Індэкс рэзіліентнасці Беларусі — горш стала ва ўсіх сферах

Генадзь Коршунаў і Леся Руднік прэзентавалі ўнікальны падыход да ацэнкі стану краіны — індэкс рэзіліентнасці.

indeks_rezilientnasci.jpg

2022 год стаў чарговым узрушэннем для беларускага грамадства. Новая геапалітычная рэальнасць пагоршыла імідж Беларусі за мяжой, размыла выразныя межы паміж рэжымам і грамадзянамі, прынесла трагедыі ў дамы беларусаў, чые блізкія застаюцца ва Украіне ў якасці валанцёраў і добраахвотнікаў. Уцягнутасць Беларусі ў вайну з Украінай аказала маштабнае негатыўнае ўздзеянне на ўсе складнікі Беларусі як сістэмы, пішуць сацыёлагі на сайце «Цэнтра новых ідэй».

Аўтары даследавання — Генадзь Коршунаў і Леся Руднік — апыталі 42-х беларускіх экспертаў, каб ацаніць рэзіліентнасць пяці сфер: палітыкі, эканомікі, соцыуму, інфармацыйнай сферы і сферы ўзброеных сіл. Індэкс разлічваўся ў рамках 11-бальнай шкалы (ад -5 да +5).

Рэзіліентнасць — гэта канцэпт, які фіксуе здольнасць сістэмы эфектыўна адказваць на знешнія выклікі і ўнутраныя крызісы, адаптавацца да іх наступстваў і развівацца.

Індэкс рэзіліентнасці — эканоміка

Індэкс рэзіліентнасці — эканоміка

У гэтым годзе аўтары даследавання ўключылі ў індэкс рэзіліентнасці Беларусі дадатковую сферу — ваенную. Разам з іншымі сферамі яна адлюстроўвае сітуацыю пагаршэння працяглага крызісу Беларусі як складанай сістэмы.

Сацыёлагі адзначылі, што экспертныя ацэнкі летась фактычна паказвалі на неабходнасць перазапуску ўсіх сфер жыцця грамадства, а не проста на крызіс у краіне.

Індэкс рэзіліентнасці — соцыум

Індэкс рэзіліентнасці — соцыум

Сёлета сітуацыя пагоршылася яшчэ больш: агульнае значэнне індэкса рэзістэнтнасці Беларусі складае -2,17. Гэта пагаршэнне ў параўнанні з мінулым годам, калі па шкале рэзістэнтнасці Беларусь знаходзілася ў крызісе (-1,88).

Найгоршае становішча ў сферы палітыкі (індэкс склаў -2,60), найлепшае — у сферы соцыуму (-1,31), але гэта з-за станоўчай ацэнкі напрамкаў дыяспары.

Індэкс рэзіліентнасці — палітыка

Індэкс рэзіліентнасці — палітыка

Даследчыкі адзначаюць, што галоўнай задачай індэкса было вызначэнне сфер, у якіх Беларусь з'яўляецца найбольш уразлівай альбо найбольш рэзіліентнай (здольнай пераадольваць крызісы, адаптавацца да іх наступстваў і развівацца).

У адрозненне ад мінулага года, калі стан сферы «соцыум» кваліфікаваўся экспертамі ўсё ж такі як стагнацыя, у гэтым годзе становішча спраў ва ўсіх асноўных сферах было вызначана як крызіснае. У самым складаным становішчы, як і летась, апынуліся палітычная (-2,60) і інфармацыйная сферы (-2,45).

Найбольшае пагаршэнне ацэнак у параўнанні з мінулым годам адбылося ў эканамічнай сферы (з -1,44 да -2,33).

На думку экспертаў, горш за ўсё справы ідуць па такіх напрамках асноўных сфер, як унутраная палітыка (-4, 56) і ўмовы для працы медыя (-4,36). У крытычным стане знаходзяцца знешняя палітыка (-3,40), рэсурсы для эканамічнага развіцця (-3,31), грамадскія арганізацыі (-3,10) і медыйная разнастайнасць (-3,09).

З усіх напрамкаў па асноўных сферах станоўчыя ацэнкі атрымалі толькі тры: дыяспара (+2,00), у сферы «соцыум, інфраструктурныя ўмовы» (+0,64), у інфармацыйнай сферы і «сацыяльная інфраструктура» (+0,16) у сферы палітыкі.

Калі казаць пра дынаміку ацэнак па напрамках асноўных сфер, то ў тых выпадках, дзе яна істотная, адзначаецца тэндэнцыя да пагаршэння. Нават па тых пазіцыях, сярод якіх захоўваюцца станоўчыя значэнні.

Найбольшая адмоўная дынаміка характэрная для напрамкаў сферы эканомікі. Максімальная адмоўная дынаміка ў ацэнак па эканамічнай базе і бюджэтна-фінансавай дзейнасці (-1,26 і -1,18 адпаведна).

indeks_rezilientnasci___infrastruktura.jpg

indeks_rezilientnasci___infarmacyja.jpg