Азбука паліталогіі: Трэцяя фаза імперскага краху Расіі

Народная вайна — гэта калі кожны чалавек адчувае сваю датычнасць. На гэту стадыю «спецаперацыя Расіі ва Украіне» за год так і не выйшла.

«Трыста гадоў таму Расія была вымушана літаральна «прасякаць» праход у Еўропу — і цяпер вяртаецца ў дапятроўскія часы, ды яшчэ і ў вельмі няпростай унутранай сітуацыі». Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай

«Трыста гадоў таму Расія была вымушана літаральна «прасякаць» праход у Еўропу — і цяпер вяртаецца ў дапятроўскія часы, ды яшчэ і ў вельмі няпростай унутранай сітуацыі». Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай


Спецаперацыя, згодна з Вікіпедыяй, з’яўляецца формай аператыўных мерапрыемстваў. Ад звычайных ваенных аперацый яна адрозніваецца як мэтамі (разведка, сабатаж, падрыўная дзейнасць і да таго падобнае), так і метадамі, якія выкарыстоўваюцца (падвышаная сакрэтнасць і стоенасць). Ваенныя спецаперацыі праводзяцца сіламі спецыяльнага прызначэння (разведвальнымі, дыверсійнымі і гэтак далей).
Калі зыходзіць з прыведзенага ў Вікіпедыі азначэння, то «спецыяльную ваенную аперацыю Расіі ва Украіне» (СВА) варта прызнаць унікальнай. У якасці яе першапачатковых мэт агучваліся не разведка ці сабатаж, а захоп Кіева і змена ўлады ва Украіне за тры дні. Такі кароткі тэрмін, мабыць, варта прызнаць адзіным параметрам, які дазваляе разглядаць спецаперацыю ў якасці аператыўнага мерапрыемства.
Аднак жа, у поўнай адпаведнасці з прыказкай «няма нічога больш пастаяннага, чым часовае», 24 лютага 2023 года спецаперацыя адзначыла сваю першую гадавіну, што ніяк не адбілася на яе статусе. Любыя спробы публічна называць «вайной» ваеннае супрацьстаянне з Украінай, якое забрала сотні тысяч жыццяў, рашуча спыняюцца «нашай Расіяй». Аж да адкрыцця крымінальных спраў!
Між тым, з кожным днём становіцца ўсё цяжэй ігнараваць рэальнасць на фронце. Сігнал пра перагляд статусу СВА быў пададзены з Крамля 22 кастрычніка 2022 года. У ролі сігнальшчыка выступіла не якая-небудзь «шасцёрка», а першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Кірыенка.
Падчас выступлення на форуме класных кіраўнікоў ён разгаварыўся: «Расія заўсёды выйгравала любую вайну, калі яна станавілася народнай. Так было заўсёды. Мы абавязкова выйграем і гэту вайну: і «гарачую», і эканамічную, і тую самую псіхалагічную, інфармацыйную вайну, якая вядзецца супраць нас. Але для гэтага неабходна, каб гэта была менавіта народная вайна, каб кожны чалавек адчуваў сваю датычнасць».

«Не велька, але бардзо пажондна» кампанія


Што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку. Аргвысноў не было, але быкоў ад адказнасці за вымаўленне забароненага слова гэта не вызваліла. Тым не менш тэму народнай (Айчыннай) вайны пралангіраваць Крэмль не стаў, што дазволіла палітолагу Уладзіміру Пастухову канстатаваць фальстарт: «Прасцей за ўсё з вайной Айчыннай, якая існавала некаторы час толькі ва ўяўленні прасунутых крамлёўскіх піяршчыкаў і задзвінутых сектантаў з турба-патрыятычнага лагера. Цяпер нават там разумеюць, што Айчыннай гэту вайну можна зрабіць, толькі калі агрэць насельніцтва дубінай масавай мабілізацыі па галаве, але гэта можа мець свае наступствы».
Першая (вераснёўская) мабілізацыйная хваля чаканняў праціўнікаў спецаперацыі не апраўдала. Яна знізіла рэйтынгі расійскай улады на некалькі працэнтных пунктаў, але толькі часова. Не адрэагавала грамадская думка і на закон «Аб электронных позвах» у войска.
Аднак жа на ўсё свой час. Толькі дылетанты вераць ва ўсемагутнасць прапаганды і не разумеюць пры гэтым ступень інертнасці вялікіх сацыяльных сістэм. На практыцы ж нічога новага ў грамадскай думцы прапаганда стварыць не ў стане. Усё, на што яна здольная, — гэта ўзмацніць або аслабіць тэндэнцыі, якія сфарміраваліся пад уплывам аб’ектыўных прычын.
Напрыклад, любое аўтарытарнае / таталітарнае грамадства ва ўмовах «мадэрнізацыі, якая даганяе», балюча рэагуе на поспехі Захаду. Гэтым, у прыватнасці, тлумачыцца стварэнне ў 2001 годзе Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), якая аб’яднала прадстаўнікоў чатырох (!) цывілізацый: ісламскай, індуісцкай, далёкаўсходняй і праваслаўнай з цэнтрам у Расіі (калі згадзіцца з вызначэннем Арнольда Тойнбі).


Кампанія атрымалася, як кажуць у Польшчы, «не велька, але бардзо пажондна». Каму ў ёй выпаў гонар выконваць ролю пана ксяндза, каму пана гарадавога, а каму пані курвы — не мне меркаваць. Але стабільнасць любой кампаніі вызначаецца ступенню ўзаемнай згоды, якая, калі пагадзіцца з манцёрам Мечнікавым з «12 крэслаў» Ільфа і Пятрова, ёсць прадукт поўнага непраціўлення бакоў.
Такі тып згоды ў дадзеным выпадку і назіраецца. Гарантам яго стабільнасці выступае негатыўная рэакцыя на поспехі Захаду, але не толькі…
Важнай асаблівасцю краін-удзельніц ШАС з’яўляюцца выбары, якія не прадугледжваюць змены ўлады, г.зн. выбары без выбараў, што не адмяняе дэмакратычнай рыторыкі. Між тым дэмакратыя — «гэта сістэма, у якой цывілізаваным чынам праз выбары ўлада можа змяніцца, а людзі, якія знаходзіліся ва ўладзе, стаць апазіцыяй».
«А як жа Індыя і Пакістан?» — спытае ўважлівы чытач. Няма правіл без выключэння. Але «не расце бярозка побач з бананам». Дзе тая Індыя і дзе той Пакістан! Значна больш важна, што ні Беларусь, ні Расія на такі тып дэмакратыі не прэтэндуюць.

Ад краху да новага водападзелу


Тая падзея, што і праз год пасля старту ўсё яшчэ афіцыйна працягвае называцца «спецаперацыяй», кардынальна мяняе свет. З гэтым згодны ўсе. Спрэчкі вядуцца не з нагоды маштабу перамен, а наконт іх напрамкаў.
Паводле аднаго з папулярных пунктаў гледжання, Расію чакае трэцяя фаза імперскага краху (пасля развалу Савецкага блока і распаду Савецкага Саюза ў пачатку 1990-х гадоў). Радавацца ці сумаваць з нагоды такой перспектывы — справа густу, але цалкам адмаўляць гэту перспектыву было б неразумна, бо ўзмацненне суперніцтва паміж цэнтрам і рэгіёнамі ў Расіі відаць і няўзброеным вокам.
З «завяршэннем цэлай гістарычнай эпохі» згодны і ў Палацы Незалежнасці. Але яго гаспадар у якасці галоўнага выніку разглядае не крах Расіі, а фарміраванне новага «водападзелу паміж Усходам і Захадам». Што ж, і такая перспектыва мае шанец на рэалізацыю.
«Трыста гадоў таму Расія была вымушаная літаральна «прасякаць» праход у Еўропу — і цяпер вяртаецца ў дапятроўскія часы, ды яшчэ і ў вельмі няпростай унутранай сітуацыі», — нагадвае расійскі блогер Анатоль Несміян.
У развароту на 180 градусаў ёсць і аб’ектыўныя прычыны. Суб’ектыўныя на іх фоне можна і не разглядаць, хаця б з-за іх нязначнасці. Аднак гэта тэма для асобнага артыкула.