Вось дроны прыляцелі — і ага...

Неяк знянацку расійскія «сілавікі» агучылі факт нападу дронаў на «сэрца Расіі» — Крэмль. Не праз суткі ці тыдзень, а амаль адразу. З чаго б так паліцца і што гэта можа значыць?

Наўрад ці Леніну зараз спакойна спіцца... Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Наўрад ці Леніну зараз спакойна спіцца... Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Розныя дроны — з баявым камплектам ці без яго — усё глыбей і глыбей пранікаюць на тэрыторыю Расіі, і гэты факт пацвярджаюць навіны. Канечне, у цяперашніх умовах першае, што прыходзіць на думку, — Украіна! Тэхнічныя дэталі пакінем вузкім спецыялістам, але калі прымаць гэтую версію за асноўную, то для РФ усё зусім дрэнна. Па-першае, гэта неабвержна даказвае факт адсутнасці ў Расіі сучаснай і эфектыўнай СПА. І добра б, калі б толькі ў раёнах, якія непасрэдна мяжуюць з зонай вайны. Але ж кожны раз дроны з’яўляюцца ўсё далей ад перадавой. Калі верыць ва ўкраінскае паходжанне беспілотнікаў над Крамлём, то вось менавіта зараз павінны гучаць крокі адпраўленых у адстаўку, з валізкамі на выхад, кіраўнікоў і шарагоўцаў СПА, якія забяспечвалі «ціхае неба» над Масквой. І добра, калі толькі на выхад...

Калі верыць афіцыйным украінскім крыніцам, то адзінае, што застаецца — дрон быў запушчаны з тэрыторыі РФ. Тады зразумела, як беспілотнікі абышлі СПА побач і на нейкім аддаленні ад мяжы, але у выніку... Гэта яшчэ больш дрэнна і гаворыць пра тое, што ў самой Расіі зусім побач са сталіцай ёсць канчаткова сфармаваныя, навучаныя і гатовыя да дзеянняў партызанскія атрады, якія маюць грошы і каналы набыцця самай сучаснай тэхнікі і боепрыпасаў. У гэтым выпадку да грукату крокаў «на выхад» з Міністэрства абароны павінны дадавацца такія ж гукі з МУС, ФСБ і ГРУ... І зноўку добра, калі толькі на выхад.


Безумоўна, мы павінны браць да ўвагі і версію пра такі акт мазахізму, як самабамбаванне. Вядома, што галоўнай дзеючай асобы ў Крамлі гэтым часам дакладна не было і быць не магло ад слова «зусім» (дарэчы, як не можа быць гэтым часам у мясцовым палацы і яго калегі з Мінска). Таму магло быць вырашана зрабіць дробную правакацыю з мэтай падтрымання грамадзянства ў тонусе: вораг побач! На карысць гэтай версіі гавораць відэа са збіццём дронаў. Калі б кожны з іх меў на борце адпаведны груз выбухоўкі (а інакш навошта іх увогуле выпускаць?), невялічкім агеньчыкам і белым дымам, нібыта новага Папу абралі, на даху Сенацкага палаца не абышлося бы.

Пакуль відавочна толькі адно: ніхто і нідзе ў Расіі не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Нават калі вы вырашылі ўначы прагуляцца па Чырвонай Плошчы ў Маскве — вы павінны быць гатовыя да таго, што вам на галаву можа зваліцца беспілотнік. Але пасля гэтага вам будзе ўсё роўна, чый ён, хто яго запусціў і з якой мэтай. Так, як ўсё роўна зараз толькі Леніну ў яго гранітным бункеры. Але кажуць, што і адтуль ужо начамі даносяцца нейкія крактанні...