435-ты дзень вайны: Атакі дронаў і новы абстрэл Украіны

Па ўсёй Украіне ўначы была абвешчана паветраная трывога, гукі выбухаў былі чутны, у прыватнасці, у Кіеве, Адэсе ды іншых гарадах. Мясцовыя ўлады паведамілі аб працы СПА. Што вядома?

Украінскі салдат. Ілюстрацыйнае фота GeneralStaff.ua

Украінскі салдат. Ілюстрацыйнае фота GeneralStaff.ua

Уначы расіяне атакавалі Украіну «Шахедамі» з паўночнага кірунку (Бранская вобласць) і з поўдня (Усходняе ўзбярэжжа Азоўскага мора). Усяго былі ўжыты да 24 ударных дронаў «Shahed-136/131», з іх 18 знішчана, паведаміла камандаванне ўкраінскіх паветраных сіл.

РФ уначы выпусціла па Адэсе 15 ударных дронаў «Shahed-131/136». З іх 12 знішчаны сіламі супрацьпаветранай абароны і мабільных агнявых груп, яшчэ тры БПЛА ўдарылі па інтэрнатах адной з навучальных устаноў Адэсы. Пажар аператыўна ліквідаваны, людзі не пацярпелі. На хваставіках дронаў расійцы напісалі «Za Маскву» і «Za Крэмль».

2824840.jpg

2824839.jpg


У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў 23 чалавекі загінулі, 46 атрымалі раненні, з іх двое дзяцей, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. У вобласці 4, 5 і 6 траўня абвешчаны днямі жалобы.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі (у вялікай Навасёлцы і Зарэчным), яшчэ дзевяць чалавек атрымалі раненні, паведаміла АВА.

Колькі ўкраінскія сілы СПА збілі ракет і БПЛА 4 траўня 2023 года. Інфаграфіка GeneralStaff.ua

Колькі ўкраінскія сілы СПА збілі ракет і БПЛА 4 траўня 2023 года. Інфаграфіка GeneralStaff.ua

Расіяне ўначы нанеслі ўдар па аб'екце генерацыі ў Данецкай вобласці, праз што энергетыкі былі вымушаны часткова прыпыніць яго працу, паведаміла ўкраінскае Мінэнерга. Акрамя таго, у вобласці з-за магутных абстрэлаў пашкоджаны паветраныя лініі электраперадачы — абясточваліся больш за 100 тысяч спажыўцоў, у тым ліку вугальныя шахты. Па стане на раніцу бытавыя спажыўцы падключаны, без электраэнергіі застаюцца дзве шахты ў горадзе Тарэцк. Таксама з-за баявых дзеянняў застаецца адключанай частка абанентаў у Сумскай, Харкаўскай, Запарожскай, Херсонскай абласцях.

За апошнія суткі пад абстрэлы патрапілі брыгады энергетыкаў у Херсонскай і Сумскай абласцях, загінулі тры работнікі Херсонаблэнерга. У Харкаўскай вобласці група энергетыкаў, якія працавалі над аднаўленнем сетак, падарвалася на варожай міне, ёсць ахвяры і сярод сапёраў. Усяго з пачатку поўнамаштабнай вайны загінулі 119 работнікаў энергетычных прадпрыемстваў, больш за 300 атрымалі раненні.

У ноч на 4 траўня расійская авіяцыя двойчы ўдарыла па населеных пунктах Сумскай і Чарнігаўскай абласцей, паведаміла АК «Північ». У раёне населенага пункта Іванаўка загінуў адзін чалавек, трое атрымалі раненні.

Ноччу расіяне атакавалі Нікапаль Днепрапятроўскай вобласці артылерыяй і дронамі, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. У горадзе пашкоджана 11 прыватных дамоў, ёсць разбурэнні на адным з прамысловых прадпрыемстваў. Там узнік пажар, які ратавальнікі ўжо патушылі.

Расіяне ўначы зноў нанеслі комплексны паветраны ўдар па Кіеве з ужываннем дронаў «Shahed» і ракет (верагодна, балістычных). У Кіеве сіламі СПА ўсе ракеты і БПЛА былі знішчаны. Абышлося без пацярпелых і без істотных пашкоджанняў прылеглай тэрыторыі.

У Кіеве, паводле ўдакладненай інфармацыі, у выніку збіцця варожых паветраных аб'ектаў у Шаўчэнкаўскім, Пячэрскім і Падольскім раёнах сталіцы на розных вуліцах упала каля дзесяці абломкаў. Часткова пашкоджаны прыпаркаваныя аўтамабілі і дарожнае пакрыццё. Людзі не пацярпелі, паведаміў начальнік КГВА Сяргей Папко.

У Кіеве на гэтым тыдні пачала працу ізраільская сістэма ранняга папярэджання пра пагрозу ракетных удараў, паведаміў амбасадар Украіны ў Ізраілі Яўген Карнійчук. Пасля паспяховых выпрабаванняў у сталіцы гэта сістэма можа быць маштабавана на ўсе буйныя гарады Украіны, дадаў ён.

Ізраільская сістэма вызначае ракеты ўсіх тыпаў і аб'екты, куды яны могуць патрапіць, а таксама адпраўляе паведамленні аб небяспецы на мабільныя тэлефоны грамадзян у канкрэтным раёне. Сістэма таксама разлічвае, колькі часу ёсць на пошук укрыцця.

Ужываннем ударных дронаў Расія, акрамя паражэння цэляў, прымушае ўкраінскую СПА выкрываць свае пазіцыі, распавёў спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат. Ён растлумачыў, што праца па БПЛА зенітнай ракетай паказвае, адкуль гэта баявая праца вялася. Пры гэтым Ігнат дадаў, што цяпер украінскія сілы знішчаюць 80% беспілотнікаў.

Што тычыцца прымянення балістычных ракет падчас сённяшняй начной атакі, то, па словах спікера УСУ, гэта інфармацыя ўдакладняецца. «Пагроза была, але фактаў прылётаў няма. Аднак не выключаецца, што маглі быць», — дадаў ён.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 4 траўня: асабовага складу — каля 192 590 (+650) чалавек ліквідавана.

Інфаграфіка GeneralStaff.ua за 4 траўня 2023 года

Інфаграфіка GeneralStaff.ua за 4 траўня 2023 года

Армія РФ па-ранейшаму засяроджвае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — украінцы адбілі 40 нападаў. Найбольш жорсткія баі вядуцца за Бахмут і Мар'інку, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.


Атака дронаў на Крэмль: Каму гэта было выгадна?

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што Расія інсцэніравала атаку на Крэмль, каб напярэдадні Дня Перамогі прадставіць вайну для расійскай унутранай аўдыторыі як экзістэнцыяльную, а таксама стварыць умовы для больш шырокай мабілізацыі. Аналітыкі адзначылі некалькі індыкатараў, якія паказваюць на тое, што ўдар па Крамлі быў арганізаваны РФ.

У прыватнасці, у ISW нагадалі, што расійскія ўлады нядаўна прынялі меры для ўзмацнення ўнутранай СПА, у тым ліку ў самой Маскве, таму вельмі малаверагодна, што два беспілотнікі маглі прарвацца праз шматлікія пласты СПА і падарвацца або быць збітымі прама над «сэрцам» Крамля такім чынам, каб можна было атрымаць эфектныя кадры.


Акрамя таго, эксперты звярнулі ўвагу на паслядоўную і скаардынаваную рэакцыю Масквы: Крэмль неадкладна абвінаваціў Украіну ў правядзенні тэрарыстычнай атакі, а расійская інфармацыйная прастора хутка згуртавалася вакол гэтага абвінавачвання. У ISW мяркуюць, што калі б атака беспілотніка была сапраўднай, афіцыйная рэакцыя РФ спачатку была б значна больш дэзарганізаванай.

У Мінабароны Вялікабрытаніі лічаць, што атака дронаў на Крэмль не дае Украіне ваеннай перавагі, піша «The Guardian» са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка абароннага ведамства. На ягоную думку, «усё магчыма», але Украіне гэта нявыгадна, да таго ж усе ведаюць, што Пуцін не застаецца ў Крамлі. «Усе матывы на самай справе ў Расіі — згуртаванне грамадскасці, падстава для больш хаатычных і безразважных абстрэлаў, спроба заваяваць сімпатыі Расіяй, а не Украінай», — адзначыў чыноўнік.

Дырэктар ЦРУ Уільям Бернс правёў закрыты брыфінг з нагоды выбухаў над Крамлём. Як паведаміў старшыня Камітэта па выведцы Сената ЗША сенатар Марк Уорнер, пакуль што няма ніякіх прыкмет таго, што за ўдарам беспілотніка па Маскве стаіць Украіна. На яго думку, няма нічога незвычайнага ў тым, што інфармацыі пра інцыдэнт няшмат, улічваючы, што атака адбылася нядаўна.

Паводле korrespondent.net, ВВС; Украінская служба РБУ, сацсетак