Крэмль заявіў, што сёння ўначы на Пуціна ў Крамлі пакушаліся дроны

Крэмль назваў меркаваную атаку дронаў на рэзідэнцыю Пуціна ў Крамлі «тэрактам і замахам на прэзідэнта».

Выбух у Крамлі. Скрын з відэа

Выбух у Крамлі. Скрын з відэа

Сёння ноччу Кіеў спрабаваў нанесці ўдар беспілотнікамі па крамлёўскай рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна. Прынамсі, пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля. Удар прыйшоўся па купале Крамля, дзе вісеў сцяг, піша sota.

Маскоўскія тэлеграм-каналы пісалі, што сёння, у ноч на 3 траўня, у раёне Крамля пачуліся два выбухі. Жыхары дома на набярэжнай таксама распавялі, што бачылі іскры ў небе.




Што вядома на гэты момант?

Два беспілотныя лятальныя апараты былі нацэлены на Крэмль, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Крамля. Кіраўніцтва РФ назвала атаку спланаванай тэрарыстычнай акцыяй і замахам на расійскага прэзідэнта.

«У выніку распачатых вайскоўцамі і адмысловымі службамі своечасовых дзеянняў з ужываннем сістэм радыёлакацыйнай барацьбы апараты былі выведзены са строю», — заявілі ў Крамлі.

У выніку атакі ніхто не пацярпеў, графік працы кіраўніка дзяржавы не змяніўся, піша РИА «Новости».




Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў РИА «Новости», што Пуціна не было ў Крамлі ў момант нападу ўкраінскіх беспілотнікаў, сёння ён працуе ў сваёй падмаскоўнай рэзідэнцыі ў Нова-Агарова.

Планы правесці парад на Краснай плошчы 9 мая застаюцца ў сіле, удакладніў прадстаўнік Крамля.

Масква расцаніла дзеянні Кіева як спланаваную тэрарыстычную акцыю і замах на прэзідэнта напярэдадні Дня Перамогі і парада 9 траўня. Расійскі бок заявіў, што пакідае за сабой права адказаць на гэты напад «дзе і калі палічыць патрэбным».

Мэр Сяргей Сабянін пасля інцыдэнту паведаміў, што ў Маскве з сённяшняга дня забаронены запуск усіх беспілотнікаў, акрамя тых, што выкарыстоўваюцца па рашэннях органаў улады.

Рашэнне прынята нібыта для таго, каб прадухіліць несанкцыянаванае выкарыстанне беспілотнікаў, якія могуць абцяжарыць працу праваахоўных органаў, заявіў мэр Масквы.