Дыверсія супраць беларускага цягніка ў Бранскай вобласці: сігнал Беларусі ці Расіі?
Якая сувязь паміж дыверсіяй супраць беларускага цягніка ў Бранскай вобласці і нарадай сілавікоў 2 траўня? Чаму беларускі рэжым, які пры любой нагодзе і без пагражае «жэстачайшым адказам», маўчыць у хусцінку? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Пасля дыверсіі. Скрыншот з відэа t.me/sskarnaukhov
2 траўня Лукашэнка тэрмінова сабраў сваіх падначаленых у мундзірах. Маўляў, «абстаноўка нас прымушае рэагаваць на тую сітуацыю, якая складваецца». А сілавікам даручалася падрыхтаваць «сур'ёзныя мерапрыемствы на мяжы з мэтай недапушчэння на тэрыторыю Беларусі рознага кшталту дыверсантаў».

Але толькі сляпыя, глухія і нямыя не заўважаць, што сілавікі сабраліся на наступны ж дзень пасля здарэння ў Бранскай вобласці. Супраць беларускага цягніка з беларускім экіпажам машыністаў здзейснена дыверсія, у выніку якой знішчаныя 8 вагонаў з 78-мі. Нас пераконваюць, што беларусы не пацярпелі, але нашых суайчыннікаў народу так і не паказалі.
— Сітуацыя нагадвае здарэнне ў Мачулішчах, кажа Аляксандр Фрыдман. — тады пасля дыверсіі адразу ж адбылася нарада. Лукашэнка — савецкі чалавек: калі ўзнікаюць пытанні, першае, што трэба зрабіць, — склікаць нараду. Сядзяць, абмяркоўваюць, а потым назавуць нараду планавай.
Мы назіраем адлюстраванне сітуацыі ў Мачулішчах: адбываецца надзвычайнае здарэнне, усе, хто назірае за сітуацыяй, разумеюць яе надзвычайнасць, а рэжыму няма чаго сказаць. Гэтым разам здарэнне адбылося ў Бранскай вобласці, расійскі бок пра яго ўжо паведаміў, таму і ў Мінску давялося рэагаваць. Галоўнай навіной дзяржаўнай прапаганды гэты інцыдэнт не стаў, хаця мы маем справу з нападам на беларускі цягнік дый яшчэ з беларускім экіпажам.
Лукашэнка пачаў сваю прамову са складанай сітуацыі на заходніх межах. Церцель даў больш агульную інфармацыю: сітуацыя неспакойная на ўсіх межах. Але пры гэтым усе рабілі выгляд, што не абмяркоўвалі надзвычайнае здарэнне ў Бранскай вобласці. З Мачулішчамі адбывалася тое самае: сабралі нараду, зрабілі нейкія агульныя заявы, затым вытрымалі працяглую паўзу на некалькі дзён, а потым пачалі пераконваць, што з расійскім самалётам нічога не адбылося. Зараз яны аналагічным чынам замоўчваюць бранскую гісторыю. А ўсе абяцанні Церцеля, што праз тыдзень-паўтара нешта пакажа, выглядаюць смешнымі: калі ў цябе ёсць што паказаць, то навошта чакаць? Раскрый папачку ды пакажы.
На нарадзе адназначна абмяркоўвалі бранскую гісторыю. Расійскі бок напэўна ўжо ведае, што насамрэч адбылося: ці гэта напад менавіта на беларускі цягнік, ці гэта напад на выпадковы цягнік, які праходзіў па тэрыторыі Расіі. Нападнікі здзейснілі дыверсію на расійскай тэрыторыі ў дзяржаўнае свята — паказалі слабасць Расіі, а заадно паслалі сігнал Лукашэнку, каб трымаць яго ў тонусе. Усё сведчыць за тое, што ў Мінску ўспрынялі гэтае здарэнне не толькі як удар па расійскай тэрыторыі, а як удар менавіта супраць рэжыма.

— Лукашэнка абяцаў у Ветцы «будзе вам мір, супакойцеся», а тут — атака на беларускі цягнік. Маўчаннем хочуць схаваць, што вайна ўжо прыйшла ў Беларусь?
— Лукашэнка паўстаў перад сур’ёзнай дылемай. Увесь час ён пужае Украіну: калі нешта здарыцца — адказ будзе самы жорсткі. Давайце ўявім сабе, што да здарэння ў Бранскай вобласці прыклалі руку ўкраінскія спецслужбы.
Лукашэнка можа зрабіць выгляд, што не паддаецца на правакацыі і проста прамаўчыць. Але ж існуе яшчэ расійскі фактар: у Крамлі могуць запатрабаваць — давай адказвай. Ціск на яго можа ўзмацніцца, і Лукашэнка гэта разумее. Усе ягоныя заявы на адрас Украіны можна перакласці так: не чапляйцеся да мяне, я не раблю вам нічога дрэннага. У Мінску цудоўна разумеюць, што можа скласціся сітуацыя, якая запатрабуе «жэстачайшага адказу»: а раптам здарыцца ракетны ўдар па тэрыторыі Беларусі, ці адбудзецца нейкі сур’ёзны інцыдэнт на мяжы. Што ў гэтай сітуацыі будзе рабіць Лукашэнка? На жыццё ён глядзіць проста: супраць цябе зроблены выпад — ты мусіш жэстачайшэ адказаць; калі цябе ўдарылі поўху, а ты ніяк не адказаў, значыць, ты прайграў. Ён не можа проста апусціць рукі і мірам разысціся з крыўдзіцелем. Таму ягоная стратэгія — замоўчваць або паніжаць узровень напружанасці. Тое ж самае мы назіралі ў канцы мінулага года, калі абломкі ўкраінскай ракеты ўпалі ў Брэсцкай вобласці. Чым адказаў Лукашэнка? Нічым. Што адбылося пасля Мачулішчаў? Абразы на адрас Украіны. А рэпрэсіі супраць каго былі скіраваныя? А каток рэпрэсій прайшоўся па беларусах. А то Лукашэнка аб’явіў: СБУ рыхтавала тэракт у Беларусі. Дык чаго ж ён нават амбасадара ўкраінскага не выслаў?

І гэтым разам яны робяць тое ж самае: дыверсія адбылася, напэўна, з адкрытых крыніцаў мы не даведаемся, ці пацярпелі беларускія машыністы. Нам кажуць, што беларусы не пацярпелі, і пасля правядзення следчых дзеянняў іх адпусцяць, але гэта выглядае несур’ёзна. Калі ідзе інфармацыя, што з імі нешта здарылася — дык проста пакажы іх, хай скажуць пару слоў у тэлекамеру. Такія паводзіны толькі ўзмацняюць чуткі. А ўсё робіцца таму, што наверсе прынята рашэнне не раскручваць гэтую гісторыю.

Адзіны з беларускіх прапагандыстаў, якія наважыўся жорстка выказацца на адрас Украіны, — Шпакоўскі. У іншых прапагандысцкіх каналах запускаюць загадзя падрыхтаваныя версіі. Выглядае гратэскна, калі ўжо самы радыкальны рупар Мукавозчык, які галовы валіць заклікае, сёння выдаў тэкст пра фемінізм і ЛГБТ. А вось здарэння ў Бранскай вобласці нібы і няма. Значыць, загадана маўчаць. Калі і загавораць, то будуць гаварыць пра напад на расійскай тэрыторыі, але не на беларускі цягнік. Беларускі рэжым не зацікаўлены ў эскалацыі сітуацыі.