«Абавязкова пабываю ў Вялікабрытаніі!» Пра што піша Мікалай Дзядок з-за кратаў

Сябры нашага калегі палітзняволенага журналіста і актывіста Мікалая Дзядка працягваюць публікаваць вытрымкі з яго лістоў. Гэтым разам — пра «месцы будучых вандровак».

dzjadok_6_1.jpg



«Абавязкова пабываю ў Вялікабрытаніі! У Лондане адныя з найлепшых на свеце музеяў, ну? Увогуле, гэта такая мегасталіца, у якой у свой час вяршыліся лёсы ледзь не ўсяго свету.

Так-та я быў на самім востраве (ва Уэльсе) у 1999 годзе прыблізна, але мала што памятаю акрамя таго, што людзі тамака жывуць някепска, ха-ха.

Трэба абавязкова пабываць у Шатландыі! Там горы і краявіды неймавернай прыгажосці! А яшчэ шатландцы — кельты, а англічане — саксы/нарманы, і не маглі іх заваяваць вельмі доўга.

Тамака ў Шатландыі быў такі мясцовы правадыр, Уільям Уоллес, які доўга аказваў супраціў каланізатарам. Тыпу як Саладын альбо Жанна Д’Арк. Але яго перамаглі ўсё ж у выніку».


Нагадаем, Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна білі і катавалі. Летась 10 лістапада суддзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу і асудзіла на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. 
У зняволенні Мікола падвяргаецца ціску з боку наглядчыкаў, супраць яго рэгулярна ладзяцца правакацыі.

23 жніўня Мікалай Дзядок будзе адзначаць свой чарговы дзень народзінаў за кратамі.
Вы можаце падтрымаць яго:
— дашліце ліст ці паштоўку (можаце дадаць прыемныя ўкладанні: маркі, капэрты, пустыя паштоўкі);— дашліце тэлеграму: праз пошту або патэлефанаваць на нумар 166 і надыктаваць тэкст.

Адрас: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Турма № 1. Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.