«Атакі ўкраінскіх дронаў» на Крэмль — інсцэніроўка РФ?
У Вашынгтоне скептычна ацэньваюць расійскую версію «атакі ўкраінскіх дронаў» на Крэмль.
Інстытут вывучэння вайны наўпрост называе гэту падзею, хутчэй за ўсё, інсцэніроўкай, зладжанай самім Крамлём. А крыніцы журналістаў у Пентагоне заявілі, што ўкраінскі бок іх загадзя не папярэджваў пра атаку дронаў на Крэмль.
Інстытут вывучэння вайны лічыць «атаку дронаў на Крэмль» інсцэніроўкай
Вашынгтонскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваім штодзённым бюлетэні падрабязна аналізуе тое, што Крэмль падае як атаку двух украінскіх дронаў, і робіць дастаткова ўпэўненую выснову, што гэта была інсцэніроўка. Ён прыводзіць некалькі аргументаў:
- Расійскія ўлады ў апошнія месяцы паслядоўна ўзмацнялі СПА вакол Масквы, так што малаверагодна, каб два беспілотнікі маглі прарвацца праз шмат слаёў супрацьпаветранай абароны.
- Калі б атака не была інсцэніравана, яна б стала для расійскіх улад сюрпрызам, і спачатку яны б прапаноўвалі тлумачэнні, якія супярэчаць адно аднаму. Менавіта так адбывалася пасля ваенных няўдач, такіх, як у Балаклеі і Херсоне, пішуць аналітыкі ISW.
- Замест гэтага Масква адразу прадставіла падрабязную справаздачу, і такая хуткая, зладжаная і скаардынаваная рэакцыя кажа пра тое, што «атака рыхтавалася знутры такім чынам, каб задуманыя палітычныя наступствы перавешвалі канфуз».
- Інсцэніруючы атаку на Крэмль, улада спрабавала паказаць расійскаму насельніцтву, што вайна блізка і ў ёй павінен удзельнічаць кожны. Інсцэніроўка таксама можа паслужыць падставай для адмены ці моцнага ўразання святочных мерапрыемстваў у Дзень Перамогі 9 траўня, што яшчэ больш узмоцніць у расіян адчуванне, што жыць па-ранейшаму немагчыма.
У ISW дапускаюць, што за гэтым могуць адбыцца і іншыя расійскія аперацыі пад чужым сцягам.
Крыніца ў Пентагоне: украінцы запэўніваюць, што гэта не яны
Карэспандэнтка «Fox News» па нацыянальнай бяспецы Джэніфер Грыфін пагаварыла са сваімі крыніцамі ў Пентагоне і цытуе іх словы ў Твітары так: «Нас загадзя не апавяшчалі пра ўдар дронаў па Крамлі. Украінцы запэўніваюць нас, што гэта былі не яны».
Афіцыйную пазіцыю Вашынгтона ў сераду выказаў намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартамента Ведант Патэл. Ён падкрэсліў, што Дзярждэпартамент пакуль не можа пацвердзіць сапраўднасць відэа выбухаў над Крамлём, а да любых заяў самога Крамля там ставяцца з крайнім скепсісам.
На пытанні журналістаў на брыфінгу аб тым, ці зможа Дзярждэпартамент выказацца аб сапраўднасці відэа больш дакладна ў будучыні, Патэл адказаў, што праца ў гэтым кірунку будзе працягнута.
Ён падкрэсліў, што ЗША працягнуць падтрымліваць Украіну і што ўкраінскія гарады не адзін раз падвяргаліся разбуральным нападам расійскіх дронаў. Пры гэтым Патэл заўважыў, што ЗША ніколі не падштурхоўвалі Украіну да нападаў на расійскую тэрыторыю і прытрымліваліся гэтай пазіцыі паслядоўна.
У Кіеве афіцыйна адмаўляюць сваё дачыненне да нападу дронаў на Крэмль. Там амаль заўсёды займаюць такую пазіцыю, калі адбываецца нейкая дыверсія на тэрыторыі Расіі, але ў Вашынгтоне не заўсёды схільныя верыць падобным заявам.
Найбольш яскравы прыклад тычыцца забойства прапагандысткі Дар'і Дугінай у жніўні мінулага года. Амерыканскія спецслужбы лічаць, што да гэтага была датычная як мінімум нейкая частка ўкраінскай дзяржавы. Кіеў гэта ўпарта адмаўляе.
Сцэнар украінскага ўдару па Крамлі абмяркоўваўся ў адным з дакументаў Пентагона, несанкцыянавана раскрытых у пачатку красавіка. Сапраўднасць гэтых дакументаў афіцыйна не пацверджана, але большасць з іх не ўтрымлівае прыкмет фальсіфікацыі.
Паводле ВВС