Мікола Дзядок: У любой сітуацыі, нават самай цёмнай, трэба змагацца да канца

Палітвязень і аўтар «Новага часу» Мікола Дзядок даслаў ліст на волю, у якім напісаў: калі не застаецца сіл на змаганне — застаецца маліцца і, як у той прымаўцы, хаця б ляжаць у бок мэты.

photo_2023_04_11_21_38_33.jpg

Палітзняволены блогер і анархіст Мікола Дзядок напісаў у лісце на волю:

«Прачытаў надоечы «Менделя-букиниста». Звярні ўвагу, што ён (Мендэль) з Петрыкава. Гэта Гомельская вобласць = ) А паводле аўтара, гэта «Русская Польша». Відаць, Цвейг не ведаў, што існуе дзесьці там такі звер, як беларусы…

Так, смерць у Цвейга і жонкі сапраўды аказалася трагічнай, асабліва ў кантэксце таго, што ўжо ў наступным, 1943, годзе ў Другой сусветнай наступіў пералом і фашызм быў-такі пераможаны.

Для мяне гэта чарговае пацверджанне таго, што ў любой сітуацыі, нават самай цёмнай, трэба змагацца да канца, а калі ўжо няма сілаў на змаганне, то проста запасціся вытрымкай і чакаць. І маліцца! Як у той прымаўцы, хаця б «лежать в сторону цели».


Міколу двойчы прызнавалі палітвязнем.

Упершыню Міколу Дзядка затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі», тады актывісту анархісцкага руху было 23 гады. 27 траўня 2011 года Міколу прысудзілі 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён праходзіў па «справе анархістаў». Сваёй віны актывіст не прызнаў, пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі адмовіўся.

У 2015 годзе, за 5 дзён да таго, як Мікалай павінен быў выйсці на волю, яму прысудзілі яшчэ адзін год за кратамі. Прычына — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». У знак пратэсту супраць невыносных умоў утрымання Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук. Аднак 22 жніўня 2015 года Мікалай быў вызвалены па «памілаванні» Лукашэнкі, якога актывіст не прасіў.

Пазней Міколу яшчэ не раз судзілі і затрымлівалі на суткі. Так, яшчэ ў 2019 годзе за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» яго асудзіла вядомая суддзя Вікторыя Шабуня.


За падзеі 2020-га крымінальная справа на актывіста была заведзена ў лістападзе таго ж года. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі Мікалая, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі.

10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко прысудзіла актывісту пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі. Мікалай віны не прызнаў. На палітвязня ў калоніі працягваецца ціск: змяшчаюць у штрафты ізалятар, пазбаўляюць доўгатэрміновага спаткання, не перадаюць лісты…

У канцы лістапада 2021-га стала вядома аб пераводзе Мікалая з СІЗА-1 у магілёўскую Следчую турму №4. Пасля спаткання з сынам Аляксандр Дзядок распавёў аб ціску на Мікалая з боку адміністрацыі турмы.

16 снежня 2021-га адміністрацыя магілёўскай турмы №4 паставіла Міколу на прафілактычны ўлік як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва». У лісце з турмы Мікола распавёў, што на Новы год яго змясцілі ў карцар, але прычына і тэрмін пакарання невядомыя.

25 студзеня 2022 года калегія Вярхоўнага суда ў складзе Уладзіміра Давыдава, Андрэя Кавальчука і Мікалая Грынцэвіча разгледзела апеляцыйную скаргу на прысуд Міколы Дзядка і пакінула яе без задавальнення, а прысуд — без змен.

12 лютага 2022 года Мікола быў пераведзены з турмы №4 у папраўчую калонію №9. Адразу пасля этапу адміністрацыя калоніі пачала ціснуць на палітвязня: прызначыла так званую нізкастатусную працу; пасля адмовы Міколы яе выконваць, бо гэта аўтаматычна пераводзіла б яго ў той самы нізкі статус, змясціла яго на 7 сутак у штрафны ізалятар; пазбавіла доўгатэрміновага спаткання і зменшыла атаварку да 2 базавых. Таксама ёсць праблемы з ліставаннем.


10 сакавіка 2022-га Мікола адмовіўся ад працы ў знак пратэсту супраць пазбаўлення яго ліставання і пераследу тых асуджаных, якія камунікуюць з палітвязнем. Адміністрацыя за гэта пакарала Дзядка чатырма месяцамі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). А двух асуджаных, якія працягвалі з ім камунікаваць, змясцілі ў ШІЗА.

У судзе Горацкага раёна 28 чэрвеня 2022 года разгледзелі справу «аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоў рэжыму». Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці Мікалая на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў. На пачатку ліпеня Міколу перавялі з ПК № 9 у гродзенскую турму № 1.

Сваякі паведамілі, што 23 жніўня — у Дзень народзінаў — адміністрацыя гродзенскай турмы працягнула Мікалаю тэрмін у штрафным ізалятары, дзе ён знаходзіўся паўтара месяца.

У студзені і лютым 2023 года адміністрацыя турмы № 1 па невядомых прычынах змяшчала палітвязня на 7 сутак у ШІЗА.


Падтрымаць палітвязня і дасылаць лісты салідарнасці можна на адрас: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Дзядку Мікалаю Аляксандравічу