адбіваецца на сацыялагічных апытаннях.
Ці варта казаць, што «ўсё прапала»?
Ці сапраўды лічба ў 66% «апытаных, схільных давяраць дзеючай уладзе» такая страшная? Наколькі фактары страху і «ўнутранай эміграцыі» адбіваюцца на настроях людзей? Гэта можна паглядзець па адказах на іншыя пытанні.
Напрыклад, даследаванне Chatham House, вынікі якога былі апрылюднены нядаўна, паказвае, што крыху больш за палову — 51% апытаных беларусаў — сцвярджаюць: яны «цікавяцца» ці «хутчэй цікавяцца» палітыкай.
Толькі 3% (зноўку гэтая сакральная лічба!) заявілі, што «ў краіне і так усё добра», і яшчэ 12% сказалі, што рэформы «хутчэй не патрэбныя». За рэформы выступаюць 59% рэспандэнтаў.
52% лічыць, што «вельмі шмат таленавітых людзей з’ехала з краіны пасля выбараў», а роўненька 50% — што «просты чалавек у Беларусі не абаронены перад свавольствам улад».
Таму ў Беларусі (і гэта таксама адзначаюць даследчыкі ў каментарах) існуе запыт на спакой. Не на «стабільнасць» па-лукашэнкаўску, а на просты спакой. Паўзу, у час якой можна аддыхацца, паглядзець навокал і ўрэшце вызначыцца, куды мы ідзём. Пры гэтым паўза не азначае «нічога не рабіць». Людзі хацелі б рэформаў — але спакойных, паступовых і паслядоўных.
Што ж да лічбы ў 66%, то Філіп Беканаў яшчэ раз падкрэсліў, што апытанка трэкера перамен вымярае не ўзровень даверу, а толькі ўзровень росту ці падзенне гэтага даверу.
І, зыходзячы не толькі з адной лічбы, мы бачым, што запыт на перамены ў грамадстве нікуды не знік. У 2020-м гэты запыт на перамены трансфармаваўся ў вядомую нам форму. Цяпер «няма таго, што раньш было», і можна толькі варажыць, якім чынам, у якой форме і калі гэты запыт вылезе зноў. А ён вылезе — адназначна. Бо ўлада якраз не жадае рэформаў — і гэтае яе нежаданне падзяляюць, як было сказана вышэй, толькі «сакральныя» 3%.