Кітай і Індыя ўпершыню назвалі Расію агрэсарам. Што здарылася?
Шэраг краін, уключаючы Кітай, Індыю і Бразілію, упершыню з пачатку вайны ва Украіне прагаласавалі за рэзалюцыю ААН, у якой РФ названа агрэсарам. Раней яны ўстрымліваліся па такіх пытаннях. Што здарылася і пры чым тут Беларусь?
![Фота з сайта businessinsider.com Фота з сайта businessinsider.com](/img/v1/images/626698aaf4e0c20019c14610.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сайта businessinsider.com
Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб супрацоўніцтве з Радай Еўропы. У гэтым дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца пра «беспрэцэдэнтныя выклікі, якія стаяць перад Еўропай пасля агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, а да гэтага супраць Грузіі».
Раптам за прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі Кітай, Індыя і Бразілія, якія раней у падобных сітуацыях аддавалі перавагу пазіцыі ўстрымання. Аналагічную пазіцыю занялі Турцыя, Казахстан і Арменія, заўважае «Салідарнасць».
Палітолаг Аляксандр Сайгін з гэтай нагоды заўважыў: «Я гляджу, у «лепшага расійскага дыпламата» чарговы паспяховы поспех здарыўся. Гэтак да наступнай рэзалюцыі мы можам Беларусь у ліку тых, хто ўстрымаўся, убачыць».
Дагэтуль крамлёўская прапаганда спрабавала сцвярджаць, што большая частка свету на баку РФ, таму што за рэзалюцыі, якія асуджаюць агрэсію, не галасуюць найбуйнейшыя па насельніцтве дзяржавы — Кітай і Індыя, а таксама яшчэ шэраг краін. Цяпер і гэты маніпулятыўны аргумент абвергнуты.
«Байцы ідэалагічнага фронту» замітусіліся ў пошуках тлумачэння таго, што здарылася. Член савета па знешняй і абароннай палітыцы РФ Сяргей Маркаў з інтэрвалам у 50 хвілін выдаў дзве версіі.
Першая: «Галоўная прычына — адсутнасць ваеннай перамогі арміі Расіі над кіеўскім рэжымам ужо больш за год... Кітай і іншыя краіны дапускаюць, што Расія можа дапусціць такія памылкі, якія могуць прывесці яе да паражэння. А ўсе хочуць быць з пераможцам».
Другая: «Кітай і Казахстан, і Турцыя галасавалі не супраць Расіі, а за супрацоўніцтва ААН і Рады Еўропы. А ў гэту рэзалюцыю заходнія краіны прыцягнулі пункт супраць Расіі. Як яны гэта робяць цяпер вельмі часта. Дыпламаты краін Незахаду ўжо, мабыць, стаміліся лавіць антырасійскіх «рэзалюцыйных блох» у шматлікіх рэзалюцыях. І махнулі тут рукой».
![Тышкевіч: Пуціну далі выспятка Тышкевіч пра галасаванне ў ААН: Пуцін атрымаў выспятка ад былых «саюзнікаў»](/img/v1/images/photo_2023_05_01_12_50_22.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Тым больш што гэта ўжо другі за тыдзень падарунак Маскве ад Пекіна. Першай стала тэлефонная размова паміж старшынёй КНР і прэзідэнтам Украіны. Расійскія прапагандысты з гэтай нагоды моцна засмуціліся. Бо Сі Цзіньпін дэ-факта прадэманстраваў, што лічыць Уладзіміра Зяленскага законным лідарам Украіны і, больш за тое, фігурай, з якой неабходна мець справу.
Магчыма, карэкціроўка пазіцыі Кітая звязана з раздражненнем, выкліканым дзеяннямі расійскага кіраўніцтва. Па выніках візіту Сі Цзіньпіна ў Маскву 21 сакавіка РФ і КНР выпусцілі сумесную заяву, важным мэсэджам якой з'яўлялася: «Усе ядзерныя дзяржавы не павінны размяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый».
А ўжо 25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў пра намер размясціць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі. Такое імклівае і грубае парушэнне публічна агучанага наўрад ці парадавала Кітай. Ды і астатніх таксама. Тэма распаўсюджвання зброі масавага знішчэння балючая нават для тых, хто назірае за вайной у Еўропе здалёк.
Рэзалюцыя аб супрацоўніцтве паміж ААН і Радай Еўропы, з якой, дарэчы, Расію раней выключылі, стала зручнай падставай для многіх, каб сказаць Крамлю сваё «фі». З аднаго боку, уварванне РФ ва Украіну не з'яўляецца асноўнай тэмай гэтага дакумента, а з другога, дзеянні Масквы недвухсэнсоўна называюцца агрэсіяй.
Такім чынам, Кітай, Індыя і іншыя дагэтуль «нейтральныя» краіны даюць зразумець, што ўстрымлівацца яны будуць не заўсёды. І калі Расія будзе працягваць у тым жа духу, то краіны, якія аддавалі перавагу статусу «над сутычкай», могуць зрабіць сваю пазіцыю больш жорсткай.