Хронікі рэпрэсій за 11 красавіка

Сёння зранку ў Дзяржынску зноў адбываюцца ператрусы і затрыманні. А ў Віцебску людзей масава выклікаюць у пракуратуру — на прафілактычныя размовы.

_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


У Мінску затрымалі байкера, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мотапрабегу салідарнасці.

У пакаяльным відэа мужчына кажа, што падпісаны на «дэструктыўныя тэлеграм-каналы», з якіх рабіў рэпосты. Яму пагражаюць, што пачнуць крымінальную справу.

Пачаўся суд над палітзняволенай Аленай Гнаук

Суд над Аленай Гнаук пачаўся сёння, 11 красавіка, у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля. Справу разглядае суддзя Яраслаў Парэмскі.

Пружанскую актывістку, асуджаную да 3,5 гадоў калоніі, 15 жніўня перавялі ў папраўчую калонію № 4. Нядаўна яе змясцілі ў ПКТ да 24 лютага. Таксама Алену пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканняў і скарацілі атаварку з 3 базавых велічынь да 1 (37 рублёў). У зняволенні ў жанчыны пагоршылася здароўе.

Акрамя гэтага, па ініцыятыве адміністрацыі гомельскай калоніі супраць Алены завялі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

У Брэсце абвешчаны прысуд Анастасіі Падгайскай — тры гады «хатняй хіміі»

 Анастасію Падгайскую абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.

Брэсцкі абласны суд 10 красавіка агучыў прысуд па крымінальнай справе 31-гадовай жыхаркі Баранавічаў Анастасіі Падгайскай, якая размяшчала ў тэлеграм-каналах звесткі аб становішчы ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Яе абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 КК). Суд прызнаў яе вінаватай і пакараў тэрмінам, які запрасіў пракурор: тры гады «хатняй хіміі».


За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Жлобіне пакаралі «хіміяй» Уладзіслава Бохана

Суд Жлобінскага раёна 31 сакавіка вынес прысуд мясцоваму жыхару Уладзіславу Бохану. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева.

Па матэрыялах абвінавачання, Уладзіслаў Бохан нібыта прыняў актыўны ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту, якая адбылася ў горадзе ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, заступаў шлях транспартным сродкам, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, выкрыкваў лозунгі.

Суд прызнаў Бохана вінаватым і пастанавіў пакараць яго абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.


Антон Янкоўскі, былы ўладальнік крамы «Кубик», стаў падазраваным па крымінальнай справе

Антон Янкоўскі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.19.10 і ч.2 арт.19.11 КаАП, а таксама 30 студзеня прызнаны падазраваным ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»).

Пра гэта стала вядома з дакументаў, якія даслалі Вользе Бондаравай у адказ на яе просьбу правесці праверку. Янкоўскага затрымалі за рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога» і распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў у «Вконтакте».

70-гадовага Васіля Дземідовіча збіраюцца судзіць у чацвёрты раз

У судзе Савецкага раёна Гомеля 20 красавіка пачнуць разглядаць чарговую справу пенсіянера. Яму інкрымінуюць віну паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 391 КК («Абраза суддзі»). Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Мохараў.

Раней Дземідовіча асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы яго ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадкаў. Пазней Васілю дадалі яшчэ паўгода зняволення па новай справе. 23 сакавіка ў судзе Драгічынскага раёна над ім адбыўся трэці суд, але вынік невядомы.

У канцы чэрвеня КДБ унёс Васіля ў «тэрарыстычны спіс». Праз гэта яму нельга рабіць грашовыя пераводы, а падтрымліваць Васіля няма каму. Да таго ж 15 красавіка Васіль адзначыць дзень народзінаў. Яму можна дасылаць пасылкі са смачняшкамі і «медыцынскія бандэролькі».

У гомельскай вобласці сілавікі затрымалі адразу шэсць мужчын і адну дзяўчыну

Затрыманых абвінавачваюць у датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці.

Адзін з мужчын у пакаяльным відэа кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тг-каналы і заклікаў да экстрэмізму іншых: «Пісаў у чатах і раіў, што і як рабіць. Пра лазерныя ўказкі і ўсё астатняе».


У Жлобіне міліцыя затрымала былога палітвязня, які правёў на волі толькі два тыдні

Гэта актывіст БСДП Пятро Канстанцінаў. Ён выйшаў на волю толькі 28 сакавіка. Канстанцінаў цалкам адбыў тэрмін у 2 гады ў калоніі ў Навасадах Барысаўскага раёна.

Пятра першы раз затрымалі ў чэрвені 2021 года ў Жлобіне. Крымінальная справа тычылася пратэстаў 9–10 жніўня 2020 года.

У Мінску затрымалі грамадзяніна Расіі за бела-сіне-белую налепку на машыне

Мужчына родам з Пскова. У пакаяльным відэа ён кажа, што набыў дома машыну і прыехаў на ёй у Беларусь.

Гэту сімволіку выкарыстоўвае таксама легіён «Свободная Россия», які ваюе на баку Украіны. Сілавікі называюць арганізацыю тэрарыстычнай і закідваюць мужчыну прапаганду тэрарызму.


У Віцебску людзей масава выклікаюць у пракуратуру

Папярэдне, мясцовых жыхароў, якія раней падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу па палітычных прычынах, запрашаюць у пракуратуру на «прафілактычную гутарку».

Падчас размовы ў людзей спрабуюць даведацца, ці кантактавалі яны з Офісам Святланы Ціханоўскай, ці мелі дачыненне да выбарчага штаба Ціханоўскай у 2020 годзе, а таксама ці былі яны звязаны з Каардынацыйнай Радай.

Праваабаронцы апісваюць колькасць выкліканых людзей як «вельмі вялікую». Па выніках сустрэч з людзей бяруць подпіс аб праведзенай гутарцы.