Асобная думка. Сіла без розуму

Штодня прадстаўнікі ўладнай вертыкалі самага рознага ўзроўню дэкларуюць, што разам нейкія «мы» — мацнейшыя! Але чамусьці ні ад каго з іх не чуваць, што разам «мы» — разумнейшыя. «Сіла ёсць — розум не патрэбны». Цяпер гэты выраз натуральна можа стаць адной з асноў дзяржаўнай ідэалогіі.

Ілюстрацыйная выява. Гвалт сілавікоў на вуліцах Мінска. 

Ілюстрацыйная выява. Гвалт сілавікоў на вуліцах Мінска. 

Апошнім часам, як грыбы пасля цёплага дажджу, расце колькасць рознага кшталту спецпадраздзяленняў па ўсіх абласцях дзяржавы. Такім чынам хутка справа дойдзе і да раёнаў ды сельсаветаў. Браневікі розных тыпаў, дроны, найноўшая (насамрэч, не) зброя, штотыднёвыя вучэнні то там, то тут — усё гэта павінна дэманстраваць няспынны клопат дзяржавы пра бяспеку і нястрымны рост прафесіяналізму сілавікоў у цяжкай справе абароны айчыны. Пытанне «Ад каго?» — тэма для асобнай размовы. А вось адказ на пытанне «Як?», хутчэй за ўсё, будзе не вельмі прыемным.
Не так даўно «суперпрафесіяналы» аднаго са шматлікіх спецпадраздзяленняў правялі «бліскучую», паводле меркавання кіраўніцтва, аперацыю па ліквідацыі «тэрарыста» ў Гродне. Падчас штурму кватэры ён нібыта кінуў у іх бок гранату і нават страляў з аўтамата. Зноўку не будзем спыняцца на сумнеўных падрабязнасцях, а звернем увагу на вынік. А ён такі, за які кіраўнікі падобнай спецыяльнай аперацыі на тым жа Захадзе атрымалі б па шапцы і, хутчэй за ўсё, былі б звольненыя ў сувязі з прафесійнай непрыдатнасцю. Там паспяховай аперацыяй лічыцца тая, у выніку якой «тэрарыст» узяты жывым і здаровым, бо гэта крыніца вельмі каштоўнай інфармацыі. Але ж гэта ўсё патрабуе, у першую чаргу, працы розуму, а ўжо потым бразгання берцамі і іншага «тра-та-та».
Разумнаму чалавеку яшчэ не вельмі зразумела, чаму ад першай хвіліны без суду і следчых дзеянняў загінулага адразу пачалі называць «тэрарыстам». Ці не павінны спачатку ўстанавіць яго асобу, прад’явіць абвінавачанні, потым мусіць адбыцца суд, выносіцца прысуд? А, ну канешне ж, што я тут... Сіла ж ёсць!
Сіла цяпер дамінуе літаральна паўсюль. Заўважылі ў хоць якой нязгодзе з афіцыйнымі поглядамі? Аніякіх сумневаў, разважанняў: «воўчы білет» — і на вуліцу! Не мае значэння ані твая кваліфікацыя, ані каштоўнасць як працаўніка. Розум — вельмі небяспечная і непажаданая рэч у гэтыя часы. Цяпер разам «мы» павінны быць моцнымі, а не разумнымі. А хто не «мы» — той «вораг» і мусіць быць знішчаны. Такая вось зусім простая ўстаноўка.
Кожны дзень дзясяткі беларусаў адчуваюць на сабе «сілу» беларускай дзяржавы — ператрусы, збіццё, арышты. Дзясяткі тысяч праз гэта прайшлі. Сотні тысяч сваякоў і сяброў таксама працягваюць адчуваць боль і пакуты закратаваных. А праўладныя медыя кожны дзень запэўніваюць сваю аўдыторыю ва «ўсенароднай падтрымцы» адзінага вернага курсу адзінага магчымага «кіраўніка» гэтай шматпакутнай краіны.
А для тых, хто не «іх» аўдыторыя — абразы, пагрозы, здзекі і агромністая радасць ад пакут катуемых.
Памятаеце, колькі разоў «кіраўнікамі» самага высокага ўзроўню на ўсіх магчымых пляцоўках сцвярджалася, што «гэтыя змагары гатовы ўсіх нас перавешаць і нават дзяцей пазабіваць» у самых розных варыяцыях? Нейрабіёлаг і філосаф Найеф Аль-Радхан сцвярджае, што папераджальная агрэсія, выкліканая страхам (выжывання) — чалавечая рэакцыя на «несправядлівасць», якая ўспрымаецца як пагроза выжыванню і часцей за ўсё з’яўляецца прычынай неймавернай жорсткасці.

«Папераджальная агрэсія, выкліканая страхам (выжывання) — адзін з ключавых фактараў, якія могуць падштурхнуць натуральна амаральных людзей да амаральных паводзін».

(Аль-Радхан, Найеф Р.Ф., «Эмацыянальны амаральны эгаізм», 2008).


Як мы бачым, розуму ўладам стварыць жорсткую сілу хапіла, але каб далей кантраляваць яе — ужо бракуе. Бо, паводле даследаванняў таго ж Аль-Радхана, «рызыкі гэтай агрэсіі і наступнай за ёй жорсткасці павінны быць зведзены да мінімуму з дапамогай мер умацавання даверу і палітыкі, якая садзейнічае інклюзіўнасці і прадухіляе анархію». Ці разумеюць улады гэта?
Усе падзеі, на жаль, сведчаць пра тое, што ўлады не толькі не збіраюцца абмяжоўваць агрэсіўныя паводзіны як медыйнага, так і сілавога блоку, але толькі спрыяюць яшчэ большаму ўжыванню сілы, працягваючы граць на іх страху выжывання, і гэтым самым яшчэ больш зацягваюць і сябе, і іх у няспынную крывавую варонку рэпрэсій, пакінуўшы сілу без розуму.
Але ж усім без выключэння трэба памятаць, што сіла без розуму нежыццяздольная. Проста таму, што розум здольны вынайсці шлях абыходу і далейшага падпарадкавання любой сілы ці наўпрост здольны стварыць мацнейшую сілу. А вось сіла без розуму можа толькі вішчаць аб сваёй моцы і жэрці рэсурсы, пакуль яны ёсць. Ну, а калі скончацца рэсурсы — пачне жэрці сама сябе. Іншага не бывае.