Рэпрэсіі рэжыму супраць беларусаў — гэта не толькі затрыманні і арышты

Сацыёлаг, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў паспрабаваў паглядзець на беларускія рэпрэсіі як на сістэму. На яго думку, істотная частка рэпрэсій праходзіць міма ўвагі грамадства. Першую частку сваіх разваг эксперт выклаў у сваім тэлеграм-канале.

Фота з storm100.livejournal.com

Фота з storm100.livejournal.com


Калі на рэпрэсіўны ціск, які рэжым аказваецца на грамадства, паглядзець сістэмна, то ў ім выразна вылучаецца некалькі самастойных узроўняў. Прычым істотная іх частка, як падводная частка айсберга, часцяком праходзіць міма нашай увагі. Так атрымліваецца ад таго, што мы проста не маем пра іх дастатковай інфармацыі, статыстыкі.

Між тым менавіта гэтыя ўзроўні, — якія слаба паддаюцца ўліку і аналізу, — складаюць аснову рэпрэсіўнага ціску рэжыму Лукашэнкі на беларускае грамадства.

У якасці базавага ўзроўню рэпрэсіўнага ўздзеяння варта разглядаць прапагандысцкі ціск рэжыму на грамадства. Яго мэтай з'яўляецца дэгуманізацыя праціўнікаў улады і прасоўванне пралукашэнкаўскага патрыятызму, ідэалаў рускамірства і тэзіса «вакол ворагі!»

Прапаганда працуе мэтанакіравана, масіравана і сістэматычна. Галоўнымі яе суб'ектамі выступаюць дзяржаўныя медыя і прафесійныя прапагандысты. Разам з тым не трэба забываць, што ў камандзе з дзяржмедыя працуюць палітрукі ў войску, намеснікі па ідэалогіі на прадпрыемствах, кіраўнічая вертыкаль і прыкормленыя дзеячы культуры, афіцыйная гістарыяграфія і сістэма адукацыі на ўсіх узроўнях (аж да дзіцячых садкоў).

Ва ўмовах адсутнасці незалежных медыя і незалежных структур грамадзянскай супольнасці газлайтынг дзяржаўнай прапаганды можна расцэньваць як элемент псіхалагічнага гвалту над грамадствам.


Другі ўзровень — даліквідацыя незалежных структур і арганізацый. Здавалася б, за амаль тры гады пасля жніўня 2020 года ў сферы НДА/НКА ўжо зачышчана ўсё, што можна. Але не, працэс «дазачысткі» не спыняецца. Па даных ініцыятывы Lawtrend, у апошнія месяцы 2022 года ліквідаваліся дзясяткі арганізацый у месяц. На канец сакавіка 2023 года больш за 800 некамерцыйных арганізацый усё яшчэ знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.

Калі казаць пра самыя «свежыя» кейсы, то можна ўспомніць пра ліквідацыю такіх грамадскіх аб'яднанняў як «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”», «Беларускае лясное навукова-тэхнічнае таварыства» або «Беларускі саюз авіятараў».

Нават знішчыўшы палітычна і грамадзянска актыўную частку НКА/НДА, рэжым не спыняецца. І не спыніцца, пакуль застаюцца арганізацыі, тэарэтычна здольныя на самастойную дзейнасць.

Наступны ўзровень, схаваны, але важны — пашырэнне сістэмы сачэння і кантролю за беларусамі. Тут важным з'яўляецца ўказ Лукашэнкі № 368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць». Указ абавязвае анлайн-рэсурсы, такія як паштовыя правайдэры, мэсэнджары, інтэрнэт-крамы, службы таксі і каршэрынгу, захоўваць даныя пра карыстальнікаў і прадастаўляць уладам прамы аддалены доступ да такіх даных.

Гэта азначае, што цяпер праваахоўныя органы і спецслужбы могуць атрымліваць і супастаўляць тэлекамунікацыйныя даныя з данымі анлайн-сэрвісаў.

Фактычна, гаворка ідзе пра інстытуцыялізацыю анлайн-сачэння. У сукупнасці з ужо юрыдычна аформленымі скасаваннямі адвакацкай і псіхалагічнай таямніц гэта дае нам небывалы рост перспектыў кантролю рэжымам беларускага грамадства.

Далей — кадравыя чысткі «за палітыку» ў арганізацыях і на прадпрыемствах. Рознымі тэмпамі і ў розных формах (відавочныя – як звальненні і завуаляваныя – як непадаўжэнне працоўных кантрактаў) практычна ва ўсіх сферах і па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Верагодна, тут працуе дыферэнцыраваны падыход, калі нелаяльныя ўладам работнікі дзеляцца на некалькі груп.

Варыянтаў дыферэнцыяцыі можа быць некалькі. Напрыклад, такі:

  • непасрэдныя ўдзельнікі пратэстаў,
  • тыя, хто данаціў на розныя ініцыятывы,
  • хто ў 2020 падпісаўся за альтэрнатыўных кандыдатаў.

Але ў любым выпадку яны вызначаюць парадак «чысткі» — каго звольніць у першую чаргу, каго ў другую, каго пасля іх.

Адзначу, што звальненнямі рэалізуецца не толькі задача выдалення «палітычна няўдзячных» з ранейшага месца працы.

Задача больш глабальная — пазбавіць людзей сродкаў да існавання, перакрыўшы ім і магчымасці для далейшага працаўладкавання. Для гэтай мэты таксама складзеныя пэўныя спісы («чорныя» і «шэрыя»), якія забараняюць прымаць на працу людзей, звольненых па палітычных прычынах.


У канцы асобным пунктам варта паказаць фактычна дзеючую цяпер у Беларусі практыку забароны на пэўныя прафесіі. Проста тэзісна адзначу, што сёння практычна немагчыма прыватная адукацыя, незалежная экспертыза, адвакатура, журналістыка. Апошняя наогул лічыцца экстрэмізмам (нагадаю, што незалежная Б*ларуская асацыяцыя журналістаў прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй).

Пастаянны прапагандысцкі ціск, дазнішчэнне структур грамадзянскай супольнасці, інстытуцыялізацыя сістэмы сачэння за грамадзянамі, кадравыя чысткі і забарона на прафесію — гэта, вядома, не заключэнне чалавека ў месцы абмежавання волі. Але гэта фактычная аснова, падмурак усебаковага і мэтанакіраванага ўздзеяння на як на праціўнікаў улады ў прыватнасці, так і на ўсё грамадства ў цэлым.

Пра іншыя ўзроўні рэпрэсіўнага ціску — у наступных выпусках.