«Калі хаўруснік будзе абараняць беларускія ўлады як самога сябе, то дзякуй, лепш не трэба»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» заклікае не хвалявацца, але і не расслабляцца. І заўважае, што ўсё, нібыта, пад кантролем. Стабільнасць стабілізуецца, эскалацыя эскаліруецца і кожны займаецца сваёй справай.

Наступствы «рэйкавай вайны» ў Бранскай вобласці. Фота з dzen.ru

Наступствы «рэйкавай вайны» ў Бранскай вобласці. Фота з dzen.ru


Ты там як? Не расслабляешся? Глядзі, не расслабляйся. Хвалявацца, вядома, не трэба. Таму што ўсё пад кантролем. Але расслабляцца нельга. Таму што абстаноўка зноў абвастраецца, а эскалацыя эскаліруецца. Хоць, падавалася б, куды ўжо далей. Краіна і так даўно — сусветны рэкардсмен па колькасці афіцыйна ўстаноўленых экстрэмістаў на душу насельніцтва. І можна было б падумаць, што эскаліраваць далей ужо няма куды. Але аказваецца — ёсць.

Старшыня КДБ Церцель учора паабяцаў «значную эскалацыю абстаноўкі па перыметры нашай краіны». А старшыня памежнага камітэта Лапо паабяцаў, што групы дыверсантаў будуць прарывацца праз беларускую мяжу. А старшыня КДБ паабяцаў узмацніць контрвыведніцкую дзейнасць і новыя факты затрыманняў. Таму што, нягледзячы на ўсе ранейшыя затрыманні, «яшчэ не ўсе грамадзяне ўсведамляюць тую небяспеку, якая складваецца вакол іх». А старшыня пагранкамітэта паабяцаў, што абстаноўка на мяжы прагназуемая і кантралюемая. Таму да той памежнай манеўранай групы, якую яны стварылі раней, збіраюцца стварыць яшчэ дзве. А сакратар Рады бяспекі Вальфовіч яшчэ раней паабяцаў, што ў яго ёсць паўтара мільёна чалавек, якіх ён паставіць пад ружжо.

Карацей, перажываць не трэба. Стабільнасць, як бачыш, стабілізуецца, эскалацыя эскаліруецца і кожны займаецца сваёй справай. Вось беларускія ўлады, адразу бачна, наогул не перажываюць і захоўваюць спакой. Таму што мяжа на замку, а рука на пульсе.

Раней яны, праўда, не перажывалі неяк больш упэўнена. Таму што заўсёды можна было ўзяць карту і паглядзець, адкуль на Беларусь рыхтуецца напад. І супраць гэтага нападу ў беларускіх улад была армія, міліцыя, тэрытарыяльная абарона, сельскагаспадарчыя апалчэнні і паляўніча-рыбалоўная брыгада з пажарнымі, якія далучыліся да іх. І гэта ўсё не лічачы другую армію свету, якая абяцала абараняць саюзніка як саму сябе.

Але вось аказалася, што паўтарамільённы ваенны патэнцыял не вельмі дапамог самалёту, з якім нічога не здарылася. А што да хаўрусніка, то ён неяк і сябе абараніць не можа. Калі ён будзе абараняць беларускія ўлады як самога сябе, то дзякуй, лепш не трэба. Таму што з надзеі і апоры, з якой не страшныя ніякія заходнія монстры, Расія, асабліва за апошнія пару дзён, ператварылася ў тыповы такі ачаг распаўсюджвання нестабільнасці.

І калі непрыемнасці ў хаўрусніка пасыпаліся так кучна, што за імі ўжо цяжка ўсачыць, ёсць, вядома, вялікая рызыка, што гэтыя непрыемнасці могуць перакінуцца на беларускую тэрыторыю. Нават не таму, што хтосьці будзе па ёй спецыяльна цэліцца. А проста таму, што тыя, хто робіць хаўрусніку непрыемнасці, могуць неспадзявана прамахнуцца. (Я, напрыклад, сумняваюся, што людзі, якія ўзарвалі чыгунку ў Бранскай вобласці, цэліліся спецыяльна ў беларускі цягнік. Ён проста праязджаў у няўдалы час у няўдалым месцы).

Выбухованебяспечнаму дрону, як я разумею, наогул нічога не варта неспадзявана заляцець на сумежную тэрыторыю.

Вось сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы, дакладна не прамахнуліся.